Вайна — гэта дорага. Траціна выдаткаў бюджэту Украіны цяпер — заробкі вайскоўцаў

Выдаткі дзяржбюджэту Украіны ў апошні месяц лета выраслі. Найбольш імкліва выраслі ў жніўні выдаткі на грашовае ўтрыманне вайскоўцаў — амаль на 42 працэнты.

2768182.jpg

Ва Украіне паведамілі, што з пачатку ўварвання Расіі на выплаты грашовага ўтрымання вайскоўцаў было накіравана больш за 375 мільярдаў грыўняў — а гэта складае 31,3% з усіх выдаткаў агульнага фонду дзяржбюджэту (1 200,8 млрд грн). Пра гэта сведчаць даныя Дзяржаўнага казначэйства Украіны.

У цэлым выдаткі агульнага фонду дзяржбюджэту Украіны на аплату працы людзей у жніўні склалі 52,8% усіх выдаткаў.

На закупку ваеннай тэхнікі, узбраенняў, боепрыпасаў, прадукцыі абароннага прызначэння, сродкаў індывідуальнай абароны было выдаткавана 12,5% бюджэту (149,7 млрд грн).

Паводле Мінфіна Украіны, з пачатку вайны 21,7% з усіх выдаткаў, ці 257,4 млрд грн (у жніўні — 43,2 млрд грн), прыйшлося на сацзабеспячэнне. У тым ліку 111,3 млрд грн — у пенсійны фонд Украіны, 78,2 млрд грн — Міністэрства сацыяльнай палітыкі выдаткавала на выплаты дапамогі, кампенсацый, ільгот і жыллёвых субсідый, а таксама на штомесячную адрасную дапамогу перасяленцам, а 30,4 млрд грн — на дапамогу ў рамках праграмы єПідтримка.

Нагадаем, 13 верасня ўкраінскі Кабмін ухваліў праект бюджэту на 2023 год. Цяпер яго мусіць ухваліць парламент. Асноўныя выдаткі ў ім закладзеныя на бяспеку і абарону — амаль 50 працэнтаў усяго бюджэту краіны (больш за 1,1 трыльёна грн).

Паводле korrespondent.net