208-мы дзень вайны. Што адбылося на фронце за ноч
Тэрыторыя Паўднёваўкраінскай АЭС у Мікалаеўскай вобласці сёння ноччу патрапіла пад абстрэл. Ракета ўпала за 300 метраў ад ядзерных рэактараў, паведамляе Энергаатам Украіны.
Ударнай хваляй пашкоджаны будынак АЭС, разбіта больш за 100 вокнаў. Адключыўся адзін з гідраагрэгатаў Аляксандраўскай ГЭС, якая ўваходзіць у склад Паўднёваўкраінскага энергакомплексу. Адключыліся тры высакавольтныя лініі электраперадачы.
Цяпер усе тры энергаблокі Паўднёваўкраінскай АЭС працуюць у штатным рэжыме. Пацярпелых сярод персаналу станцыі няма.
Глыбіня варонкі складае два метры, а дыяметр — чатыры.
«...Акты ядзернага тэрарызму расійцаў пагражаюць усяму свету. Іх трэба неадкладна спыніць, каб не дапусціць новай катастрофы!» — падкрэслілі ў «Энергаатаме».
Нагадаем, расійскія захопнікі ўварваліся ва Украіну раніцай 24 лютага і, у прыватнасці, захапілі Запарожскую АЭС і не раз яе абстрэльвалі, з-за чаго ўзнікалі праблемы з электразабеспячэннем.
За мінулыя суткі ад абстрэлаў расійскіх акупантаў пацярпела інфраструктура больш за 30 населеных пунктаў.
Пра гэта паведамляе ў Facebook Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны ў ранішняй зводцы.
У паведамленні адзначаецца, што вораг працягвае абстрэльваць дамы мірных жыхароў і аб'екты грамадзянскай інфраструктуры, парушаючы нормы Міжнароднага гуманітарнага права, законы і звычаі вядзення вайны.
«Вораг нанёс 3 ракетныя і 22 авіяцыйныя ўдары, здзейсніў больш за 90 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па аб'ектах на тэрыторыі Украіны. З пачаткам гэтых сутак вораг правёў яшчэ тры ракетныя ўдары», — адзначаюць у Генштабе.
У паведамленні зазначаецца, што пацярпела інфраструктура больш як 30 населеных пунктаў, у прыватнасці, Нікалаева, Запарожжа, Саледара, Белагор'я, Наваполя, Першамайскага, Тэміроўкі, Сухога Стаўка, Міралюбаўкі, Пятроўкі, Беразнегаватага, Белагароўкі, Спорнага, Краснагораўкі, Сцяпнога і Вольгеўскага.
«Застаецца пагроза авіяцыйных і ракетных удараў па ўсёй тэрыторыі Украіны», — адзначаюць у Генштабе.