Як дыктатары дзялілі Еўропу. Гісторыя савецка-германскіх пагадненняў
28 верасня 1939 года паміж нацысцкай Германіяй і Саюзам Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, пасля іх сумеснага ўварвання і акупацыі Польскай дзяржавы, была падпісана дамова аб сяброўстве і межах. У ёй бальшавіцкі і нацысцкі рэжымы падзялілі паміж сабой свае будучыя сферы інтарэсаў.
Палітычная сітуацыя ў Еўропе перад Другой сусветнай вайной
15 сакавіка 1939 года Германія ўварвалася ў Чэхаславакію, парушыўшы тым самым пагадненне, якое яна падпісала з Вялікабрытаніяй і Францыяй годам раней у Мюнхене. За год да таго Гітлер ужо паспеў анэксаваць Аўстрыю і захапіць Судэцкую вобласць Чэхаславакіі. Нацысцкі лідар быў поўны рашучасці разбурыць міжнародны парадак, устаноўлены Версальскай мірнай дамовай 1919 года.
Уварванне ўскалыхнула брытанскія і французскія правячыя колы і пераканала, нарэшце, апошніх у тым, што абяцанням Адольфа Гітлера давяраць нельга. Стала відавочным, што выконваць дамовы ён не збіраўся і не збіраецца і, хутчэй за ўсё, будзе працягваць сваю агрэсіўную палітыку, і што абысціся толькі палітычнымі сродкамі стрымлівання цяпер наўрад ці атрымаецца. У заходнееўрапейскіх сталіцах хутка зразумелі, што наступнай ахвярай агрэсіўнай палітыкі Германіі можа стаць суседняя з ёй Польшча. Каб заблакаваць такую магчымасць, у сакавіку 1939 года Францыя і Англія абавязаліся гарантаваць палякам бяспеку і незалежнасць іх дзяржавы. Пра гэта, выступаючы перад дэпутатамі брытанскага парламента, заявіў у сваёй прамове прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Нэвіл Чэмберлен.
Брытанцы і французы таксама актывізавалі свае дыпламатычныя адносіны з Савецкім Саюзам, спрабуючы даць зразумець Гітлеру, што яму давядзецца сутыкнуцца са Сталіным і ўсёй моцай РСЧА ў выпадку, калі ўсё ж уварвецца ў Польшчу. Некалькімі гадамі раней Францыя і Саветы заключылі абаронны саюз — дагавор, паводле палажэнняў якога Савецкі Саюз быў абавязаны ўступіць у вайну з краінай, якая пачне вайну супраць Французскай рэспублікі.
Гітлер і Сталін пераглядаюць свае пазіцыі
Аднак Гітлера гэтыя акалічнасці не палохалі. Ён наадварот толькі ўзмацняў жорсткасць сваіх патрабаванняў да польскага ўрада ў Варшаве. Акрамя таго, ён настойваў, каб сусветная супольнасць дазволіла Германіі вярнуць сабе партовы горад Данцыг (Гданьск), які быў да Першай сусветнай вайны нямецкім, але атрымаў па рашэнні Версальскай мірнай канферэнцыі статус вольнага горада. Гітлер таксама патрабаваў пакласці канец жорсткаму ўціску, які нібыта меў месца ў дачыненні да немцаў, што пражывалі ў заходніх раёнах Польшчы. Натуральна, ніякага ўціску ніколі не было, нацысцкі лідар проста выкарыстоўваў тэму міфічнага ўшчамлення правоў польскіх немцаў у інтарэсах сваёй прапаганды. Ён адкрыта заяўляў, што калі яго патрабаванні не будуць выкананыя, Германія будзе вымушана бараніць сваіх суайчыннікаў у Польшчы, як гэта адбылося перад тым у Чэхаславакіі.
Аднак такое апантанае імкненне Гітлера да вайны з Польшчай прымушала моцна нервавацца яго генералаў. Многія нямецкія афіцэры з падазрэннем ставіліся да кампаніі, якая лёгка магла прывесці да кашмару Першай сусветнай — высмоктваючай усе рэсурсы краіны вайне на два франты.
Каб пазбегнуць такога сцэнара, Гітлер асцярожна пачаў вывучаць магчымасць пацяплення ў адносінах са Сталінам. Некалькі кароткіх дыпламатычных кантактаў у траўні 1939 года ні да чаго не прывялі. Але ў ліпені, калі напружанасць у Еўропе дасягнула свайго піку, і практычна ўсе дзяржавы кантыненту ліхаманкава шукалі патэнцыйных саюзнікаў, германскае міністэрства замежных спраў значна актывізавала свае дзеянні ў савецкім кірунку. 21 жніўня нямецкі пасол у Маскве Фрыдрых-Вернэр фон дэр Шуленбург перадаў новаму старшыні Народнага камісарыята замежных спраў Вячаславу Молатаву тэлеграму ад Гітлера, дзе змяшчалася асабістае пасланне савецкаму лідару: вайна з Польшчай непазбежная, і калі б канцлер адправіў свайго міністра замежных спраў у Маскву для жыццёва важнага абмеркавання, ці мог бы Сталін яго прыняць? Сталін адказаў: так.
Германія і Савецкі Саюз заключаюць здзелку
Апоўдні 23 жніўня 1939 года самалёт фон Рыбентропа прыбыў у Маскву. У Крамлі нямецкі міністр меў сустрэчу са Сталіным і Молатавым. Ён перадаў савецкім кіраўнікам прапанову Гітлера аб заключэнні паміж дзвюма краінамі пакту аб узаемным ненападзе. У выніку перагавораў было вырашана заключыць дамову тэрмінам на 10 гадоў з магчымасцю яе падаўжэння яшчэ на пяць. У дамове таксама агаворвалася, што ні адна з краін не будзе дапамагаць якому-небудзь трэцяму боку ў выпадку яго нападу на аднаго з падпісантаў. Акрамя афіцыйнай часткі, дамова змяшчала сакрэтны пратакол, што вызначаў сферы ўплыву ва Усходняй Еўропе, якія абодва бакі абавязаліся канчаткова вырашыць пасля таго, як Гітлер заваюе Польшчу.
Як сцвярджае Ян Кершоў у сваёй кнізе «Гітлер 1936-1945: Немезіда», Рыбентроп некалькі разоў тэлефанаваў Гітлеру падчас перамоў у Крамлі. Той нервова чакаў навін у сваёй загараднай рэзідэнцыі ў Баварыі. Нарэшце Рыбентроп патэлефанаваў і сказаў, што ўсё ўладжана. Нацысцкі лідар быў у захапленні. Ён павіншаваў свайго міністра замежных спраў і сказаў, што дамова «будзе мець эфект выбуху бомбы». Радавацца было чаму, нямецкая дыпламатыя ўсё ж змагла нейтралізаваць французска-савецкі дагавор аб узаемадапамозе, магчымага другога фронту ўжо не будзе. Шлях для нападу на Польшчу быў расчышчаны.
Пачатак Другой сусветнай вайны. Падпісанне дамовы аб межах
Аднак чаканага нацыстамі эфекту не адбылося. Заходнія краіны ведалі пра перамовы ў Маскве і добра разумелі ўсю небяспеку такога хаўрусу. Таму 25 жніўня, усяго праз два дні пасля заключэння пакта Молатава-Рыбентропа, Вялікабрытанія заключыла з Польскай Рэспублікай дагавор, у якім заявіла, што будзе змагацца на баку Польшчы ў выпадку знешняга нападу на яе тэрыторыю. У Лондане і Варшаве спадзяваліся, што гэта некалькі саб’е агрэсіўныя настроі нацыстаў і дасць Польшчы пэўны час. Але ў Берліне ўжо прынялі рашэнне. Упэўнены ў тым, што Францыя і Вялікабрытанія не змогуць выканаць свае абавязацельствы перад Польшчай, і ведаючы, што яму няма чаго баяцца Чырвонай арміі, Гітлер выдаў так званую «дырэктыву № 1 па вядзенню вайны».
У ноч з 31 жніўня на 1 верасня 1939 года эсэсаўцы, пераапранутыя ў польскую форму, учынілі напад на нямецкую радыёстанцыю ў Глайвіцы, што ў Сілезіі. Гітлер выкарыстаў гэты інцыдэнт як casus belli і загадаў сваім войскам пачаць масіраваны наступ на ўсход. Уварванне пачалося 1 верасня 1939 года. Двума днямі пазней, 3 верасня Францыя і Вялікабрытанія аб'явілі Германіі вайну. Другая сусветная вайна пачалася. 17 верасня ўжо савецкія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны з усходу. Праз некалькі дзён савецкая армія сустрэла наступаючых немцаў пад Брэст-Літоўскам, дзе адбыўся знакаміты сумесны вайсковы парад.
28 верасня 1939 года паміж нацысцкай Германіяй і Савецкім Саюзам быў падпісаны Дагавор аб сяброўстве і межах. Яго ў прысутнасці Іосіфа Сталіна падпісалі ўсё тыя ж Іахім фон Рыбентроп і Вячаслаў Молатаў. Да дамовы прыкладаліся тры пратаколы, адзін канфідэнцыйны і два сакрэтныя, у якіх карэктаваліся дзеянні бакоў адносна сфер інтарэсаў СССР і Германіі на тэрыторыі акупаванай Польшчы і маючых адбыцца «спецыяльных мераў на літоўскай тэрыторыі для абароны інтарэсаў савецкага боку». Гэткім складаным тэрмінам савецкія і германскія дыпламаты назвалі будучую акупацыю краін Балтыі.
Дыпламатычныя гульні двух таталітарных рэжымаў па далейшым падзеле Еўропы працягваліся яшчэ паўтары гады. Але ў Берліне ўжо пачалі гатавацца да новага ўварвання. Іронія лёсу заключалася ў тым, што апошні, трэці сакрэтны пратакол Пакта, у якім кіраўніцтва Трэцяга Рэйху адмовілася ад сваіх прэтэнзій на частку Літвы, быў падпісаны фон дэр Шуленбургам і Молатавым 10 студзеня 1941 года, усяго за сем месяцаў да пачатку аперацыі «Барбароса» і нападу Германіі на Савецкі саюз.