Выйшаў на волю палітзняволены настаўнік са Смаргоні, на якога данёс вучань — сын чыноўніцы
Праваабаронцы паведамілі пра вызваленне двух палітвязняў — Аляксандра Мілашэўскага і Андрэя Пятроўскага. Абодва цалкам адбылі тэрміны зняволення.
Палітвязня Аляксандра Мілашэўскага затрымалі 29
верасня 2021 года па крымінальнай справе, распачатай за каментарыі ў інтэрнэце
пасля гібелі ў мінскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і ІТ-спецыяліста Андрэя Зельцэра. Мінскі гарадскі суд 30 лістапада прызначыў яму
два гады калоніі. У зняволенні Аляксандр адбыў 1 год, 4 месяцы і 2 дні.
Палітзняволены, былы настаўнік гісторыі і грамадазнаўства са Смаргоні, Андрэй Пятроўскі быў асуджаны да 1,5 гадоў калоніі за «паклёп на Лукашэнку». Судзілі яго за тое, што ў сакавіку 2021 года, напярэдадні дня Канстытуцыі, ён паказаў 11-класнікам на ўроку грамадазнаўства відэаролік «Конституция ушла в проституцию!» з лагатыпам, які прызнаны экстрэмісцкім. Сярод вучняў быў сын мясцовай чыноўніцы, які зняў гэта на мабільны тэлефон і выклаў запіс у «сямейны чат». Пасля гэтага настаўніка звольнілі і завялі крымінальную справу. За кратамі ён знаходзіўся 1 год, 5 месяцаў і 6 дзён.
Сваю віну былы настаўнік не прызнаў ні падчас следства, ні
на судзе.
Суд над настаўнікам праходзіў у жніўні 2021 года. Паводле версіі абвінавачання, прадэманстраваны вучням ролік «утрымлівае загадзя ілжывую інфармацыю, якая ганьбіць прэзідэнта».
На судзе настаўнік патлумачыў, што сваё меркаванне пра тое, што Канстытуцыя ў краіне парушаецца, ён сфарміраваў з аналізу падзей, якія асвятляюцца ў СМІ.
Пракурор прапанаваў Андрэю Пятроўскаму прадставіць
доказы парушэнняў. Настаўнік прывёў прыклад з былым кандыдатам у прэзідэнты
Віктарам Бабарыкам, якога ў дзяржаўных СМІ называлі злачынцам да суда, чым
парушалі артыкул 26 Канстытуцыі («Прэзумпцыя невінаватасці»). Тады пракурор прапанаваў агучыць інфармацыю,
дзе і калі гэта адбылося, бо ён пра гэта не ведае.
Таксама Андрэй Пятроўскі прывёў прыклад з забаронай вяртання з-за мяжы былога кіраўніка Каталіцкай Царквы краіны Тадэвуша Кандрусевіча, якая парушала артыкул 30 Канстытуцыі («Свабода перамяшчэння»). Пра гэта пракурор чуў, але парушэння тут не ўбачыў.
Андрэй Пятроўскі скончыў БДУ і Акадэмію кіравання. Мужчына мае каля 20 гадоў педагагічнага стажу, выкладаў гісторыю і грамадазнаўства. Андрэй Пятроўскі папрацаваў у розных школах Смаргоні і раёна. Апошнія тры гады перад затрыманнем аддаў мясцовай гімназіі.