Вадзім Мажэйка: Мэтай перамоў з Лукашэнкам павінен быць транзіт улады

Палітычны аналітык, каардынатар экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзім Мажэйка разважае на «Св*бодзе» пра тое, ці варта весці перамовы з Лукашэнкам і ці магчымае вяртанне ў 2020 год.

Вадзім Мажэйка. Фота: facebook.com/vadimmojeiko

Вадзім Мажэйка. Фота: facebook.com/vadimmojeiko


Тыдзень таму Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Украіна прапанавала яму заключыць пакт аб ненападзе. Украінскія палітыкі адхрысціліся ад такіх заяў, але аналітыкі мяркуюць, што яны цалкам могуць мець пад сабой рэальную глебу. Палітычны аналітык «Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў» Вадзім Мажэйка ў дыскусіі на «РС» з грамадскім дзеячам Іванам Краўцовым ацэньвае магчымасці дыялогу ўкраінскіх улад і рэжыму Лукашэнкі і перспектывы ўступлення Беларусі ў адкрытую вайну з Украінай.

Пакт ёсць ці яго няма?

Калі пад пактам мець на ўвазе падпісанае бакамі міждзяржаўнае пагадненне, кшталту пакта Молатава- Рыбентропа, то такой паперы, напэўна, не існуе. Але ці былі перамовы паміж бакамі? Хутчэй за ўсё, так. Украінская палітычная прастора вельмі фрагментаваная, там ёсць розныя гульцы.

Ці могуць беларускай уладзе закідвацца такія прапановы праз нейкіх украінскіх палітыкаў? Так, гэта магчыма. Наколькі такія захады адносна беларускай улады прыстойныя, ва Украіне зараз такімі пытаннямі не задаюцца і кіруюцца прынцыпам «рабі ўсё, што можа дапамагчы». Ці надта Украіна разлічвае на такія дамоўленасці? Напэўна, не. Ці хоча скарыстацца такой магчымасцю? Напэўна, так.


Супярэчнасць не ў тым, ці кепска было б, калі б беларускае войска пайшло ваяваць з украінцамі. Зразумела, гэта было б кепска. Але пытанне ў тым, на што можна пайсці, каб вырашыць чарговы крызіс, у які рэжым Лукашэнкі ўцягнуў Беларусь.

Ён іх генерыруе адзін за адным. Спачатку мы думаем пра тое, як спыніць гвалт на вуліцах. Потым — як вызваліць палітзняволеных. Далей — як спыніць міграцыйны крызіс. Цяпер — як не дапусціць яшчэ большага ўцягвання Беларусі ў вайну.

Рэжым кожны раз зацікаўлены ў тым, каб мы забылі ўсё, што было раней, і займаліся цяперашняй праблемай. Лукашэнка не ўтойваў, што ён арганізаваў міграцыйны крызіс, каб яму патэлефанавалі з Захаду і прызналі яго суб'ектнасць.

Цалкам усіх сваіх мэт ён не дасягнуў, але нечага дамогся. Гэтаксама і цяпер тое ж пытанне — і з вайной, і з вызваленнем палітвязняў: ці на ўсё мы гатовыя, каб вырашыць канкрэтную праблему? Ці окей нам, каб Лукашэнка застаўся кіраўніком дзяржавы яшчэ на 20 гадоў, але каб выйшлі на свабоду ўсе палітвязні? Ці окей нам, каб нават засталіся за кратамі палітвязні, але беларускае войска не паслалі на вайну? Стварэннем такіх праблем рэжым увесь час займаецца, і даволі паспяхова.

Другі момант (і гэта сапраўды пытанне): ці падвышаюць дамоўленасці з Лукашэнкам, хай і нефармальныя, шанцы на тое, што беларускае войска не кінуць у бой? Калі нават на гэта нехта разлічвае, неабавязкова, што так яно і спрацуе.

Лукашэнку карысны любы варыянт. Калі беларускія войскі не пойдуць на вайну, ён скажа, што гэта дзякуючы яму. Калі пойдуць, то, значыць, ён парушыў, што абяцаў. Дык не ўпершыню. Ці гарантуюць нешта такія дамоўленасці? У мяне сумневы.

І трэці момант — мэты Кіева. Як выказаўся ў інтэрв'ю «Св*бодзе» Андрэй Казакевіч, мэтай Украіны можа быць унясенне расколу паміж Лукашэнкам і Пуціным.


Легітымізацыя Лукашэнкі і прызнанне яго суб'ектнасці

Лічу канспіралогіяй меркаванні, што ўсё залежыць ад волі Лукашэнкі: хоча адправіць войскі на вайну — адпраўляе, не хоча — не адпраўляе. Ёсць і іншыя фактары. Калі б 99% беларусаў, паводле апытанняў «Chatham House», былі за ўдзел беларускага войска ў вайне, была б іншая сітуацыя. Але яны пераважнай большасцю супраць.

Ёсць пытанні баяздольнасці беларускага войска. Ёсць і іншыя прычыны, акрамя волі Лукашэнкі, чаму яго не пасылаюць на вайну.

Перамовы з Лукашэнкам маюць шматлікія пабочныя наступствы. Ці знізяць яны імавернасць уступлення беларускага войска ў вайну? Гэта невідавочна, але відавочная легітымізацыя Лукашэнкі, прызнанне яго суб'ектнасці, а не кагосьці іншага.

Ці магчымае вяртанне да стану да 2020 года?

Я лічу, што ў адну раку нельга ўвайсці двойчы, што мы не вернемся ў 2015 год і не пройдзем наноў шлях паміж 2015 і 2019 гадамі.

Вярнуцца ў 2020-ты таксама немагчыма. Калі хтосьці мяркуе, што Украіна пераможа і мы адразу знясём Лукашэнку — гэта шапказакідальніцтва. Я згодны, што пасля перамогі Украіны варта весці перамовы з рэжымам. Але перамовы вядуць пра рознае, пра капітуляцыю ў тым ліку.

Мэтай перамоў павінна быць не патрабаванне, каб людзей не білі, і не вяртанне ў 2015 год, а транзіт улады.

Бо інакш сёння біць на вуліцах не будуць, а заўтра — будуць. Пры захаванні гэтага рэжыму. Сёння вызваляць адных палітвязняў, заўтра набяруць новых. Мэта — кардынальныя змены.


Мы ж гэтага і хацелі. У якім 2019-м ці 2015-м спадар Бабарыка сядзеў ва ўтульным офісе, спрыяў еўрапеізацыі, людзей не білі і палітвязняў не было. Але гэтага недастаткова.

Шмат што залежыць ад перамогі Украіны і змены сітуацыі ў Расіі. Калі Лукашэнка — суб'ект і мы не ў Мінску, а ў эміграцыі, шмат у чым гэта вынік суб'ектнасці Пуціна, які ў жніўні-верасні 2020-га падтрымаў Лукашэнку. Калі б Пуцін гэтую сваю суб'ектнасць тады не праявіў, сітуацыя магла б павярнуцца інакш.