Берасьцейская крэпасьць у 1939-м. Пра што ня пішуць у падручніках
Крэпасьць-герой вядомая кожнаму ў Беларусі. Сюды возяць школьнікаў на экскурсіі, тут ладзіць сьвяточныя мерапрыемствы БРСМ. Але ці ведалі вы, што вайна прыйшла не 22 чэрвеня, а значна раней? Давайце разам пагартаем гераічныя старонкі абароны Берасьцейскай крэпасьці ў верасьні 1939-га.
Не прынята, калі нават не сказаць больш — забаронена — узгадваць
тое, што папярэднічала афіцыйнай гістарыяграфіі айчыннай вайны, той самай, што
пачалася ўжо пасьля разьвязанай сумесна з гітлераўцамі Сталіным Другой сусьветнай у 1939-м.
14 верасьня 1939-га некалькі дзясяткаў нямецкіх танкаў паспрабавалі захапіць крэпасьць
у Берасьці, горадзе Другой Рэчы Паспалітай.
У часы аднаўленьня Польскай дзяржавы найбольшая пагроза чакалася з Усходу. Стратэгічным пунктам уяўлялася Берасьце. У мірны перыяд тут месьцілася шмат вайсковых частак. Пасьля мабілізацыі ў 1939 годзе яны трапілі да заходняй, нямецкай мяжы. З пачаткам Другой сусьветнай вайны ў крэпасьці засталося некалькі адносна невялікіх вайсковых частак і мабілізаваных рэзэрвістаў. 1 верасьня 1939 году нямецкая авіяцыя разбамбіла чыгуначны вакзал у Берасьці і вайсковыя казармы. Налёты паўтарыліся і ў наступныя дні вайны.
Шэраговец польскай арміі, беларус Генрых Ігнатовіч з Кобрына ўзгадваў: «Для мяне вайна пачалася ў 2 гадзіны ночы 1 верасьня 1939-га. Маё падразьдзяленьне стаяла на мяжы з Усходняй Прусіяй. 7 верасьня мы пачалі адступаць у бок Берасьця, з цяжкасьцю прадраўшыся да яшчэ не захопленых Седлец. У нядзелю, 9-га, змучаныя і зьнясіленыя, увайшлі ў крэпасьць над Бугам.
Аказалася, што перад нашым прыходам гарнізон крэпасьці скіраваўся ў бок Пінску. У адноснай цішыні знаходзіліся да 13 верасьня, вораг трывожыў толькі з паветра. З частак, якія сабраліся ў крэпасьці, былі сфармаваныя 3 батальёны. Іх асабісты склад адсоткаў на 30 складаўся з нас, палешукоў: беларусаў і ўкраінцаў. Блізкасьць родных хатаў і роднай зямлі надавала людзям моцы…»
11 верасьня кіраваць абаронай крэпасьці стаў генэрал Канстанты Плісоўскі.
У Берасьці генэрал арганізаваў групоўку, у якую ўвайшлі тры батальёны пяхоты, два батальёны аховы, сапёрны батальён, артылерыйскі эскадрон, дзьве танкавыя роты, два бронецягнікі і зэнітная артылерыйская батарэя. Абаронцы крэпасьці не мелі супрацьтанкавай зброі і авіяцыйнай падтрымкі.
Пад кіраўніцтвам Плісоўскага знаходзілася каля дзьвюх з паловай тысячаў жаўнераў. Іх было занадта мала, каб заняць усе фарты, таму было вырашана абараняць толькі ключавыя пункты крэпасьці, і перш за ўсё цытадэль. Для параўнаньня, у 1941 годзе савецкі гарнізон налічваў больш за 8 тысячаў чалавек, якія здолелі абараніцца толькі тыдзень. Плісоўскі падрыхтаваўся да абароны грунтоўна: падыходы да крэпасьці былі замініраваны, частку старажытных, яшчэ з часоў Першай сусьветнай вайны, танкаў «Рэно» ўкапалі на валах і паставілі ў брамах.
Умацаваньні, жылыя і гаспадарчыя пабудовы ў самой цытадэлі таксама аказалі неацэнную паслугу. Тыя два старыя танкі «Рэно», выратаваныя ад агню ворага магутным зводам брамы, пасьпяхова стрымлівалі напады немцаў.
Па словах гісторыка Яраслава Ксенжака, кіраўніцтва Польшчы, магчыма, да самага апошняга моманту спадзявалася на тое, што заходнія дзяржавы, Англія і Францыя прыйдуць на дапамогу палякам. Не выключана, што нехта, можа, разьлічваў нават і на Чырвоную армію, часткі якой падыходзілі да мяжы.
На Берасьце надыходзіў 19-ы бранятанкавы корпус генэрала Хайнца Гудэрыяна. Гудэрыян меў загад захапіць горад, не дапусьціўшы адступленьня гарнізону на поўдзень для злучэньня з асноўнымі сіламі польскай аператыўнай групы «Нараў». Нямецкія часткі мелі перавагу над абаронцамі крэпасьці ў пяхоце ў 2 разы, танках — у 2 разы, артылерыі — у 6 разоў.
Гудэрыян лічыў, што 80-ці танкаў палка будзе цалкам дастаткова, каб здушыць супраціў і захапіць крэпасьць. Што ім гэта састарэлае збудаваньне на ўсходняй ускраіне Польшчы, калі ўся краіна ўжо практычна заваяваная! Хіба знойдуцца вар'яты, здольныя спыніць танкавую армаду, гатовыя ў бязвыхаднай сітуацыі лезьці пад кулі і бессэнсоўна загінуць? Знайшліся.
Старыя польскія танкі, як і артылерыя гарнізону, амаль не ўяўлялі небясьпекі для танкаў Гудэрыяна, але, тым не менш, змаглі стрымліваць напады, знаходзячыся пад бесперапынным артабстрэлам і бамбёжкамі.
14 верасьня нямецкія танкі 10-й танкавай дывізіі атакавалі польскія пазыцыі. Атака была адбітая ў значнай ступені бронецягнікамі. Да абеду генэрал Плісоўскі скіраваў абодва эшалоны ў бок Ковеля, бо ведаў, што немцы хутка захопяць Берасьцейскі чыгуначны вузел. Пасьля 12 гадзінаў дня войскі вермахта бяз бою авалодалі горадам. Нямецкія войскі мелі значную перавагу. Варожая авіяцыя і артылерыя дзень і ноч беспакарана нагадвала пра сябе абаронцам крэпасьці.
15 верасьня атака 10-й танкавай дывізіі і 20-й матарызаванай дывізіі была адбітая, але палякі панесьлі значныя страты. На наступны дзень немцы паўтарылі атаку. І яна была спыненая, але страты былі вельмі сур'ёзныя і склалі каля 40% ад асабовага складу, а польскія жаўнеры былі фактычна адціснутыя да цытадэлі.
Увечары 16 верасьня лёгка паранены генэрал Плісоўскі вырашыў вывесьці сваіх жаўнераў з крэпасьці на Цярэспальскую дарогу, па якой вораг яшчэ не ехаў. Пры адступленьні выявілася, што немцы пад покрывам начы пачалі перакідваць частку сваіх частак на левы бераг Буга. У цемры адбыліся некалькі сутычак, частка жаўнераў трапіла ў нямецкі палон, але галоўная польская калёна здолела выбрацца з гэтага ўчастку. У наступныя дні абаронцы крэпасьці ў шэрагах розных дывізій удзельнічалі ў баях з немцамі і камуністамі.
У ноч на 17 верасьня польскія вайскоўцы сыходзілі з крэпасьці пад артылерыйскім агнём. Выносілі параненых, не кідалі забітых. Тыя, хто ацалеў і дабраўся да Цярэспаля, пахавалі загінулых на мясцовых могілках. Там і зараз у захаванасьці іх магілы.
У той самы час, калі палякі сыходзілі з крэпасьці, у Крэмль быў выкліканы амбасадар Польшчы Вацлаў Гжыбоўскі. Намесьнік наркама замежных справаў СССР Пацёмкін зачытаў яму ноту, падпісаную Сталінам: «Польска-нямецкая вайна выявіла нутраную безгрунтоўнасьць польскай дзяржавы. Варшава як сталіца Польшчы не існуе больш. Польскі ўрад распаўся і не праяўляе прыкметаў жыцьця. Гэта значыць, што польская дзяржава і ўрад фактычна перасталі існаваць. Тым самым спынілі сваё дзеяньне дамовы, падпісаныя паміж СССР і Польшчай.
Польшча ператварылася ў зручнае поле для ўсялякіх выпадковасьцяў і нечаканасьцяў, якія могуць стварыць пагрозу для СССР». «Польшча ніколі не перастане існаваць!» — адказаў амбасадар і адмовіўся прыняць ноту. У тую ж ноч і ў той жа час у Крэмль быў выкліканы і нямецкі амбасадар граф фон Шуленбург. Яго, у адрозьненьне ад польскага дыплямата, прымалі як дарагога госьця: не намесьнік наркама з сухім чытаньнем ноты, а чырвоная шобла Сталін, Молатаў і Варашылаў з добрымі навінамі. Пасьля сяброўскіх поціскаў рукі фон Шуленбургу сказалі, што менавіта сёньня на досьвітку Чырвоная армія пяройдзе савецка-польскую мяжу па ўсёй даўжыні — ад Полацку да Камянец-Падольску.
17 верасьня па-над Берасьцейскай крэпасьцю вісеў сьцяг са свастыкай. У гэты дзень сталінская Чырвоная армія напала на тэрыторыю Польскай Рэспублікі. 22 верасьня чырвоныя войскі дайшлі да Берасьця. Згодна з пагадненьнем аб мяжы, заключаным паміж СССР і Нямеччынай, крэпасьць павінна была ўвайсьці ў склад савецкай дзяржавы. Савецкі Саюз, у сваю чаргу, перадаў горад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы як адміністрацыйны цэнтар новастворанай Берасьцейскай вобласьці. Савецкая прапаганда паведамляла: «Польскія паны падпарадкавалі працоўны народ Заходняй Беларусі, кінулі яго на поле імперыялістычнай вайны. Значыць, мы ідзем не заваёўваць, а вызваляць».
22 верасьня 1939 году ў Берасьці адбыўся сумесны парад фашысцкіх і савецкіх войскаў. Пазьней немцы пакінулі горад. Разьвітальныя словы, што гучалі ў прадстаўнікоў дзьвюх саюзных армій «Да сустрэчы ў Маскве! — Да сустрэчы ў Бэрліне!» вельмі іранічна былі імі, верагодна, узгаданыя пасьля. Шматлікія чырвоныя афіцэры, якія прысутнічалі на парадзе, як і абяцалі, у 1945 годзе штурмавалі Бэрлін, а войскі генэрала Хайнца Гудэрыяна ў 1941 годзе не дасягнулі ўсяго 20 кілямэтраў да Крамля.
Парад пачаўся ад будынку Падляскага ваяводзкага ўпраўленьня а 16-й гадзіне. Марш войскаў правялі разам Хайнц Гудэрыян і кіраўнік частак чырвонай арміі Сямён Крывашэін.
Гісторык Васіль Сарычаў здолеў атрымаць сьведчаньні некаторых відавочцаў фашыстоўска-камуністычнага параду. Вось што ўзгадвае Пётр Козік, якому было 11:
«22 верасьня 1939 году бацька павёў мяне на плошчу. Па горадзе толькі і размоваў было, што аб набліжэньні расейцаў. Па дарозе са Шпітальнай (Інтэрнацыянальнай) у бок Вуніі Любельскай павярнуў аркестар з мясцовых, мяркуючы па чырвоных павязках з сярпом і молатам, членаў КПЗБ. А па Ягелёнскай (Машэрава) ішла танкавая калёна расейцаў. Салдацікі-пяхотнікі ўсе нейкія замораныя. Памятаю, як яны палілі. Дастане баец мяшочак з тытунем, з абрыўка газэты змайструе самакрутку, доўга высякае іскру крэсівам аб кавалак напільніка, запаліць...
А ў немца хітры партсігар: закладзе паперку, крутане — і гатова. Калёна вермахта ўжо стаяла напагатове. Перад ваяводзтвам, зараз аблвыканкамам — невялікі драўляны памост і флагшток зь нямецкім сьцягам. Расейцы павярнулі з Ягелёнскай на Вуніі і спыніліся. Нямецкі чын у шынялі з чырвонай генэральскай падкладкай і расейскі камбрыг паціснулі рукі. Прайшлі падразьдзяленьні, два камандзіры сказалі прамовы».
А вось што прыгадвае Барыс Трафімаў: «У пачатку 20-х дзён верасьня стаў сьведкам сумеснага савецка-нямецкага параду. Народ сабраўся на плошчы насупраць ваяводзтва. Нікога не чапалі, толькі зганялі тых, хто залез на дах з фотаапаратам. Бліжэй жаўнераў-«вызваліцеляў» разгледзеў у наступныя дні. За танкістаў не скажу, а вось пяхота, якая ўваходзіла ў Берасьце з усіх кірункаў, уразіла беднасьцю і неахайнасьцю. Мы звыклі да ладных польскіх вайскоўцаў, а тут брудныя, з пахам, па шыях казуркі… У галаву палезьлі сумневы: якое ж нам жыцьцё нясуць?..»
Гэта была сапраўдная ўрачыстасьць. Жаўнеры двух войскаў на вуліцах Берасьця абменьваліся папяросамі, афіцэры частавалі адзін аднаго півам.
Польскія ваеннапалонныя былі перададзеныя камуністам. У наступныя дні яны вывозілі завалы з тэрыторыі крэпасьці. Неўзабаве большую частку шэрагоўцаў адпусьцілі. Ахвярамі катынскага расстрэлу пазьней стануць берасьцейскія афіцэры і паліцыянты.
Нямецкі і савецкі жаўнеры-сябры. У левым баку - палонныя польскія вайскоўцы
28 верасьня генэрал Канстанты Плісоўскі быў захоплены ў савецкі палон. Забіты супрацоўнікамі НКУС, у форму якіх любіць апранацца былы міністар нутраных справаў Беларусі Шуневіч, у красавіку 1940 году.
Гераічная, арганізаваная, сапраўдная абарона Берасьцейскай крэпасьці ў верасьні 1939-га не мае нічога агульнага з ваеннымі дзеяньнямі 1941-га. У чэрвені 1941 году маем справу з памылковымі рашэньнямі вайсковага кіраўніцтва: адпраўка чырвонаармейцаў пад кулямётны агонь, танкі, што стаялі ў дварах замест неабходных ім месцаў дыслякацыі, абсалютнае марнаваньне людзкіх і матэрыяльных рэсурсаў.
Як зазвычай заведзена ў нашых усходніх суседзяў: не лічыць колькасьць забітых, бабы яшчэ нараджаюць. Да ведама: адным з тых, хто доўга заставаўся ў крэпасьці, быў маёр Гаўрылаў, узяты ў палон немцамі ў ліпені 1941-га. Пасьля вызваленьня радзіма «ўшанавала» яго 10 гадамі ў лягеры: «лепш бы ты памёр, чым застаўся жывы». Праз шмат гадоў яго зробяць тварам абароны.
Баявыя дзеяньні палякаў у Берасьці ў 1939 годзе пасьлядоўна замоўчваліся ў публічнай прасторы. Прыходзіць новы час, калі кожная таямніца, схаваная ад людзей камуністамі і лукашыстамі, будзе адамкнёная.