Хронікі рэпрэсій. Віктар Бабарыка знік з атрада ў калоніі, а Валерый Цапкала стаў «тэрарыстам»
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 12 траўня.
У Гродне затрыманы мінімум 6 чалавек. Пра гэта паведаміў блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал і апублікаваў відэа з затрыманымі.
Вядома, што сярод іх — былы акцёр тэатра лялек і шоумен Аляксандр Янджыеўскі. Паводле звестак праваабаронцаў, ён быў затрыманы пазаўчора. Сілавікі таксама паведамілі, што сярод затрыманых ёсць намеснік генеральнага дырэктара крамы «ГЕМА». Затрыманы таксама Андрэй Таўрэль і Валерый Паруліс.
* * *
12 траўня МУСпадрыхтавала традыцыйнае пятнічнае абнаўленне «Спісу грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Цяпер у ім 2800 чалавек. У спіс дададзены 30 чалавек. Сярод іх — «рэйкавыя партызаны» Уладзімір Аўрамцаў, Дзмітрый Клімаў і Яўген Мінкевіч і фігуранты «справы Аўтуховіча» Мікалай Аўтуховіч, Сяргей Разановіч, Любоў Разановіч, Павел Разановіч, Галіна Дэрбыш, Уладзімір Гундар, Вольга Маёрава, Ірына Мельхер, Антон Мельхер, Ірына Гарачкіна, Віктар Снягур і Павел Сава.
* * *
КДБ дадаў у тэрарыстычны спіс дзевяцярых чалавек. Узначаліў апдэйт спісу экс-кіраўнік ПВТ і прэтэндэнт у кандыдаты ў прэзідэнты Валерый Цапкала. Таксама ў спіс унесены Уладзімір Аўрамцаў, Дзмітрый Гудзееў, Максім Драбніца, Радзівон Качаткоў, Дзмітрый Клімаў, Сяргей Пляшкун, Юрый Сельвіч, Дзмітрый Удалееў. Цяпер у тэрарыстычным пераліку КДБ ужо больш за 300 беларусаў.
* * *
Сітуацыя з экс-прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта Віктарам Бабарыкам па-ранейшаму застаецца максімальна непразрыстай. Пасля трапляння ў бальніцу са слядамі фізічнага ўздзеяння яго месцазнаходжанне невядома. Паводле непацверджанай інфармацыі, палітвязень афіцыйна больш не лічыцца ў сваім атрадзе.
Актывісты ініцыятывы «Рабочы рух», якія першымі паведамілі пра шпіталізацыю палітзняволенага з калоніі ў бальніцу, напісалі, што палітык можа знаходзіцца ў турэмным шпіталі ў СІЗА на Валадарскага ў Мінску.
* * *
Гомельскі актывіст Ілля Міронаў арыштаваны на 10 сутак. Пра гэта паведаміла яго маці. Паводле яе слоў, Іллю Міронава судзілі падчас абеду. Напярэдадні раніцай Ілля адправіўся ў аддзяленне міліцыі на «прафілактычны допыт» — пасля гэтага быў затрыманы. Што яму паставілі ў віну, не паведамляецца.
* * *
На форуме ў Варшаве Святлана Ціханоўская прызналася, што ўжо 63 дні не атрымлівае ніякіх навін ад мужа-палітвязня.
Нагадаем, Сяргея затрымалі 29 траўня 2020 года — Ціханоўскі стаў першым палітвязнем з пачатку выбарчай кампаніі 2020 года. Пазней ён быў асуджаны на 18 гадоў пазбаўлення волі. У лютым Ціханоўскаму былі прысуджаны яшчэ паўтара года пазбаўлення волі — яго абвінавацілі паводле ч.1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»).
* * *
Выкладчыцы з Віцебска прысудзілі велізарны штраф. Педагога Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Таццяну Макляцову разам з яшчэ некалькімі калегамі затрымалі 29 красавіка. Трое сутак яна правяла ў ІЧУ і была адпушчана да суда.
Пакуль суд адбыўся толькі над ёй. За падпіскі на два «экстрэмісцкія» рэсурсы ў Facebook і аватарку выкладчыцу аштрафавалі на 60 базавых адзінак (2200 рублёў), паведамляюць праваабаронцы.
* * *
Валянціне Болбат з Верхнядзвінска далі 30 сутак арышту. Суд над грамадскай актывісткай адбыўся 10 траўня, судовае пасяджэнне вяла суддзя Верхнядзвінскага суда Людміла Каваленка.
Валянціну Болбат судзілі па двух артыкулах — ч.2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць») і ч.1 арт. 24.34 («Парушэнне парадку правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання, іншага масавага мерапрыемства»).
Гэта ўжо пяты суд над грамадскай актывісткай з Верхнядзвінска, якую затрымалі ў канцы красавіка. Агульная сума штрафаў, прысуджаных грамадскай актывістцы, ужо складае больш за 4 тысячы рублёў.
* * *
У Мінскім гарадскім судзе дзяржабвінавачанне запрасіла 4 гады калоніі былому інкасатару «Белгазпрамбанка» і экс-спецназаўцу Яну Папковічу. Папковіча абвінавачваюць у грубым парушэнні парадку (артыкул 342 КК) і падрыхтоўцы да ўдзелу ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы (артыкулы 13 і 363-1 КК). Судзіць яго пачалі 10 траўня.
Папковіч віны ў судзе не прызнаў. Адзін са сведак на судзе заявіў, што «на яго аказвалі ціск і ён падпісваў усё, што скажуць». Сярод пісьмовых доказаў у судзе дэманстравалі перапіску Папковіча з сябрамі, якія, як сцвярджалася, служаць у палку Каліноўскага.
Ян Папковіч звольніўся з банка ў жніўні 2022 года і збіраўся з'язджаць з сям'ёй у Польшчу, аднак 2 верасня сілавікі прыйшлі да яго дадому з ператрусам. Былога спецназаўца затрымалі разам з жонкай Настай, якую пазней адпусцілі.
Пры затрыманні Ян быў моцна збіты. Акрамя таго, сілавікі паранілі сабаку сям'і.
У кастрычніку мінулага года па дзяржканале БТ паказалі сюжэт пра Яна Папковіча. Там яго назвалі «наймітам, які рыхтаваўся ехаць ваяваць ва Украіну ў складзе бандфарміравання».
Адначасова з Янам Папковічам затрымалі і ягонага брата Алеся, яго ўжо асудзілі да двух гадоў калоніі.
* * *
У пачатку траўня палітзняволеную Алену Гнаук перавялі ў СІЗА-3. Жанчына піша, што яна ў норме, здароўе таксама. У камеры 6 чалавек. Алена там самая старэйшая, яе добра прынялі. Ёй удалося атаварыцца.
«Яна ў пастаяннай малітве і перадае ўсім прывітанне», — напісана ў інстаграме палітзняволенай.
28 красавіка Алену Гнаук асудзілі па трэцяй крымінальнай справе за год калоніі за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай калоніі». Канчатковы тэрмін пакарання складае 4 гады і 6 месяцаў зняволення.