Вячорка: Ніякага пакта з Лукашэнкам быць не можа

Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка лічыць, што ўвод беларускіх войскаў ва Украіну не выгадны ні Лукашэнку, ні Пуціну.

Ілюстрацыйнае фота НЧ

Ілюстрацыйнае фота НЧ

— Пакт аб ненападзе, які агучыў Лукашэнка — гэта чарговая фантазія Лукашэнкі, — заявіў дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў інтэрв'ю ўкраінскаму «Radio NV». — Яму б вельмі хацелася выйсці з гэтай сітуацыі сухім, ён не хоча тануць услед за расійскім караблём. Таму ён паспрабуе як-небудзь прыдумаць для сябе чарговыя шляхі для сыходу ад адказнасці. Пакт аб ненападзе — гэта такая спроба прадаць беларускаму народу, а перш за ўсё — украінскаму, маўляў, Лукашэнка не суагрэсар, не вораг, не злачынец, а ён такі міратворац.

Ясна, што ніякага пакта з ім не можа быць, пакуль ён дазваляе размяшчаць расійскія войскі на беларускай тэрыторыі, трэніраваць іх, каб потым бамбіць украінскія гарады і вёскі. І аніводнага пакта, аніякіх умоў з ім не можа быць заключана толькі таму, што ён незаконны, нелегітымны. У 2020 годзе ён прайграў выбары і цяпер утрымлівае ўладу крымінальным чынам з парушэннем беларускай Канстытуцыі і міжнародных нормаў.

Расія хоча трымаць Лукашэнку наколькі гэта магчыма. Гэты статус выгадны і Лукашэнку, і Пуціну. Ці хоча Лукашэнка ўвядзення беларускіх войскаў ва Украіну? Я думаю, што не, таму што гэта адразу абернецца для яго трагічна. Ці Расія хоча ўводу беларускіх войскаў ва Украіну? Я думаю, што таксама не, таму што гэта не зменіць сітуацыю на фронце, але створыць шмат праблем і Лукашэнку, і Пуціну.


Ім цяпер выгадна выкарыстоўваць Беларусь у якасці такога вялікага барака для трэніроўкі сваіх войскаў, для рамонту сваёй тэхнікі, для стварэння пастаяннага ціску на Украіну, каб адцягнуць украінскія ўзброеныя сілы ад усходу, дзе ідуць сапраўдныя баявыя дзеянні.

А гэтая тысяча кіламетраў агульнай мяжы паміж Украінай і Беларуссю расцягвае ўсе гэтыя сілы. І гэтыя ўсе ўкіды, што сёння пачнецца напад ці заўтра, у першую чаргу пераследуюць інфармацыйныя мэты. Мы бачым, што Расія фінансава падтрымлівае Лукашэнку, дазваляе яму абыходзіць санкцыі Захаду, таму трэба вельмі хутка закрываць шчыліны. І таксама Расія адтэрмінавала выплату лукашэнкаўскай запазычанасці.

Ён павінен выплачваць мільярды долараў у 2023 годзе, Расіея адтэрмінавала гэта да 2028-2033 гадоў. Амаль на 10 гадоў Лукашэнку далі карт-бланш, каб ён мог неяк утрымаць сваю ўладу, накарміць сваіх памагатых, свае ўзброеныя сілы і выконваць ролю такой буфернай зоны паміж краінамі NATO і Расіяй.

Лукашэнка цяпер прадае такую ідэю, што дзякуючы яму вайна не прыйшла ў Беларусь, і гэта ўтрымлівае апарат ад уцёкаў, ад сабатажу. Як толькі будзе зменены статус-кво, адразу пачнуць уцякаць. Такія ж блізкія да Лукашэнкі людзі. Мы гэта памятаем у лютым: за два гады не было столькі пераходаў на наш бок, столькі кантактаў з прадстаўнікамі рэжыму і сілавікамі, як пасля пачатку вайны. Людзі ўбачылі, што Лукашэнка залучае Беларусь у вайну, і пачалі хутка шукаць сабе шляхі адыходу.

Лукашэнка гэта памятае, таму цяпер спрабуе супакоіць Беларусь, маўляў, усё будзе добра, Украіна нам вораг, але ўсё будзе добра, я ва ўладзе, таму беларускія войскі не пойдуць. Але мы ведаем, што Лукашэнка не вырашае гэта, гэта будзе вырашаць Расія. У першую чаргу, калі Пуцін загадае, у Лукашэнкі не будзе шмат выбару. Адносна абстрэлаў у адказ: я думаю, што гэта да ўсіх ўжо дайшло. Зараз знаходзіцца на мяжы з Украінай брэсцкая брыгада, якая трапіла пад абстрэлы.

Любое ўмяшанне беларускіх войскаў — і адразу ўся стабільнасць, увесь картачны дом лукашэнкаўскага рэжыму разваліцца на вачах. Нават не праз тыдні або месяцы, а праз гадзіны. І гэты страх у Лукашэнку жыве, ён гэта разумее і таму цяпер паміж кроплямі дажджу паспрабуе неяк балансаваць, манеўраваць і адыходзіць.


Цяпер у Беларусі каля 12 тысяч расійскіх вайскоўцаў, якія знаходзяцца на трэніроўцы  — у асноўным гэта мабілізаваныя з Расіі на працягу апошніх двух-трох месяцаў. Некаторыя ўжо прайшлі гэтыя трэнінгі, гэтыя вучэнні і паехалі на фронт, на мяжу з Луганскай вобласцю, у асноўным, або на акупаваную тэрыторыю. Але яны з'язджаюць без абсталявання, недастаткова трэніраваныя, іх проста пасылаюць на вайну як мяса. Ужо прыбываюць новыя мабілізаваныя. Як правіла, расійскіх вайскоўцаў трымаюць асобна ад беларускіх, таму што расійцы не давяраюць ні беларускім афіцэрам, ні салдатам наогул.

Міф, што беларуская армія цалкам падтрымлівае расійскую — гэта не зусім так. Яны выкарыстоўваюць інфраструктуру, тэхніку, аэрадромы, рамонтныя заводы, але беларусы гэта не падтрымліваюць. Таксама з Беларусі вывезлі мінімум, гэта даныя пацверджаныя, 200 адзінак браняванай тэхнікі, у тым ліку танкі, каля 110-120 адзінак. Вывезлі шмат ракет, якімі ўжо адстралялі расійцы па Украіне з розных тэрыторый. Запускаў з беларускай тэрыторыі з 6 кастрычніка не было. У тым ліку таму, што няма чым страляць, няма каму страляць. Але гэта не значыць, што запуск не адбудзецца.


Яшчэ шмат расійскіх самалётаў МіГ ёсць на беларускай тэрыторыі: яны прылятаюць, злятаюць, трэніруюцца. Што змянілася? Яны пераабсталявалі частку МіГаў на нясенне «Кінжала» і магчымае прымяненне гэтых «Кінжалаў». Мы не ведаем, колькі «Кінжалаў» ёсць у іх у баявым стане, гатовых да выкарыстання, але ёсць такая рызыка. Каб назапасіць дастаткова ўплыву, каб весці якую-небудзь наземную аперацыю, трэба два-тры месяцы мінімум.

Гэта не пытанне сённяшняга дня. Калі б яны цяпер пачалі назапашваць, то толькі да сакавіка або красавіка было б дастаткова сіл. Але Украіна значна лепш падрыхтаваная, беларускія партызаны значна лепш падрыхтаваныя. Таму, калі такая спроба будзе адбывацца, супраціў будзе значна большым, чым гэта было на пачатку вайны.