«Кроў як жэле, мача — як жоўць». Актывіст ва Уздзе хоча пакараць сілавікоў пасля сухой галадоўкі

Віктар Крываль — вядомы ва Уздзе актывіст. У пачатку красавіка дадому да яго з пратаколам агляду прыйшлі сілавікі. Мужчына нібыта адмовіўся даць ім доступ да свайго камп'ютара, за гэта яго затрымалі за непадпарадкаванне — і праз тры дні, якія ён правёў у карцары мясцовага РАУС, адпусцілі. Канчатковае рашэнне па яго справе суд вынес толькі 5 мая — 15 сутак арышту. Гісторыю Віктара распавядае «Л*стэрка».

Віктар Крываль. Фота з сацсетак

Віктар Крываль. Фота з сацсетак

Пасля вердыкту на знак пратэсту Крываль абвясціў сухую галадоўку, праз што трапіў у лякарню, але ад сваіх прынцыпаў не адмовіўся. У палаце ён піша скаргі на ўсіх тых, хто, як ён лічыць, паступіў з ім не па законе. «Ён хоча іх пакараць, — распавядае Кірыл (імя змененае), знаёмы мужчыны. — І ўпэўнены, у яго атрымаецца».

Віктару 57 гадоў. Кірыл знаёмы з ім вельмі даўно. Кажа, гэта чалавек з абвостраным пачуццём справядлівасці. З 2001-га ён у апазіцыі, з'яўляецца сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У жыцці ён ІП, займаецца распілоўкай лесу.

— Спачатку з пастановай на агляд пастукаліся да ягонага сына. Ён, як і бацька, прыцягваўся па «палітычных» артыкулах. У сына нічога не знайшлі. Потым прыйшлі да Віктара. Быў участковы і два «касманаўты», паклікалі чацвярых панятых, — апісвае тое, што адбывалася, Кірыл. — Паглядзелі ўсю кватэру. Віктар адсунуў ім канапы, шафы. Потым яны заўважылі на стале стары камп'ютар, кажуць: «Уключай». Віця адказаў: «Гэта не мой, я не ведаю, як гэта зрабіць». Адышоў у бок і прапанаваў: «Спрабуйце самі». Яны яшчэ раз сказалі ўключыць, ён адказаў, што не ўмее, — і тут жа на вачах у панятых яго ў кайданкі і павезлі ў РАУС.

З чым менавіта быў звязаны агляд, Кірыл дакладна не ведае. Мяркуе, што прычынай можа быць напружанне праз здароўе Лукашэнкі. У пастанове ж на агляд, якую бачыў суразмоўца, матывацыя візіту да яго апісаная так: «Можа быць датычны да здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў, звязаных з пратэснай актыўнасцю, учыненай з дэструктыўным намерам, а таксама па месцы жыхарства можа захоўваць матэрыялы экстрэмісцкай накіраванасці, якія могуць быць выкарыстаныя з мэтай распаўсюджання і размяшчэння ў грамадскіх месцах».

— У міліцыі яго адразу ж да суда адправілі ў карцэр. Там тэмпература +4°C. Жалезная шконка, ні паспаць, нічога. А ён у хатніх тапачках, майцы, — працягвае суразмоўца. — Як патлумачылі мне, за непадпарадкаванне міліцыя спецыяльна садзіць у карцар, каб абламаць.

Затрымалі Віктара ў суботу, 8 красавіка. Суд быў у панядзелак, 10-га. Паводле слоў Кірыла, справу яго знаёмага разбіралі па арт. 23.4 КаАП («Непадпарадкаванне»). Пасяджэнне вёў старшыня суда Уздзенскага раёна. Падчас працэсу Віктар хадайнічаў, каб апыталі сведак, то-бок панятых, паглядзелі запіс з відэарэгістратараў сілавікоў, якія яго затрымлівалі. Суддзя на гэта пагадзіўся і перанёс разгляд справы на 3 траўня.

— Віктара адпусцілі дадому. Усё было добра. Усе задаволеныя, нармальны суддзя, — успамінае тагачасныя думкі знаёмы. — У канцы красавіка стала вядома, што па справе прызначылі новага суддзю.

Са слоў суразмоўцы, 3 траўня на працэсе ўсё было інакш. Паглядзець відэа адмовіліся, дапытаць сілавікоў — таксама, з чатырох сведак «можна было» толькі аднаго. Віктар прасіў весці працэс на беларускай мове, суддзя не пагадзіўся.

— Наступнае пасяджэнне адбылося 5 траўня. Віктар быў упэўнены, што яго апраўдаюць, таму з цёплых рэчаў узяў з сабой толькі кофту, — працягвае суразмоўца. — На працэсе ён заявіў 12 хадайніцтваў, але яму адмовілі. Сведка пацвердзіў: Віця нікому не перашкаджаў. Нягледзячы на гэта, суддзя дастаў ужо раздрукаванае рашэнне і прама на месцы кажа: «Суд пастанавіў — 15 сутак». Віктар распавядаў: у рашэнні напісана, што ён адмовіўся ад дачы тлумачэнняў і паказанняў. Справа ў тым, што 3 траўня ён заявіў: «Ці паседжанне на беларускай, ці буду маўчаць». І яны загадзя гэта прапісалі. Хоць на працэсе 5 траўня, наколькі я ведаю, ён хвілін сорак казаў.

«Ён лічыць, галадоўка — гэта толькі ў плюс»

Паводле слоў Кірыла, пасля пасяджэння Віктара зноў павезлі ў ІЧУ і пасадзілі ў карцар:

— Пасля суда ён адразу ж абвясціў сухую галадоўку. Сем дзён ён нічога не піў і не еў. Кожны дзень да яго выклікалі хуткую. Яны слухалі, што ціск больш-менш у норме, да адседкі прыдатны, — і з'язджалі. 11 мая яму стала вельмі дрэнна, і яго забралі ў бальніцу. Хтосьці патэлефанаваў яго сыну, паведаміў, той пабег да бацькі. Наколькі ведаю, аглядаў Віктара намеснік галоўнага ўрача. Віця распавёў яму, што баліць, якія адчуванні. А той яму: «Еш і пі». Знаёмы папярэдзіў медыка: «Калі я вярнуся ў карцар, я працягну галадаць». «Тады, — адказаў лекар, — нічым не магу табе дапамагчы, ты адмаўляешся ад агляду». Віктар пачаў яму пярэчыць, але міліцыя яго тут жа стала забіраць у РАУС.

Наколькі ведае Кірыл, сын мужчыны спрабаваў у той дзень пагаварыць з медыкам, хацеў, каб бацьку шпіталізавалі, але выніку гэта не прынесла. Адзінае, у той дзень Віктару змаглі перадаць кажух, каб у карцары яму было цяплей. У пятніцу, 12 траўня, сын Віктара датэлефанаваўся на гарачую лінію Міністэрства аховы здароўя і там распавёў сітуацыю.

— Вельмі хутка пасля гэтага прыехала хуткая і зноў забрала Віктара ў бальніцу. Яму прызначылі новага лекара. Гэты тэрапеўт вывучыў аналізы, якія ўчора глядзеў намеснік галоўнага ўрача, і, лічы, за галаву хапаўся: «Чалавек ледзь не пры смерці». Кроў як жэле, мача — як жоўць. Хана. Усё — яго шпіталізавалі, — не хавае эмоцый суразмоўца.

Цяпер Віктар ляжыць у пяцімеснай палаце ў тэрапеўтычным аддзяленні. Знаёмы не ведае, ці есць ён, але п'е ваду — гэта дакладна.

— Медыкі кажуць, што ў бальніцы ён прабудзе дзесьці да наступнага панядзелка. Ніякай аховы ў яго няма. Цяпер ён лічыцца свабодным чалавекам. Пакаранне працягне адбываць, калі выздаравее, — кажа Кірыл. — Наколькі мне вядома, міліцыя сказала лекарам папярэдзіць пра ягоную выпіску загадзя, а яшчэ нікуды яго з лякарні не адпускаць.

Стан знаёмага Кірыл апісвае так: схуднеў кілаграмаў на дзесяць. На пытанне, чаму Віктар вырашыў трымаць сухую галадоўку, адказвае з ходу:

— Таму што прыйшлі да яго і затрымалі абсалютна незаконна. Так ён пратэстуе супраць незаконных дзеянняў. Ён неаднаразова сядзеў за палітыку. Гэта ўжо не першая яго галадоўка. Калі потым ён вернецца ў ІЧУ, ён працягне не піць і не есці. Пераконваць яго марна.

У лякарні, адзначае суразмоўца, Віктар піша скаргі на дзеянні сілавікоў. На некаторыя ўжо паспеў атрымаць «адпіскі».

— Настрой у Віктара бадзёры. Ён упэўнены, што праз суды і скаргі ён іх пакарае за незаконныя дзеянні, таму што яны робяць усё занадта тапорна, — рэзюмуе суразмоўца. — Ён мяркуе, галадоўка — гэта толькі ў плюс.