Беларусу Вадзіму Дубойскаму, абвінавачанаму ў масавых беспарадках, працягнулі арышт у Расіі на два месяцы
Суд у Чырвонай Ярузе (Белгарадская вобласць, Расія) працягнуў на два месяцы арышт грамадзяніну Беларусі Вадзіму Дубойскаму. Яго затрымалі ў РФ 12 красавіка па запыце беларускіх улад, з таго часу Дубойскі знаходзіцца ў СІЗА Белгарада, паведамляюць naviny.online.
У жніўні 2020 года ў Брэсце Вадзім Дубойскі быў затрыманы і збіты. Яго вызвалілі без складання якіх-небудзь дакументаў. Пасля таго, як мужчына зняў пабоі, у дачыненні да яго распачалі справу па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса («Масавыя беспарадкі»).
Малады чалавек восенню 2020 года з'ехаў у Расію, дзе пазней быў затрыманы.
9 верасня суд у Белгарадзе прыняў рашэнне выдаць Дубойскага беларускаму боку. Рашэнне не ўступіла ў сілу, адвакат абскардзіць яго ў апеляцыйнай інстанцыі ў Маскве.
Разам з тым, супрацоўнікі СІЗА ў Белгарадзе 22 верасня вырашылі пачаць працэс экстрадыцыі Дубойскага ў Беларусь, бо, паводле слоў яго адваката, не ведалі пра апеляцыю. Адвакат знайшоў свайго падабароннага ў СІЗА Курска і спыніў працэс выдачы. З курскага СІЗА Дубойскага перавялі назад у Белгарад. Там ён будзе заставацца, згодна з рашэннем суда, яшчэ два месяцы пад арыштам — калі не атрымаецца дамагчыся станоўчага для яго выніку ў апеляцыйным судзе.
Раней з Расіі беларускім уладам быў перададзены баец ММА Аляксей Кудзін, пазней асуджаны ў Беларусі на два з паловай гады пазбаўлення волі паводле ч. 2 арт. 363 КК («Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак, спалучаны з ужываннем або пагрозай гвалту»).
Адзіны беларус, якому ўдалося пазбегнуць экстрадыцыі з Расіі, — Мікалай Давідчык. Ён амаль 20 гадоў пражыў у Маскве, але мае беларускае грамадзянства. Давідчык адміністраваў беларускія пратэсныя тэлеграм-каналы. У Беларусі яго абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў.
Давідчык паўтара месяца правёў у СІЗА. Генеральная пракуратура Расіі ў дакументах, прадстаўленых беларускім бокам, не знайшла доказаў злачынства, і Давідчык быў вызвалены. Пазней ён з'ехаў з сям'ёй у Польшчу.