Хронікі рэпрэсій. За кратамі — адзін з пачынальнікаў беларускамоўнага ЖЖ. Новы суд над 70-гадовым «тэрарыстам»

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед беларусаў 30 студзеня.

_drot_minsk_kraty_njavolja_belarus_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo_1.jpg


Сёння ў палітвязня Эдуарда Бабарыкі, сына экс-банкіра Віктара Бабарыкі, дзень нараджэння. Яму споўнілася 33 гады. Ужо трэці год запар ён праводзіць свой дзень народзінаў у няволі. Эдуард — «рэкардсмен» па знаходжанні ў СІЗА падчас папярэдняга следства. Без суда ён сядзіць 2 гады і 7 месяцаў.

* * *

Суд Цэнтральнага раёна Мінска (суддзя — Дзмітрый Карсюк) асудзіў 28-гадовага юрыста Яўгена Папакуля да аднаго года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за ўдзел у пратэсных маршах.

Яўгена затрымалі ў жніўні 2022 года. Яго абвінавацілі ў тым, што на пратэсных маршах ён неаднаразова выходзіў на праезную частку і не прыслухаўся да патрабаванняў міліцыянтаў. Яўген Папакуль прызнаў сваю віну.

«Мінсктранс» заявіў пазоў аб кампенсацыі матэрыяльнай шкоды ў памеры больш чым 47,7 тысяч рублёў, ён будзе разгледжаны ў рамках грамадзянскага судаводства.

* * *

Сёння раніцай пасля ператрусу дома затрымалі спявачку Аляксандру Захарык. 34-гадовай жанчыне інкрымінуюць «народны» артыкул 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Яна знаходзіцца на Акрэсціна.

* * *

Суд асудзіў жыхара Ліды Юрыя Брэйву да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму па «пратэсных» артыкулах.

Юрыя затрымалі 24 лістапада 2022 года за каментары ў сацсетках. Суддзя Уладзімір Федаровіч прызнаў мужчыну вінаватым у абразе прэзідэнта і арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх.

Мужчына мае на ўтрыманні дзіця.

* * *

31 студзеня ў Дзяржынску адбудзецца чарговы суд над 70-гадовым пенсіянерам з Нясвіжа Васілём Дземідовічам. На гэты раз яму прад'яўлена абвінавачванне па арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»).

1 верасня мінулага года суд у Гродне асудзіў яго на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за абразу прадстаўніка ўлады, суддзі, Лукашэнкі і арганізацыю масавых беспарадкаў.

* * *

Жыхара Докшыц, 53-гадовага палітвязня Сяргея Грыбовіча, якога абвінавачвалі па шэрагу «пратэсных» і дыфамацыйных артыкулаў, асудзілі на 4,5 гады калоніі.

Абвінавачанне запытвала для яго 6 гадоў пазбаўлення волі. Працэс пачаўся 4 лістапада, але затым быў прыпынены, паколькі Грыбовіч праходзіў псіхіятрычную экспертызу.

Сяргея Грыбовіча затрымалі ў пачатку сакавіка 2022 года. Ён казаў, што запоўніў анкету ў Тэлеграме, каб паехаць ваяваць ва Украіну супраць расійскіх войскаў.

* * *

У судзе Ваўкавыскага раёна разглядзелі крымінальную справу супраць Сяргея Ярашэвіча, асуджанага раней да пяці з паловай гадоў калоніі. Суддзя Мікалай Сяргейка прызнаў палітвязня вінаватым і прысудзіў яму яшчэ дзевяць месяцаў пазбаўлення волі.

Ярашэвіча абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»).

Сяргей — адзін з адміністратараў тэлеграм-канала «Армія з народам», а таксама муж даверанай асобы Святланы Ціханоўскай, таксама палітзняволенай Антаніны Канавалавай. Ён вярнуўся ў Беларусь пасля затрымання жонкі, хоць перад гэтым выехаў, бо адчуваў небяспеку.

* * *

Адзін з пачынальнікаў беларускамоўнага ЖЖ Іван Марозаў знаходзіцца на «Валадарцы».

Пра яго затрыманне стала вядома 9 студзеня.Тады паведамлялася, што мужчыне закідаюць удзел у пратэстах у 2020 годзе. А таксама відавочна жартаўлівы каментар пра тое, што ён атакаваў бы спецназ «хаймарсамі», каб яны стаялі ў яго гаражы.

Які артыкул інкрымінуецца Марозаву, дакладна невядома.