Мінчанку арыштавалі за БЧБ-сцяг, які павесілі на акно міліцыянты

48-гадовую мінчанку Іну Драніца асудзілі на 30 сутак арышту, прызнаўшы вінаватай у «несанкцыянаваным пікетаванні». Нагодай стаў бел-чырвона-белы сцяг на акне яе кватэры. Пры гэтым сама жанчына кажа, што вывесілі яго міліцыянты, пішуць праваабаронцы «Вясны».

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Мінчанку затрымалі 4 кастрычніка, калі яна выязджала на машыне з двара. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа заявілі, што прыехалі да яе праводзіць ператрус. Дома ў Іны Драніца канфіскавалі тэхніку. Таксама ў кватэры знайшлі бел-чырвона-белы сцяг, які пры панятых унеслі ў пратакол. А потым, як кажа мінчанка, міліцыянты адпусцілі панятых, павесілі сцяг на акно, прымацаваўшы яго скотчам, і сфатаграфавалі для пратакола.
На судзе Іна Драніца прасіла выклікаць сведкамі суседзяў, каб яны пацвердзілі, што сцяг на акне не вісеў, але суддзя Фрунзенскага раёна Таццяна Палулех адхіліла хадайніцтва. Сведка-міліцыянт на судзе заявіў, быццам панятыя прыйшлі пасля таго, як міліцыянты знялі БЧБ-сцяг з акна.
Суддзя здзівілася паказанням Драніца пра вывешаны міліцыянтамі сцяг, таму яна запыталася, навошта гэта спатрэбілася супрацоўнікам ГУБАЗіКа. «Каб пакараць мяне за незгаворлівасць», — адказала жанчына.
Паводле «Еўрарадыё».