Тэракт-правакацыя ці аварыя? «Паўночны паток» прарвала — адначасова ў трох месцах. Такіх выпадковасцей не бывае

Абедзве трубы галоўнага расійскага газаправода ў Еўропу «Паўночны паток» пачалі працякаць — прычым адначасова і адразу ў трох месцах. У еўрапейскіх краінах падазраюць дыверсію. А цана на газ зноў пачала расці.

fdqdx_ixgaeuuza.jpg


Газ па «Паўночным патоку» ў Еўропу не пастаўляецца з лета, цяпер жа адбылася аварыя на неактыўных, але запоўненых газам падводных газаправодах.

Варта сказаць, што падводныя газаправоды ламаюцца вельмі рэдка, а адначасовая аварыя на дзвюх новых трубах адразу ў трох месцах выклікала спачатку падазрэнне, а потым і ўпэўненасць улад еўрапейскіх краін у тым, што гэта невыпадковасць. І лічыць, што Расія працягвае газавы шантаж Еўропы напярэдадні старту ацяпляльнага сезона.

Што адбылося

Пра ўцечкі газу з дзвюх нітак «Паўночнага патоку» ў раёне выспы Барнхольм паведамілі ўвечары ў панядзелак улады Даніі і Швецыі.

Газ з пашкоджаных труб будзе выцякаць яшчэ некалькі дзён, а то і цэлы тыдзень, адзначылі дацкія ўлады. Бурбалкі на паверхні мора займаюць плошчу дыяметрам каля 100 метраў. Улады закрылі для суднаходства зону ў пяць марскіх міль вакол месца аварыі.

«Трывожныя падзеі ўчарашняга дня з уцечкамі з абодвух «Паўночных патокаў» падкрэсліваюць неадкладнасць умацавання энергетычнай бяспекі Еўропы. Мы павінны прыкласці ўсе намаганні для таго, каб пазбавіць Расію магчымасці выкарыстоўваць энергарэсурсы як інструмент ціску», — сказала ў аўторак дацкая прэм'ер Фрэдэрыксен.

Пазней у Швецыі заявілі, што былі зафіксаваны выбухі на маршрутах «Паўночных патокаў».

Так, вымяральныя станцыі ў Швецыі і Даніі зарэгістравалі два моцныя падводныя выбухі незадоўга да выяўлення ўцечак газу на расійскіх газаправодах «Паўночны паток-1» і «Паўночны паток-2» у тым жа раёне ў панядзелак.

Шведская нацыянальная сейсмічная сетка выявіла два відавочныя выбухі ў раёне ўцечак газу ў панядзелак. Адзін з выбухаў меў магнітуду 2,3 і быў зарэгістраваны на 30 вымяральных станцыях на поўдні Швецыі.

«Добра відаць, як хвалі адскокваюць ад дна да паверхні. Без сумневу, гэта быў выбух», — адзначыў Б'ёрн Лунд, выкладчык сейсмалогіі і дырэктар шведскай нацыянальнай сейсмічнай сеткі, якая вымярае шведскія землятрусы і выбухі. Першы выбух быў зафіксаваны ў 02:03 у ноч на панядзелак, другі — у 19:04 увечары ў панядзелак.

Рэакцыя ў Расіі

У аўторак Крэмль назваў аварыю на падводных газаправодах «абсалютна беспрэцэдэнтнай сітуацыяй». «Цяпер нельга выключаць ні аднаго варыянта. Сапраўды, гаворка ідзе пра нейкія разбурэнні ў трубе, пакуль незразумела, якога характару, — цытуюць расійскія СМІ прэс-сакратара РФ Дзмітрыя Пяскова. — Мы надзвычай занепакоеныя гэтымі навінамі».

Рэакцыя Украіны

Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк назваў спланаваным тэрактам з боку Расіі інцыдэнт з маштабнай уцечкай газу на газаправодзе «Паўночны паток-1».

«Маштабная "ўцечка газу" на ПП-1 — гэта не што іншае, як спланаваны Расіяй тэракт і акт агрэсіі ў бок ЕС. РФ хоча дэстабілізаваць эканамічную сітуацыю ў Еўропе і выклікаць паніку перад зімой», — заявіў Падаляк. Ён заявіў, што найлепшы адказ Расіі і інвестыцыя ў бяспеку — танкі для Украіны, у прыватнасці, нямецкія.

Паводле korrespondent.net, www.eurointegration.com.ua