Хронікі пераследу 31 студзеня. Новыя экстрэмісты і катаванні за кратамі

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед беларусаў 31 студзеня.

_horad___bczb__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg


У Магілёве затрыманы музыка Аляксандр Бурак

Здарылася гэта ў чацвер, 26 студзеня, пасля чаго суд пастанавіў арыштаваць мужчыну на 10 сутак за «распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў», паведамляюць праваабаронцы. Вядома, што нядаўна Аляксандр перанёс аперацыю.

Праслухоўкі тэлефонаў, спіс палітвязняў і матэрыялы з сайта: чым на судзе даказваюць віну праваабаронцаў?

У судзе Ленінскага раёна Мінска працягваецца разгляд крымінальнай справы супраць праваабаронцаў Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча і Дзмітрыя Салаўёва (завочна). Стадыя абвяшчэння пісьмовых матэрыялаў па справе «Вясны» — 284 тамы — падыходзіць да завяршэння. Хутка распачнецца допыт праваабаронцаў.

Што адбывалася на апошніх судовых пасяджэннях, якія доказы віны па справе выкарыстоўвае пракурор — праваабаронца «Вясны» Алена Маслюкова каментуе абвінавачванні супраць калег у частцы «фінансавання пратэстаў».

«Маюцца фотавыявы, на якіх зафіксаваны Стэфановіч, Лабковіч, Бяляцкі, Салаўёў. Маюцца публікацыі наконт суддзяў Рэспублікі Беларусь, дзе падсумавана колькасць вынесеных імі сутак і штрафаў».


Экстрэмісцкія навіны

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» сацсеткі ўкраінскага дэпутата Аляксея Ганчарэнкі. Адпаведнае рашэнне 23 студзеня прыняў суд Ленінскага раёна Магілёва. Ганчарэнка вядомы сваёй крытыкай Лукашэнкі і падтрымкай беларускага дэмакратычнага руху.

У беларускі «экстрэмісцкі» спіс дадалі ўкраінскі youtube-канал «Телеканал Прямий», які мае больш за 2,36 млн падпісантаў.

Таксама «экстрэмісцкім» прызналі відэаролік з расследаваннем забойства Паўла Шарамета ў Беларусі. Суд Цэнтральнага раёна Мінска 30 студзеня прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» відэаролік «Новыя факты забойства Паўла Шарамета», які быў апублікаваны амаль 1,5 гады таму.


Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў. У яго трапілі:

  • Telegram-каналы і чаты «OMG Марьина Горка», «Гос. Террор»;
  • Старонка карыстальніка «Руслан Кулевич», выдання «MOST» і праекта «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» ва ўсіх сацсетках;
  • Суполка ва «Укантакце» «Новости Гродно | Grodno.news»;
  • TikTok-акаўнт «Андрей Паук»;
  • Telegram-стыкеры з Адольфам Гітлерам.

У Беларусі новае «экстрэмісцкае фарміраванне» — ВолкоВыск.by. Такое рашэнне прынята КДБ 24 студзеня.

3 студзеня ў «тэрарыстычны спіс» уключылі 44-гадовага жыхара Мінска Мікалая Васілевіча. Апошняе вядомае месца працы мужчыны — Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы. Вядома, што ў яго ёсць жонка. Яго вінавацяць у «фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці» (арт. 290-1 Крымінальнага кодэкса), па гэтым артыкуле пагражае ад 8 да 12 гадоў турмы. Мужчына ўтрымліваецца ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага. Іншыя падрабязнасці справы невядомыя.

Лідарам АГП пакінулі прысуд без змен.

У судзе Першамайскага раёна Мінска 3 лістапада вынеслі прысуды па крымінальнай справе супраць трох лідараў Аб’яднанай грамадзянскай партыі: Аксане Аляксеевай — 1,5 гады калоніі, Мікалаю Казлову — 2,5 гады калоніі і Антаніне Кавалёвай — 1 год калоніі. Палітвязняў абвінавацілі ва ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, праз удзел у «Маршы Новай Беларусі» 23 жніўня 2020 года (арт. 342 КК). Сёння ў Мінгарсудзе разглядзелі апеляцыйныя скаргі палітвязняў. Суддзя Жанна Брысіна пакінула прысуд без змен, а скаргі без задавальнення. У хуткім часе лідараў АГП этапуюць у калоніі.


Дачку рэпетытара Лівянта затрымалі на судзе над бацькамі

Расійская журналістка Кацярына Яньшына, якая правяла на Акрэсціна 15 сутак, а потым была дэпартавана з краіны, распавяла пра сваіх суседак па камеры — адной з іх была Ганна Лівянт, дачка вядомага рэпетытара Яўгена.

«Іх з мужам Мікітам затрымалі на судзе, калі яны прыйшлі на працэс да ейных бацькоў. І на ранішнім «шмоне» яна прыслухоўвалася, каб пачуць прозвішча бацькі ці мамы. Яна тады ўжо меркавала, што ў яе будзе крымінальная справа. Калі ты сядзіш на Акрэсціна, то ты не хочаш, каб цябе адпусцілі крыху раней. Таму што калі па цябе прыйшлі раней за вызначаны час, то гэта значыць, што ты нікуды не выходзіш. Гэта азначае ці  новыя «суткі», ці крымінальную справу. Так было і з Ганнай. Яе забралі раней, і ад іншай дзяўчыны з ІЧУ мы даведаліся, што ў яе крымінальная справа і яна чакае адпраўкі ў СІЗА».

Журналіста Паўла Мажэйку пакінулі пад вартай яшчэ на месяц

Папярэдні тэрмін утрымання пад вартай гродзенскага журналіста і грамадскага дзеяча скончыўся 31 студзеня. Яго не вызвалілі, тэрмін затрымання працягнулі яшчэ на месяц. З канца снежня ў СІЗА гродзенскай турмы, дзе зараз утрымліваюць Паўла, перасталі прымаць вітаміны і лекі ад родных вязняў. Гэта распараджэнне тычыцца ўсіх зняволенных.

Раней Паўлу абмежавалі пасылкі і бандэролі — іх вага ўлічваецца ў агульную штомесячную вагу перадач у 30 кілаграмаў. Такі спосаб ціску на вязняў выкарыстоўваюць таксама ў брэсцкім і баранавіцкім СІЗА.

Нагадаем, палітвязня затрымалі 30 жніўня 2022 года ў Гродне. За што — дакладна невядома, адвакат знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні.


Праграміста з Магілёва затрымаў ГУБАЗіК

«Пакаяльнае відэа» з'явілася ў праўладным тэлеграм-канале. У ім мужчына кажа, што ў ліпені 2021-га ўступіў у план «Перамога». Таксама ў відэа паказаны абразлівыя каментарыі, якія нібыта ў бок сілавікоў пакідаў праграміст.

ГУБАЗіК апублікаваў «пакаяльнае відэа» з блогеркай Ванэсай Марской — сілавікі сцвярджаюць, што яна сама прыйшла да іх.

Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, дзяўчына знайшла свой фотаздымак у кнізе «Я выхожу» і сама прыйшла ў ГУБАЗіК. На «пакаяльным відэа» яна кажа, што змяніла свае погляды і «падтрымлівае ўладу». Сілавікі сцвярджаюць, што пасля гэтага Ванэсу адпусцілі дадому.

На волю выйшлі палітвязні Аляксандр Мілашэўскі і Андрэй Пятроўскі

Палітвязня Аляксандра Мілашэўскага затрымалі 29 верасня 2021 года па крымінальнай справе, распачатай за каментарыі ў інтэрнэце пасля гібелі ў мінскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і ІТ-спецыяліста Андрэя Зельцэра. Мінскі гарадскі суд 30 лістапада прызначыў яму два гады калоніі. У зняволенні Аляксандр адбыў 1 год, 4 месяцы і 2 дні.

Палітзняволены, былы настаўнік гісторыі і грамадазнаўства са Смаргоні, Андрэй Пятроўскі быў асуджаны да 1,5 гадоў калоніі за паклёп на Лукашэнку. Судзілі яго за тое, што ён паказаў 11-класнікам на ўроку грамадазнаўства відэаролік з лагатыпам, які прызнаны экстрэмісцкім. Сярод вучняў быў сын мясцовай чыноўніцы, які зняў гэта на мабільны тэлефон і выклаў запіс у «сямейны чат». Пасля гэтага настаўніка звольнілі і завялі крымінальную справу. За кратамі ён знаходзіўся 1 год, 5 месяцаў і 6 дзён.

Сёння Андрэй і Аляксандр выйшлі на волю па заканчэнні тэрміну.


Журналіста Паўла Падабеда арыштавалі на 15 сутак

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, затрыманаму 20 студзеня журналісту інкрымінавалі арт. 19.11 КаАП («Распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Акалічнасці справы невядомыя.

Затрымалі Анастасію Іванову, якую вінавацяць у перадачы звестак у «ЧКБ»

Анастасіі Івановай (у дзявоцтве — Дабравольскай) 32 гады, яна з Магілёва. Працуе ў сферы SMM, займаецца арганізацыяй вяселляў. У відэа сілавікі паказваюць перапіску быццам бы з акаўнта дзяўчыны з ботамі (не выдаленую). Там яна нібыта паведамляе ў «Чорную кнігу Беларусі» пра факт «палітычнага» штрафу, прысуджанага яе мужу, і скідвае ў бот «Нехты» сваё ўласнае фота з нейкай падзеі.