Віктара Бабарыкі няма ў шпіталі на «Валадарцы», магчыма, ён у Калядзічах

Больш за два тыдні адсутнічае інфармацыя пра месцазнаходжанне палітыка і палітвязня Віктара Бабарыкі. Паведамлялася, што яго нібыта перавялі ў турэмны шпіталь СІЗА на мінскай вуліцы Валадарскага, але выглядае, што яго там няма.

Фота РІА «Новости»

Фота РІА «Новости»

Сёння сваякі Віктара Бабарыкі былі ў СІЗА-1 на Валадарскага, але там ім сказалі, што Віктара ў іх няма. Пра гэта распавядае тэлеграм-канал палітвязня.

У той жа час, аднаму з валанцёраў штаба Бабарыкі, які таксама звярнуўся ў СІЗА на Валадарскага, паведамілі, што былы кандыдат у прэзідэнты знаходзіцца ў шпіталі ў Калядзічах (Мінскі раён).

Віктара Бабарыку шпіталізавалі ў ноч на 25 красавіка ў гарадскую бальніцу Наваполацка са слядамі фізічнага ўздзеяння.

Упершыню інфармацыя пра шпіталізацыю палітыка з'явілася ў тэлеграм-канале «Р*бочы рух». Аўтары канала пісалі, што былога банкіра прывезлі ў бальніцу ў ноч на 25 красавіка са слядамі збіцця і пнеўматораксам.

Пазней медыцынскі тэлеграм-канал «Белыя х*латы» паведаміў, што ў Віктара Бабарыкі стаіць дрэнажная прылада, ён ходзіць сам. Такая інфармацыя, нібыта, паступіла ад сведак у наваполацкай бальніцы.

Яшчэ 27 красавіка ў наваполацкай цэнтральнай гарадской бальніцы пацвердзілі, што палітык знаходзіцца ў іх. Але 29 красавіка прадстаўнік адміністрацыі калоніі заявіў, што Бабарыка «жывы і здаровы» і працягвае адбываць пакаранне.

Паводле непацверджанай інфармацыі, Віктар Бабарыка афіцыйна больш не лічыцца ў сваім атрадзе.

У штабе палітыка раней паведамлялі, што інфармацыі пра Віктара Бабарыку ў іх не было некалькі месяцаў.

Віктара Бабарыку разам з сынам Эдуардам затрымалі 18 чэрвеня 2020 года, прычым па эканамічных абвінавачаннях: «легалізацыя злачынных даходаў» і «атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры». А вось прысуд аказаўся палітычным: 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, буйны штраф і шматмільённая кампенсацыя таемнай «шкоды дзяржаве». Сваёй віны Віктар Дзмітрыевіч не прызнаў.

А 20 снежня 2021 года Вярхоўны суд прысудзіў Віктара Бабарыку да 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Суд прызнаў палітыка вінаватым па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: «Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры» (ч. 3 арт. 430) і «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам» (ч. 2 арт. 235). Ён адзіны з васьмі абвінавачаных па справе «Белгазпрамбанка» не прызнаў віны па ўсіх эпізодах абвінавачання.