Хронікі рэпрэсій за 1 лютага: новая справа Ціханоўскага і выдаленыя ТГ-каналы ГУБАЗіКа
Апошнія навіны пра пераслед у Беларусі.
Стала вядома дата новага суда над палітвязнем Сяргеем Ціханоўскім — на яго завялі яшчэ адну крымінальную справу за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі турмы» і пачнуць судзіць 14 лютага. Паводле версіі следства, Ціханоўскі «сістэматычна дапускаў непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, правакаваў канфлікты, у тым ліку з сукамернікамі. За гэта неаднаразова падвяргаўся спагнанням».
Затрыманы старэйшына баптысцкай царквы Андрэй Мамойка і яго жонка Вера, якіх абвінавачваюць у «дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Цяпер сямейная пара знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна. На іх заведзена крымінальная справа.
Польская фірма скасавала працоўныя адносіны з дальнабойшчыкам-правакатарам з Мазыра Юрыем Комарам, пасля гутарак з якім затрымлівалі беларусаў. З 24 лістапада мінулага года ў сваім канале «бела рос» на YouTube Юрый Комар пачаў выкладваць аднастайныя відэа, запісаныя падчас зносін у папулярным сэрвісе «Чат-рулетка». Ён размаўляў з выпадковымі беларусамі — выдаваў сябе за ўкраінца і імкнуўся справакаваць на выказванні, якія могуць стварыць людзям праблемы з уладамі.
Затрымалі чатырох работнікаў «Гомельтранснафта Дружба». Як паведаміла крыніца рэсурсу «Фл*гшток», знаёмая з сітуацыяй, прычынай сённяшніх затрыманняў стала наведванне работнікамі прадпрыемства з працоўных камп'ютараў інтэрнэт-рэсурсаў, якія рэжым Лукашэнкі прызнаў «экстрэмісцкімі».
Як стала вядома праваабаронцам, 16 студзеня палітвязня Алега Нічыпорку асудзілі па новай крымінальнай справе — яму дадалі паўгода калоніі па арт. 341 і ч. 2 арт. 205 Крымінальнага кодэкса. Агулам палітзняволены адседзіць за кратамі 4 гады.
Стрыечнага брата палітыка Паўла Латушкі Анатоля нядаўна этапавалі ў наваполацкую калонію № 1. 20 верасня 2022 яму прысудзілі 6 гадоў зняволення.
Гродзенскаму журналісту і культурнаму дзеячу Паўлу Мажэйку падоўжылі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на адзін месяц, хаця 31 студзеня яго павінны былі вызваліць.
Telegram выдаліў каналы, звязаныя з ГУБАЗіКам, паведамляюць праваабаронцы. Менавіта на гэтых каналах публікавалі «пакаяльныя» відэа, дзе людзі вымушана прызнаваліся ва ўдзеле ў пратэстах, падпісцы на «экстрэмісцкія медыя», агучвалі свае заробкі. Там жа публікавалі фота разгромленых кватэр тых, хто з'ехалі за мяжу, пагрозы і абразы.
Паводле звестак праваабаронцаў «В*сны», на дадзены момант у Беларусі налічваецца 1435 палітычных зняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1703 чалавекі, сярод якіх 189 жанчын і 6 непаўнагадовых. 13 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.