Як пачыналася Гаага

Прыкладна сто гадоў таму ў Еўропе паспрабавалі правесці першы міжнародны трыбунал над кіраўніком дзяржавы за палітычныя злачынствы. Судзіць збіраліся германскага экс-імператара Вільгельма ІІ.

Вільгельм ІІ

Вільгельм ІІ


Лічыцца, што міжнароднае крымінальнае правасуддзе пачалося з Нюрнбергскага працэсу. Затым быў міжнародны трыбунал у Токіа. Іх спадчыннікам з’яўляецца цяперашні Міжнародны крымінальны суд у Гаазе або Міжнародны суд ААН. Аднак насамрэч гісторыя міжнароднага правасуддзя пачалася значна раней — у Парыжы ў 1919 годзе, дзе праходзіла мірная канферэнцыя па выніках Першай сусветнай.

У выніковым дакуменце, а менавіта ў артыкуле 227, удзельнікі дамовіліся стварыць міжнародны трыбунал. Больш за тое, у артыкуле пазначаліся канкрэтныя асобы, якія павінны адправіцца на лаву падсудных. Гэта былі прадстаўнікі нямецкай ваеннай эліты накшталт Людэндорфа і Гіндэнбурга і асабіста экс-імператар Вільгельм ІІ, які на той момант хаваўся ў Нідэрландах.

Указаным асобам ставілася ў віну «цяжкае злачынства супраць міжнароднай маралі, замах на прынцыпы гуманізму, адказнасць за развязванне Першай сусветнай вайны, парушэнне нейтралітэту Бельгіі і Люксембурга, парушэнне законаў вайны такімі дзеяннямі, як, напрыклад, неабмежаваная падводная вайна».

Трэба сказаць, што сучасная гістарыяграфія асцярожна ставіцца да тэзіса, што адна Германія нясе адказнасць за Першую сусветную. Як піша аўтар нядаўняга бестселера «Лунатыкі» Адам Кларк, практычна ўсе еўрапейскія краіны ў 1914-м разглядалі ваенны канфлікт невялікага маштабу як эфектыўны спосаб вырашэння надзённых унутрыпалітычных праблем. Акрамя таго, інтарэсы вядучых краін свету бясконца сутыкаліся ў Афрыцы і Азіі. Не кажучы ўжо пра праблему падзелу ўплыву на Балканах — «парахавым склепе Еўропы».

Як бы там ні было, увесну 1919-га здавалася, што экс-імператар дакладна не адкруціцца. Не выключалася, што яго нават адправяць на шыбеніцу. Прынамсі, падчас парламенцкай кампаніі ў Вялікабрытаніі, якая праходзіла ў той жа час, прэм'ер Лойд-Джордж ахвотна абяцаў электарату «павесіць кайзера!».

Прыкладна ў гэты час «Daily Mail» (газета, якая не заўсёды славілася бездакорнай журналісцкай дакладнасцю) прадставіла падрабязную справаздачу аб планах суда. Кайзер павінен быў быць заключаны ў лонданскі Таўэр, дзе яго справу мусіла разглядаць спецыяльная судовая калегія. Яна павінна была складацца з суддзяў з «асноўных саюзных і аб'яднаных дзяржаў»: Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША, Італіі і Японіі.

Заставалася толькі дабіцца экстрадыцыі Вільгельма з Нідэрландаў. Лондан і Парыж пачалі «бамбаваць» Гаагу адпаведнымі патрабаваннямі. Аднак нечакана ўзніклі праблемы. Практычна ўсе каралеўскія сем'і і манархісты па ўсёй Еўропе сталі змыкаць рады, каб выратаваць зрынутага імператара. Меў месца нават асцярожны пратэст з боку караля Англіі, у якога з нямецкім імператарам была адна бабуля.

 

Гаага ў 1920-я

Гаага ў 1920-я

Маналіт «дынастычнай салідарнасці» ўзмацняла асцярога наконт таго, што Вільгельма можа спасцігнуць тая ж доля, што і прадстаўнікоў дома Раманавых. Сапраўды, на адной з вечарынак Лойд-Джордж нападпітку абяцаў асабіста паставіць Вільгельма да сцяны. Так ці інакш, у выніку манархічнае лобі спрацавала, і суд, які планаваўся на лета 1919-га, прыйшлося адтэрмінаваць.

Адначасова ў справе экс-імператара з'явіліся прававыя супярэчнасці. Уласна кажучы, у гэтым не было нічога дзіўнага. Да пачатку Першай сусветнай вайны міжнародныя прававыя стандарты толькі пачыналі фарміравацца. Напрыклад, у Гаагскіх канвенцыях 1899 і 1907 гадоў былі выкладзены правілы вядзення вайны.

Аднак ніякіх дакументаў аб тым, што такое міжнароднае палітычнае злачынства, на вясну 1919-га не было. Таму з'явілася пытанне: ці можна праводзіць крымінальны пераслед заднім чыслом? Любая спроба прыцягнуць кайзера да адказнасці была б рэспектыўным ужываннем крымінальнага права. Заклапочанасць з нагоды ўяўнай несправядлівасці судовага разбору па справах аб злачынствах, якія не былі кадыфікаваны на момант іх учынення, моцна турбавала юрыстаў-міжнароднікаў і палітыкаў.

І найперш — амерыканскіх. А па меры таго, як у Амерыцы верх пачала браць партыя ізаляцыяністаў, за акіянам астылі да пераследу экс-імператара і наогул пачалі сабатаваць ідэю распрацоўкі міжнароднага права. Не без ціску Ватыкана пачала дыстанцыявацца ад ідэі трыбунала Італія. Па сутнасці, ініцыятыва з трыбуналам неўзабаве трымалася толькі на энтузіязме французаў і брытанцаў.

Тым не менш, думаецца, што пры жаданні Вільгельма Гогенцолерна, напэўна, можна было ўсё ж пасадзіць. Хаця б па бельгійскіх законах — за масавыя забойствы германцамі грамадзянскіх асоб у Бельгіі ў жніўні 1914-га. Тады ў некаторых гарадах расстрэльвалі да 500 чалавек за раз. Па меркаванні шматлікіх юрыстаў, экс-імператар нёс асабістую адказнасць за напады нямецкіх падлодак на мірныя караблі. Напрыклад, за тарпедаванне акіянскага лайнера «Lusitania» каля ўзбярэжжа Ірландыі вясной 1915-га, калі загінула больш за тысячу грамадзянскіх пасажыраў. Экс-кайзер асабіста ўзнагароджваў капітанаў падводных лодак, якія вярталіся з такіх аперацый.

Аднак на гэтым этапе пачалі ўжо дзейнічаць законы палітычнага прагматызму. Пасля версальскага міру ў Германіі нарасталі ідэі рэваншу. У пачатку 1920-га манархісты і правыя радыкалы спрабавалі зрынуць урад у Берліне падчас т.зв. путчу Каппа. Многія палітыкі, у тым ліку Уінстан Чэрчыль, баяліся, што пакаранне смерцю або працэс над кайзерам «будзе лепшым спосабам хутка аднавіць прэстыж экс-імператара і ідэю адраджэння германскай імперыі».

 

Уінстан Чэрчыль у 1920-я

Уінстан Чэрчыль у 1920-я

З улікам таго, што нават сярод эліт Брытаніі і Францыі ідэя трыбунала часткова страціла папулярнасць, у сакавіку 1920-га Нідэрланды маглі сабе нарэшце дазволіць заявіць, што Вільгельма банальна не выдадуць. Наогул, паколькі падчас вайны краіна была нейтральнай, да постаці экс-манарха галандцы ставіліся дастаткова спакойна. А вось агрэсіўны тон французаў і брытанцаў хутчэй выклікаў раздражненне.

Каб захаваць твар, Лондан і Парыж прапанавалі «напалеонаўскі варыянт рашэння праблемы» — выгнанне Вільгельма ў аддаленае месца, як некалі паступілі з Напалеонам. У дадзеным выпадку новай выспай Святой Алены павінны былі стаць Фалклендскія астравы на поўдні Атлантыкі. Але ў Амстэрдаме план адпрэчылі ў сілу саліднага 60-гадовага ўзросту былога кайзера, які, нібыта, не вытрымае вандроўкі. Мела таксама месца спроба выкрасці Вільгельма рукамі нейкага амерыканскага спецназа, аднак чамусьці аперацыю скасавалі.

У прынцыпе, да сярэдзіны 1920-га тэма міжнароднага трыбунала была практычна вычарпаная. Напэўна, гэта было лагічна з прычыны адсутнасці на той момант адпаведнага прававога падмурка і слабасці міжнародных інстытутаў. «Яшчэ не час», — канстатавала тады шатландскае выданне «Edinburgh Review», каментуючы сітуацыю з правалам працэсу над Вільгельмам.

Застаецца дадаць, што сам Вільгельм дажыў у Нідэрландах да пачатку Другой сусветнай. Але гэта не значыць, што ён застаўся цалкам беспакараным. Думаецца, страшным пакараннем для экс-кайзера, прычым больш жудасным за трыбунал, аказаўся шок, які ён перажыў у лістападзе 1918-га. Тады падчас рэвалюцыі літаральна на працягу пары дзён усё шматмільённае войска Германіі адмовілася падпарадкоўвацца імператару і перайшло на бок народа.