Супраць 65-гадовай палітзняволенай Алены Гнаук завялі новую крымінальную справу

Супраць палітзняволенай Алены Гнаук завялі новую справу за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі». Пра гэта паведамляюць праваабаронцы.

alena_hnauk_1_logo_1_1_1.jpg

Палітзняволеную актывістку з Пружанаў Алену Гнаук 15 жніўня мінулага года перавялі ў папраўчую калонію № 4. Нядаўна жанчыну змясцілі ў ПКТ да 24 лютага. Акрамя гэтага, яе пазбавілі амаль усіх перадач, званкоў, спатканняў і скарацілі атаварку з трох базавых велічынь да адной (37 рублёў).

Цяпер стала вядома, што па ініцыятыве адміністрацыі гомельскай калоніі супраць Алены распачалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі»). Гэта тыповы крымінальны артыкул, з дапамогай якога рэжым амаль аўтаматычна падаўжае тэрміны зняволення для нескароных палітвязняў.

У жніўні, неўзабаве пасля прыбыцця ў гомельскую калонію, Алена Гнаук даслала родным першы ліст. У ім яна распавяла пра ўмовы адбыцця пакарання.

Паводле яе слоў, усяго ў жаночай калоніі №4 1200-1300 асуджаных: 20 атрадаў па 24-60 чалавек, у адным — адразу 90 чалавек. Алена распавяла, што ў атрадзе 50 новых чалавек, якія праходзяць, як і яна, каранцін у два тыдні.

«Кажа, што там вельмі прыгожа, на турму не падобна. Настрой у Алены Пятроўны бадзёры, здароўе ў норме. Перадае ўсім вітанкі! Алена атрымлівала ў СІЗА Баранавічаў шмат пасылак, што яе вельмі натхняла», — расказалі тады родныя.

65-гадовую актывістку Алену Гнаук асудзілі летась, 17 чэрвеня, на тры з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і да штрафу ў 3200 рублёў. За восеньскія пасты ў 2021 годзе ў Facebook і Instagram пра курдскія сем’і і становішча мігрантаў у Беларусі яе прызналі вінаватай па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 367 («Паклёп на Лукашэнку») і арт. 369-1 («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»).

З 2020 года Алену Гнаук мэтанакіравана пераследавалі: затрымлівалі і арыштоўвалі па адміністрацыйных артыкулах 17 разоў, штрафавалі агулам на 173 базавыя велічыні, дома праводзілі ператрусы, асудзілі па «справе карагодаў» і за абразу Лукашэнкі па крымінальных артыкулах.