Адваката-палітвязня Віталя Брагінца асудзілі да 8 гадоў калоніі
У Мінскім гарадскім судзе 2 лютага агучылі прысуд палітзняволенаму адвакату Віталю Брагінцу — восем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, паведамляюць праваабаронцы.
Адваката абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый), ч.1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел ў ім) і ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Справу два тыдні ў закрытым рэжыме разглядала суддзя Алена Ананіч. Дзяржаўнае абвінавачванне падтрымліваў пракурор Лізюк.
Віталя затрымалі 23 траўня 2022 года і двойчы запар арыштавалі на 15 сутак. Праз арышт ён не змог патрапіць на суд свайго падабароннага адваката Андрэя Мачалава. Як распавялі праваабаронцам яго сукамернікі, у Брагінца знайшлі фота з акцый пратэсту, але яго самога на іх не было, таму не ведалі, што яму інкрымінаваць.
Вось, што распавядаў адзін з сукамернікаў Брагінца ў ІЧУ на Акрэсціна ў чэрвені 2022 года: "Віталь малайчына, трымаўся бадзёра. Ён ніколі нікому не адмаўляў у кансультацыі на месцы. Але ён таксама амаль страціў голас ад хваробы. Віталь распавядаў, як абсурдна яго арыштавалі: проста перад тым, як яму трэба было ехаць да кліента. Здаецца, гэта быў КДБ і мусіў ехаць у СІЗА КДБ. У дзень вызвалення яго забралі зранку з камеры. А выходзіць яму трэба было пасля абеду. Мы зразумелі, што гэта нядобры знак".
У выніку, Віталю адразу прад'явілі абвінавачванне па арт. 342 Крымінальнага кодэкса, але канчатковае абвінавачванне пашырылася ажно да чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса.
9 верасня 2022 года МУС прызнаў "экстрэмісцкім фармаваннем" Telegram-чат "Беларускiя Адвакаты".
Віталь Брагінец абараняў некаторых палітвязняў, у тым ліку старшыню Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага, а таксама адваката Андрэя Мачалава, які на судзе застаўся без абароны праз арышт Віталя.
2 лютага агучылі прысуд адвакату — восем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму:
па ч. 1 арт. 361-1 КК — 4 гады калоніі;
па ч. 3 арт. 130 КК — 7 гадоў калоніі;
па ч. 3 арт. 361 КК — 5 гадоў калоніі;
па ч. 1 арт. 342 КК — 1 год калоніі.
Па сукупнасці Віталю прызначылі восем гадоў калоніі.
У Віталя Брагінца таксама канфіскавалі ноўтбук і планшэт, а сім-карту пастанавілі знішчыць. Шэсць мабільных тэлефонаў розных людзей — перадаць уладальнікам.