Сяргей Дубавец: Чаму Бабарыка не адкупіўся ад турмы і ці спыніць смерць Лукашэнкі рэпрэсіі?

Ці паўплывае смерць Лукашэнкі на рэпрэсіі? Рэпрэсіі — гэта асабістая помста беларускага кіраўніка і яго персанальная адказнасць. Пакуль яны не спыніліся — значыць, паміраць ён не збіраецца, лічыць пісьменнік і філосаф Сяргей Дубавец.

marsz_mira_i_nezaleznasci__32__logo_2_logo.jpg

Сяргей Дубавец на «Радыё Св*бода» чвэрць стагоддзя знаходзіць сэнсы беларускага жыцця.

  • Чаму прапагандысты сталі ганіць Нобелеўскую прэмію, калі яе атрымаў Алесь Бяляцкі?

Пачалі яшчэ са Святланы Алексіевіч.

На першы погляд, тут ёсць парадокс. Вось атрымаў прэмію расійскі «Мемарыял», які ў РФ забаронены. Але ў шырэйшай перспектыве Нобелямі мераюцца не рэжымы, а краіны і народы. Выходзіць, Расія атрымала прэмію міру і адначасова развязала вайну ва Украіне?

Насамрэч Нобель — індыкатар чужароднасці інтарэсаў рэжыму і краіны. Рэжым рана ці позна скончыцца, і Расія будзе ганарыцца Салжаніцыным і Бродскім, якіх улады з Расіі выгналі. Беларусь і беларусы будуць хваліцца Алексіевіч і Бяляцкім. А пакуль рэжым адчувае сваю чужароднасць для народа і краіны і інстынктыўна сігналіць пра гэта. 


  • Чаму за столькі гадоў кіравання Лукашэнка так і не вывучыў ангельскую мову?

Ён аб’ектыўна жыве ў вобразе дырэктара саўгаса пасляваенных часоў і нават калі б хацеў, не змог бы змяніцца. Няма такой опцыі ў базавай камплектацыі. Гэты вобраз узыходзіць да постаці Сталіна, «мудрага кіраўніка», які калісьці злізвала ўся наменклатура.

Наколькі атавістычна такі трафарэт выглядае ў сучаснасці, падкрэслівае шпіц на гасцявым стале Лукашэнкі. Так нейкі піяршчык вольна ці міжвольна патроліў дыктатара. Гэты белы пухнаты сабачка, калі хочаце, — іншасказ інгліша ў вуснах Лукашэнкі. Уявіце сабе шпіца на стале ў Сталіна. Акурат той выпадак, калі трагедыя паўтараецца як фарс. 


  • «Несмяротны полк»: як доўга расіяне будуць эксплуатаваць мёртвых?

Трэба ўлічваць расійскі менталітэт. Там кажуць: «На миру и смерть красна». Там адчуваюць патрэбу крычаць пра сваё гора на ўсю вуліцу. І крык гэты робіцца агрэсіўным: «Можам паўтарыць!»... У беларусаў ёсць традыцыя галашэньня, але яна не паказная, адбываецца ў коле сям‘і...

Асабіста ў мяне ў тую вайну на фронце загінуў дзед. Я нарадзіўся праз 16 гадоў, але тая страта сэнсоўна адчувалася праз усё маё жыццё і праз жыццё сям’і. Дзеда не было, але ён нейкім чынам прысутнічаў і прысутнічае ўвесь час і ва ўсім. Калі б я з партрэтам дзеда выйшаў на вуліцу, я адчуў бы глыбокі сорам, бо здрадзіў бы ягонай невідочнай прысутнасці. Памяць у беларусаў вельмі прыватная. 

  • З Украіны вывезлі шмат дзяцей, а іх хтосьці ўлічвае? Можа, іх вывозяць на органы?

Ва ўмовах поўнай сакрэтнасці і адкрытай хлусні з боку рэжыму можа быць усё. Больш за тое, калі жыццё чалавека ўвесь час абясцэньваецца прапагандай, калі за антываенны лайк пагражае турма, калі ў дзіцячых садках насычаюць атмасферу мілітарызмам і «русским миром», а з другога боку, на ўвесь свет выхваляюцца поспехамі беларускай трансплянталогіі... Шукаючы логіку ў гэтым усім, застаецца толькі дадумваць, зводзячы канцы з канцамі.

Узброеныя цёмныя людзі фактычна знішчылі журналістыку ў Беларусі і пад покрывам таямніцы робяць цёмныя справы. Інакш нашто ім хавацца? Добрыя справы звычайна робяць адкрыта.

  • Цяпер уся агрэсіўная прапаганда вядзецца ў Беларусі па-руску. А ці магчымая яна па-беларуску і ці варта гэтага патрабаваць?

Патрабаваць не варта, бо гэта звязана з вашай бяспекай, а пры тым і немагчыма. Па-беларуску можна, вядома, перадаваць хлуслівыя навіны, але рабіць агрэсіўную прапаганду нельга. Бо беларуская мова (асабліва за гэтыя тры гады) моцна аб’ядноўвае беларусаў вакол сваёй культуры і тоеснасці, дае адчуванне, што мы адна нацыя — як адна сям’я, пагатоў самыя светлыя нашы словы кшталту «Жыве Беларусь!» забароненыя рэжымам, і цяпер пра гэта ведаюць усе.

Задача прапаганды адваротная — атамізаваць людзей, трымаць іх у рабскім страху. Я ўжо не кажу пра галоўную мэту прапаганды — русіфікацыю.

Дзесьці ў Высоцкага ёсць радок: «Бо патрэбныя кнігі ты ў дзяцінстве чытаў». Прынамсі, для майго пакалення гэта цалкам вытлумачальныя словы.

Бабарыка чалавек шчыры і высакародны. І ў гэтым усім вельмі прынцыповы. Асабіста я ведаю яго такім і ведаю ягоную на карысць Беларусі дабрачыннасць, якую маштабамі ні з чыёй іншай дабрачыннасцю ніякага іншага бізнесоўца параўнаць немагчыма. Ён перакананы, што як ён будзе паводзіцца ў жыцці, такое і жыццё будзе вакол яго. І гэта важней за турму і нават смерць. Такую пазіцыю могуць сабе дазволіць толькі вялікія людзі, якія ўрэшце застаюцца ў гісторыі і ў патрэбных кнігах.


  • Што вы думаеце пра стан Лукашэнкі? І як яго смерць паўплывае на рэпрэсіі?

Яны спыняцца. Бо гэта яго асабістая помста і персанальная адказнасць. Ніхто ў ягоным атачэнні не настолькі ўсемагутны, амбітны і матываваны, каб браць гэтую персанальную адказнасць на сябе. Пры тым усе выдатна разумеюць, што гэтыя рэпрэсіі нічым, апроч ягонай помсты, не апраўданыя, што гэта адкрытыя злачынствы з выкарыстаннем службовага становішча. І без Лукашэнкі пакрываць іх не будзе каму.

Таму калі б ён сапраўды занядужаў і страціў кантроль, першым сігналам было б калі не спыненне рэпрэсій, дык прынамсі іх паслабленне. Пакуль жа казаць пра гэта не выпадае.