Беларускія сілавікі трымаюць на мяжы з Польшчай каля 800 мігрантаў і не даюць ім вярнуцца ў Мінск

Wyborcza.pl распавядае, што сярод мігрантаў ёсць жанчыны і дзеці. Яны кажуць, што на 10 дзён захраслі, не маючы доступу да вады і ежы.

Архіўнае фота

Архіўнае фота

Паведамляецца, што захраслыя паміж беларускай і польскай межамі мігранты — гэта еменцы, іранцы, туркі (верагодна, курды) і ў асноўным сірыйцы.

Усе яны скарысталіся «беларускай візавай прапановай» з абяцанай магчымасцю перасячэння мяжы Еўрасаюза без якіх-небудзь праблем. «Гэтая практыка дыктатара Лукашэнкі працягваецца ўжо больш за год, а Беларусь дагэтуль збірае грошы з уцекачоў, ставячы пад пагрозу іх здароўе і жыццё», — адзначаюць польскія журналісты.

Аднак летам, піша выданне, яшчэ не было сітуацыі, калі мігрантаў збіралі з беларускага боку ў адным месцы, не даючы ім магчымасці перасоўвацца. Часцей за ўсё, атрымаўшы адпор з боку польскіх службаў, яны вярталіся ў беларускія гарады, каб хоць неяк выжыць і, як правіла, паспрабаваць зноў перасячы мяжу.

Адзін з сірыйцаў распавёў, што цяпер каля 800 людзей цягам 10 дзён не атрымлівалі ежы і пітной вады, а беларускія вайскоўцы не даюць ім вярнуцца ў Мінск. Ноччу тэмпература апускаецца ніжэй за 10 градусаў, і ім няма дзе схавацца.

Паводле заявы памежнай службы Польшчы, з 23 да 25 верасня было выяўлена 200 чалавек, якія спрабавалі перасячы мяжу.

Паведамляецца, што мігранты спрабавалі пералезці адмысловы плот, выкарыстоўваючы лесвіцы і іншыя прыстасаванні. 19 чалавек усё-такі трапілі ў Польшчу, перайшоўшы раку Свіслач. Яны затрыманы. Гэта грамадзяне Егіпта, Сірыі, Турцыі, Емена, Ірака, Афганістана, Ганы, Індыі, Эрытрэі, Малі і Туркменістана.