Алена Гнаўк: Хтосьці мусіць стаць рупарам народа

Пенсіянерка Алена Гнаўк з вёскі Ткачы Пружанскага раёна, якая адбывае трохгадовую «хатнюю хімію», звярнулася ў відэа да Лукашэнкі з заклікам адмовіцца ад улады, каб у Беларусі запанавалі згода і спакой.

Алена Гнаўк

Алена Гнаўк


«Беларускае Радыё Рацыя» пагутарыла са спадарыняй Аленай.
РР: Чаму вы вырашыліся на такое відэа? Даволі небяспечнае ў вашым становішчы — як жанчыны, якая адбывае трохгадовую «хатнюю хімію».
Алена Гнаўк: Калі я зрабіла відэа, зайшла ў Ютуб і прачытала каментары. І там мне спадабаўся адзін каментатар, які напісаў: «А ці яна яшчэ жывая?» Я напісала яму, што я яшчэ жывая і планую быць жывой. Але гэта, канешне, смех скрозь слёзы. Я як грамадзянка, як хрысціянка не магла зрабіць іначай. Сістэма ўжо сарвалася з рэльсаў. І калі гэты цягнік ідзе на ўсіх парах і сыходзіць з рэльсаў, дык ён усё рушыць на сваім шляху. Нешта такое сталася ў маёй роднай краіне, калі людзі пабачылі, — я гавару пра тых, хто стаіць на тым баку барыкад, што сістэма развязвае ім рукі, то яны рынуліся рабіць беззаконне. І гэта перайшло ўжо ўсе межы. Таму я лічу, што настаў той момант, калі мы прайшлі ўжо ўсё, але ж трэба штосьці рабіць. Дык вось, што я магу рабіць? Я не магу ўзяць каменне, я не магу ўзяць стрэльбу. І гэта не могуць узяць мае суайчыннікі. На крайнія меры яны не гатовыя. І гэта добра. Але ўсё ж такі хтосьці мусіць быць рупарам гэтага народа. Так сталася, што я ўзяла адказнасць за свой народ. Узяла адказнасць яшчэ восенню мінулага года. З’явілася маё першае відэа, у якім я звярнулася да свайго народа.
РР: Вы звярнуліся як хрысціянка, у відэа вы гаворыце, што трэба адпусціць Лукашэнку, даць яму вялікі самалёт і даць тры дні на зборы. У каментарах бачна, што многія з вамі не згодныя. Людзі лічаць, што ён павінен адказаць перад законам і стаць перад судом.
Алена Гнаўк: Я разумею той бок. Але, калі мы разумныя людзі, то павінны задумацца. Калі мы хочам, каб людзі выйшлі з-за кратаў, то мы мусім ахвяру нейкую прынесці. То гэта будзе нашая ахвяра. Мы даём права гэты суд вяршыць не суду чалавечаму, а суду Божаму. Мы павінны пайсці на саступкі, каб не пралілася кроў. Таму што, калі мы хочам, каб людзі нашы выйшлі, калі мы хочам жыць на абноўленай зямлі і хочам дыктатара судзіць, то так не атрымаецца. Трэба нам пайсці на саступкі. Гэты чалавек, які ўжо не ведае, што ён творыць, які развязаў рукі той частцы народа, у чыіх руках насілле і штыкі, мусіць пабачыць, што яму даецца шанец выйсці з гэтай сітуацыі па-чалавечы, па-хрысціянскі. Бо ён баіцца за сваё жыццё, жыццё сваіх дзяцей. Трэба даць магчымасць па-чалавечы сысці і перадаць уладу прадстаўніку нашага пратэстуючага народа.
Цалкам размову можна паслухаць тут.