Лукашэнка заявіў, што Украіна прапанавала яму заключыць пакт аб ненападзе. Што думаюць у Крамлі?
Сёння Аляксандр Лукашэнка правёў чарговую нараду са сваім атачэннем, падчас якой нагаварыў шмат адметнага. Гісторыяй пра стварэнне камісіі па вяртанні палітычных эмігрантаў справа не абмежавалася
![1243836_151865_756x425.jpg 1243836_151865_756x425.jpg](/img/v1/images/1243836_151865_756x425.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Лукашэнка таксама заявіў, што афіцыйны Кіеў нібыта прапанаваў яму заключыць пакт аб ненападзе. Праўда, на гэты конт ён выказаўся тыпова для сябе — у стылі і вашым, і нашым.
«Не ведаю, навошта гэта ўкраінцам. З аднаго боку, просяць
нас, каб мы ні ў якім разе не ваявалі з Украінай, каб нашыя войскі туды не
рухаліся. Пакт аб ненападзе прапануюць заключыць. А з іншага боку, рыхтуюць
гэтую грымучую сумесь і ўзбройваюць іх. Польшча, Літва наогул ачмурэлі. Навошта
гэта ім трэба? Незразумела. Таму мы вымушаны жорстка рэагаваць. Нам па
перыметры хапае пытанняў — і ў паветранай прасторы, і на зямлі, зялёная мяжа. У
нас там хапае праблем. Дай бог утрымаць усё гэта. А яшчэ ўнутры нас нехта будзе
ствараць? Таму рэакцыя на вось гэтую ўнутраную не апазіцыю, а экстрэмістаў —
вылезлі з-пад плінтуса, не вылезлі — будзе жорсткая. І хай не крыўдзяцца: мы
папярэджвалі», — заявіў Лукашэнка.
У Крамлі, якому
пакт паміж Беларуссю і Украінай яўна нявыгадны, ужо адрэагавалі на гэтыя словы.
Ну як адрэагавалі… Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў сказаў, што
не можа пракаментаваць і не валодае інфармацыяй пра словы Лукашэнкі наконт
пакта. Пра гэта паведаміла РІА «Новости».
«Я не магу пакуль пракаментаваць. Не маю інфармацыі», — сказаў Пяскоў, адказваючы на адпаведнае пытанне.
Офіс прэзідэнта Украіны пакуль ніяк не пракаментаваў словы Лукашэнкі. Але ў каментары «Л*стэрку» выказаўся старшыня Камітэта Вярхоўнай Рады Украіны ў замежнай палітыцы і міжпарламенцкім супрацоўніцтве Аляксандр Мярэжка.
«Я не веру, што такая прапанова магла наогул быць. Нават з
чыста фармальнага пункту гледжання заключэнне любога міжнароднага пагаднення —
гэта працяглы, фармалізаваны і публічны працэс. Прычым такое пагадненне часта
патрабуе ратыфікацыі парламентам», — патлумачыў Аляксандр Мярэжка.
Ён таксама дадаў, што «з чыста псіхалагічнага пункту
гледжання Лукашэнку нельга верыць».
«Лукашэнка часта робіць супярэчлівыя заявы, якія не
адпавядаюць рэчаіснасці», — адзначыў Мярэжка.
![Як дыктатары дзялілі Еўропу. Гісторыя савецка-германскіх пагадненняў Як дыктатары дзялілі Еўропу. Гісторыя савецка-германскіх пагадненняў](/img/v1/images/stalin_i_rybentrop_u_kramli__1939_hod.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Тым часам гісторык
Аляксандр Фрыдман у сваім тэлеграм-канале падзяліўся алюзіямі на тэму пактаў,
якія заключаліся раней у нашым рэгіёне.
«Заявы Лукашэнкі
аб тым, што нехта (Украіна? Захад?) хоча заключыць з ім пакт аб ненападзе на
Украіну, апускаюць нас у свет фантазій і мар аднаго канкрэтнага чалавека. Гісторыя
пактаў аб ненападзе фактычна скончылася ў Еўропе разам з ганебным пактам
Молатава — Рыбентропа, але людзі, ментальна захраслыя ў 20-м стагоддзі, гэтага не
ўсведамляюць», — напісаў Аляксандр Фрыдман.