Дальнабойнік-правакатар з чат-рулеткі звольнены з польскай фірмы
Польская фірма скасавала працоўныя стасункі з дальнабойнікам-правакатарам з Мазыра, пасля гутарак з якім затрымлівалі беларусаў, паведамляе «Люстэрка».
Польская фірма AZONIK SP.ZP.O.O. скасавала працоўныя стасункі з дальнабойшчыкам-правакатарам з Мазыра Юрыем Комарам. Вядома, што пасля гутарак з якім у сэрвісе «чат-рулетка» затрымлівалі беларусаў. Пра гэта паведаміў адзін з праўладных тэлеграм-каналаў.
Раней аб'яднанне былых беларускіх сілавікоў паведаміла, што Юрый Комар працуе ў фірме, якая зарэгістраваная ў Беластоку, і ажыццяўляе грузаперавозкі з Кітая, Расіі і беларусі ў краіны Еўрапейскага саюза. Доляй у статутным фондзе фірмы валодае вядомы як у Беларусі, так і ў Расіі бізнэсовец, а таксама іншыя грамадзяне РФ.
Пасля таго, як інфармацыя аб працы Юрыя трапіла ў сетку, яго працадаўца скасаваў з ім працоўныя адносіны. Праўладны тэлеграм-канал паабяцаў паспрыяць з працаўладкаваннем Юрыя ў Беларусі і »маляваць яму зорачку на фуры" за кожнага пасаджанага беларуса. Гэты запіс дальнабойнік размясціў у свой тэлеграм-канал.
— Мне давялося звольніцца, — сказаў Юрый у стрыме 1 лютага, пры гэтым ён падкрэсліў, што не лічыць сябе правакатарам. Ён таксама адзначыў, што з ім ужо звязваліся людзі «з усіх частак свету», якія прапаноўвалі яму сваю дапамогу.
Нагадаем, з 24 лістапада мінулага года ў сваім канале «бела рос» у YouTube Юрый Комар пачаў выкладваць аднастайныя відэа, запісаныя падчас зносін у папулярным сэрвісе «Чат-рулетка». Ён размаўляў з выпадковымі беларусамі — выдаваў сябе за ўкраінца і імкнуўся справакаваць іх на выказванні, якія могуць стварыць людзям праблемы з уладамі.
Звычайна ў размовах, выкладзеных у сеціве, мазыранін спрабуе схіліць сваіх суразмоўцаў да крытыкі дзеянняў беларускіх уладаў, абразы ў адрас Лукашэнкі, ухвалення дзеянняў Украіны, УСУ, «рэйкавых партызан» і беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаюцца на баку Кіева. Яго відэа прыцягнулі ўвагу праўладных прапагандысцкіх рэсурсаў і сілавікоў (ці ён сам прапанаваў ім супрацоўніцтва).
Да гэтага моманту вядома пра затрыманне не менш за шэсць суразмоўцаў правакатара з апублікаваных ім відэа. Адзін з іх пры затрыманні быў збіты, іншых прымусілі запісаць «пакаянныя» відэа.
Так, напрыклад, вядома, што з-за Комара ГУБАЗіК затрымаў 18-гадовага студэнта Інстытуту бізнеса БДУ Даніілу Гомана. Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, у чат-рулетцы хлопец сказаў, што нібыта яго прадзед спальваў Хатынь.
Затрыманы таксама быў аспірант МДУ ім. Куляшова Віталь Палавінскі. Юрый Комар сам сказаў Палавінскаму «Жыве Беларусь» і атрымаў у адказ «Жыве Вечна». На «відэа з палону» Віталь кажа, што затрыманы за тое, што казаў «дэструктыўныя лозунгі ў падтрымку Украіны», а таксама за тое, што на відэа прагназуе паразу Расіі ў вайне і што пасля гэтага ў Беларусі можа пачацца рэвалюцыя.
За падтрымку Украіны з-за Комара былі таксама затрыманыя Вадзім Шафранскі і Віталь Лобач.
Паводле даносу Комара быў затрыманы і жыхар Кобрына Сяргей Церашкоў. Ён сказаў, што не будзе забіваць украінцаў і паверне зброю супраць акупантаў.
Ахвярай чатрулетчыка стаў і жыхар Рагачова Дзмітрый Лагуценка. На пытанне Комара «Будзеш валіць ябацек?», адказаў «Так». Дзмітрый быў затрыманы разам з сябрам — ім на галаву ўздзелі БЧБ-сцягі, а пасля прымусілі мыць імі падлогу.