Нобелеўскі лаўрэат і беларуская катавальня: Алеся Бяляцкага перавялі ў горацкую калонію

Папраўчая калонія № 9 у Горках «славіцца» сваімі метадамі «выпраўлення». Зняволеныя, якіх адтуль пераводзяць у турмы, часам радуюцца такім пераводам. У гэтай калоніі будзе адбываць тэрмін, прызначаны так званым судом, праваабаронца і лаўрэат Нобелеўскай прэміі Алесь Бяляцкі.

Праваабаронца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі. Фота: sb.by

Праваабаронца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі. Фота: sb.by


На пачатку траўня праваабаронцу, нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, асуджанага на 10 гадоў, адправілі ў калонію ў Горках. У гэтай папраўчай установы благая рэпутацыя, яе лічаць адной з самых суровых у Беларусі. Паводле расповедаў былых зняволеных, палітзэкам там прыпісваюць парушэнні, каб адправіць іх у штрафны ізалятар або турму. Іншым асуджаным забараняюць з імі мець зносіны. Здзекі і правакацыі зыходзяць ад зняволеных, лаяльных да адміністрацыі. Некаторыя асуджаныя нават ускрывалі вены, каб спыніць бязмежжа.

Калонія ў Горках знаходзіцца за горадам, яна была пабудавана ў 1957 годзе на базе цаглянага завода — асуджаныя працавалі там у тры змены. У сярэдзіне 70-х яе перапрафілявалі пад металаапрацоўку. Праца на металаломе самая цяжкая, кажуць сваякі асуджаных. Таксама зняволеныя працуюць на дрэваапрацоўцы, у швейным і хлебабулачным цэхах. ПК № 9 складаецца з 13 карпусоў, разлічаных на 1500 чалавек. І, як кажуць сваякі, цалкам забітая. Сюды адпраўляюць адбываць пакаранне тых, хто раней ужо быў судзімы. У гэту калонію «прывозяць ламаць зняволеных», адзначыў у размове з «Нямецкай хваляй» былы асуджаны.


Палітвязня шэсць гадзін білі нагамі

Цяпер у горацкай калоніі дзесяць палітвязняў. Некаторыя з іх трапілі ў ПК № 9 у якасці дадатковага пакарання — за «парушэнне рэжыму» ў калоніях, дзе іх утрымлівалі першапачаткова. У дачыненні да некаторых палітвязняў зафіксаваны сістэматычныя факты ціску і нават катаванні, расказала праваабаронца Наталля Сацукевіч.

Вадзім Гурманбыў асуджаны за ўдзел у акцыі пратэсту ў Маладзечне. За два гады знаходжання ў горацкай калоніі ён прайшоў праз цяжкія выпрабаванні. «Нам вядома, што супрацоўнікі ПК збівалі яго нагамі цягам шасці гадзін, а потым халоднай вадой вярталі ў прытомнасць, — кажа Сацукевіч. — Іншым зняволеным забараняюць з ім мець зносіны. На пачатку года Вадзім адбыў 35 сутак у штрафным ізалятары, у красавіку яго на паўгода змясцілі, па сутнасці, у адзіночную камеру». У Гурмана сур'ёзнае захворванне вачэй, і, паводле звестак праваабаронцаў, Вадзім цяпер амаль нічога не бачыць, але належная медыцынская дапамога яму не аказваецца.

Праз ПК №9 двойчы праходзіў журналіст Мікалай Дзядок. Яшчэ на судзе ён паведаміў, што сілавікі пагражалі, «маўляў, у калоніі ў Горках я буду забіты крымінальнікамі, і гэта спішуць на праблемы з сэрцам». Падчас першага тэрміну, у 2015 годзе, Мікалай быў вымушаны пайсці на крайнюю меру — парэзаў сабе рукі і жывот. Як адзначыла крыніца з ліку былых асуджаных, на такі крок у ПК №9 ідуць не толькі «палітычныя».

Дзядка прымушалі мыць прыбіральні, а калі ён адмаўляўся (бо па турэмных паняццях пасля гэтага на чалавека вешаюць «нізкі статус»), яго раз за разам сталі адпраўляць у штрафны ізалятар, дзе тэмпература паветра была 9 градусаў.

Падчас другога тэрміну, у 2022 годзе, сітуацыя ў ПК №9, паводле слоў палітвязня, стала яшчэ горшай. Ён змог перадаць на волю, што «такога, як цяпер з ім, у гэтай калоніі ніколі не адбывалася»: ужо без усялякіх падстаў яго сталі змяшчаць у ШІЗА. Акрамя таго, блакіравалі лісты нават ад сваякоў. Дзядка, як і Гурмана, цалкам ізалявалі ад іншых асуджаных. А тых, хто перакінуўся з ім парай слоў, каралі. Таксама да яго не дапускалі адваката. У выніку адміністрацыя сабрала столькі «парушэнняў» на зняволенага журналіста, што яго перавялі ў гродзенскую турму.

Зняволеных «ламаюць» рукамі іншых зняволеных

У ПК №9 зняволеным ствараюць такія ўмовы, што часам яны нават рады, што іх пераводзяць, па сутнасці, у адзіночную камеру. Так было з палітвязнем Міхаілам Жамчужным, калі яго адправілі ў памяшканне камернага тыпу, згадвае Наталля Сацукевіч. «У лістах ён адзначаў, што ў ПКТ яго хаця б пакінулі ў спакоі, няма пагрозы, што навесяць «нізкі статус», — кажа праваабаронца. — Там ён мог спакойна чытаць, адказваць на лісты».

Некаторыя зняволеныя ўспрымаюць з палёгкай нават перавод у турму з горацкай калоніі, адзначыў у размове з «Нямецкай хваляй» былы асуджаны. «Не заўсёды адміністрацыя сваімі рукамі «ламае» зняволеных, — расказвае крыніца. — Часцей гэта робяць рукамі іншых асуджаных, у якіх велізарныя тэрміны і жаданне выслужыцца».

Пра цяжкія ўмовы ў гэтай ПК у сваёй кнізе «Чарвяк» пісаў палітвязень Зміцер Дашкевіч, які таксама прайшоў праз горацкую калонію: «Лазня ў Горках выконвае дзве функцыі: памывачную, дзе зручна раз на тыдзень адскрабаць бруд; і пакоя для біцця, дзе яшчэ зручней біць біялагічную адзінку пад назвай «зняволены». Па-першае, ніхто не чуе, а па-другое, кроў хутка змываецца са сцен і падлогі — патрэбна ўсяго пару тазоў з вадой».


За папраўчымі ўстановамі павінен праводзіцца грамадскі кантроль. Горацкую калонію апошні раз наведвала камісія пры Мінюсце ў 2019 годзе, калі там адбываў пакаранне Жамчужны. Тады старшыня камісіі заявіла, што зняволены сам правакуе супрацоўнікаў ПК. Цяпер, калі ў Горкі этапавалі нобелеўскага лаўрэата, увага да калоніі будзе больш пільнай, адзначаюць калегі Бяляцкага. Аднак магчымасцей для адкрытага маніторынгу цяпер няма. Нават адвакатам цяжка трапіць на сустрэчу з асуджанымі, хоць па законе ў іх такое права ёсць.