Журналіст-палітвязень можа застацца без лекаў — іх яму папросту не аддаюць
Сяргей Сацук мусіць прымаць лекі ад сэрца пажыццёва. Без іх пачынаюцца сардэчныя збоі. Палітвязень перажыў ужо як мінімум адзін прыступ. Пасылку з лекамі перадалі — але вязень яе не атрымаў.
Аляксандр Сацук распавёў “Народнай Волі” пра апошнія навіны ад брата-палітвязня.
Сяргея Сацука ўжо этапіравалі ў магілёўскую турму №4, хаця апеляцыйная скарга пакуль не разгледжана. Як вядома, адвакат напісаў апеляцыю на некалькі старонак, але Сяргей вырашыў яе самастойна дапоўніць і атрымалася 85 старонак. Разгляд апеляцыйнай скаргі ў Вярхоўным судзе прызначаны на 10 лютага.
— На гэтым тыдні брат даслаў паведамленне, у якім распавёў, што мае вялікія праблемы з лекамі — на момант напісання ліста ў яго засталася ўсяго адна таблетка, — кажа Аляксандр Сацук. — Напісаў, што падзеліць яе на два дні, а далей нават і не ведае, як будзе абыходзіцца без лекаў.
— Іх Сяргею неабходна прымаць рэгулярна?
— У брата сардэчнае захворванне, і яму трэба штодзень раніцай і вечарам прымаць адмысловыя таблеткі. Пры гэтым прапісалі прыём лекаў не на тыдзень ці месяц, а пажыццёва. Ён ужо гэтыя таблеткі каля пяці гадоў ужывае, калі не больш.
Калі не прымаеш, пачынаюцца сардэчныя збоі. Сяргей неяк пісаў, што ў яго ўжо быў адзін не вельмі моцны прыступ, і дзякуй Богу, што ўсё добра закончылася. Але я нават і ўявіць не магу, што можа здарыцца, калі, не дай Бог, брат застанецца наогул без лекаў.
— Як дайшло да такой сітуацыі?
— Усе неабходныя лекі мы перадалі Сяргею ў пасылцы, яны ёсць у турме. Пытанне ў тым: чаму не аддаюць? Прычыну адмовы, наколькі вядома, ніхто не тлумачыць, хаця Сяргей напісаў, што будзе дабівацца, каб таблеткі яму аддалі.
Асабіста я наогул не разумею, у чым тут праблема. Кваліфікаваныя кардыёлагі пасля абследавання прызначылі лекі, чалавеку іх неабходна рэгулярна прымаць, таблеткі перадалі. Чаму іх не аддаюць? Хто-небудзь адкажа на гэтае пытанне?
— Што Сяргей яшчэ напісаў у лісце?
— Больш нічога асаблівага. Паведаміў, што пераводзяць з адной камеры ў другую, здаецца, ужо змяніў пяць ці шэсць камер. І, натуральна, чакае разгляду апеляцыйнай скаргі.
Нагадаем: Сяргей Сацук — галоўны рэдактар заблакаванага інтэрнэт-партала «Ежедневник», аўтар рэзанансных расследаванняў пра факты карупцыі ў дзяржаўнай сістэме.
Яго затрымалі 8 снежня 2021 года. У той жа дзень дома ў яго адбыўся ператрус, а доступ да сайта «Ежедневника», дзе Сацук публікаваў свае журналісцкія расследаванні, быў заблакіраваны.
Сяргея вінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: «атрыманне хабару» (арт.430), «распальванне варожасці» (арт.130), «перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў» (арт.426).
У выніку Сяргей Сацук асуджаны на 8 гадоў зняволення з адбыццём пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Таксама журналісту прызначаны штраф у памеры 500 базавых велічынь (16 тысяч беларускіх рублёў). Ён пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на тэрмін 5 гадоў. Акрамя таго, суд вырашыў спагнаць з абвінавачанага ў даход дзяржавы грашовую суму ў памеры 12.384 беларускіх рублёў.