Хто адкажа за смерць у калоніі: пракурор, суддзя, начальнік калоніі?
Для пабудовы прававой дзяржавы ў Беларусі неабходна, каб людзі, якія прымалі ўдзел у злачынствах, былі знойдзены і максімальна пакараны. Пра гэта пагаварылі з Міхаілам Кірылюком, прававым дарадцам «Народнага антыкрызіснага ўпраўлення».

Ілюстрацыйная выява, створаная нейрасеткай
У віцебскай калоніі № 3 памёр 61-гадовы палітзняволены блогер з Пінска Мікалай Клімовіч.
Суддзя Пінскага раёна і Пінска Андрэй Бычыла па прапанове пракурора Іллі Гузарэвіча асудзіў Мікалая Клімовіча да года калоніі за карыкатуру на Лукашэнку. Палітвязень працягнуў у калоніі менш за два месяцы…А між тым і суддзя, і пракурор, і адміністрацыя віцебскай калоніі №3 ведалі, што Мікалай Клімовіч меў інваліднасць II групы па сэрцы.
Вядомы суддзя, вядомы пракурор, відавочна, вядомы начальнік калоніі — вядомыя ўсе службоўцы, якія давялі чалавека да смерці. Але ці ўдасца каго-небудзь прыцягнуць да крымінальнай адказнасці?
«Злачыннае бяздзеянне абярнулася смерцю чалавека»
— У першую чаргу трэба казаць пра адказнасць начальніка калоніі і непасрэдных выканаўцаў, якія ведалі пра стан здароўя пацярпелага і нічога не зрабілі, — мяркуе Міхаіл Кірылюк. — У Крымінальным кодэксе ёсць частка 2 артыкула 161 «Неаказанне медыцынскай дапамогі хворай асобе»:
Таксама ёсць артыкул 428, раздзел КК «Службовая халатнасць», па якім ужо прыцягвалі да адказнасці ў падобных выпадках:
Хаця здаровага сэнсу і ведання інструкцыі дастаткова для разумення, што такое злачыннае бяздзеянне можа абярнуцца смерцю чалавека. У выніку неаказанне медыцынскай дапамогі гэту смерць і пацягнула за сабой. Гэта першачарговае кола асоб, якіх трэба прыцягваць да адказнасці: пачынаючы ад начальніка калоніі і да непасрэдных удзельнікаў катаванняў.
А вось суддзя і пракурор могуць несці адказнасць за заведама неправасудны прысуд (артыкул 392 КК) і за прыцягненне да адказнасці заведама невінаватага (артыкул 393 КК), якія пацягнулі за сабой цяжкія наступствы. А смерць чалавека — цяжкае наступства, найбольш цяжкае з прадугледжаных законам. Прававыя падставы для прыцягнення да крымінальнай адказнасці ёсць. Інфармацыі пра гэтых людзей ужо дастаткова.
Спачатку трэба выйграць вайну. А затым шукаць злачынцаў
— Што ўжо робіцца, каб такія людзі не засталіся непакаранымі?
— «Народнае антыкрызіснае ўпраўленне» збірае доказы катаванняў у Беларусі і перадае ў органы крымінальнай адказнасці краін, у якіх знаходзяцца пацярпелыя. Гэта першы трэк. Другі трэк — ваенныя злачынствы Лукашэнкі, у прыватнасці, удзел у ваенных злачынствах Пуціна, такіх, як генацыд і незаконнае перамяшчэнне дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны на тэрыторыю Расіі і Беларусі. Тое, што гэта злачынства ўчынялася па ўказе Лукашэнкі, ужо зафіксавана ў такіх палітычных дакументах, як акт Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы, акт Вярхоўнай Рады Украіны. Факты такіх прызнанняў на палітычным узроўні даюць падставы для ўпэўненасці, што злачынцы будуць пакараны.

Работа ў гэтым кірунку дапаможа панесці адказнасць і астатнім удзельнікам злачынстваў супраць беларусаў.
Але каб злачынцы не пазбеглі адказнасці, давядзецца прыкласці яшчэ шмат намаганняў. Прычым не толькі ў прававым сэнсе — ідзе вайна, у якой незаконная ўлада Лукашэнкі займае бок агрэсара, то-бок Расіі.
Скажу відавочную, але непапулярную рэч: для таго, каб наблізіцца да больш рэалістычнай перспектывы прыцягвання да адказнасці, трэба спачатку выйграць вайну. Інакш усе нашы размовы выглядаюць празмерна: у 1943 годзе два французы абмяркоўваюць паміж сабой, ці павесяць яны Герынга і Гімлера. Францыя пакуль цалкам акупаваная, і хаця ў ёй існуе рух супраціву, у першую чаргу трэба клапаціцца, каб выйграць вайну. А калі вайна будзе выйграна, тады з’явіцца магчымасць вінаватых прыцягнуць да адказнасці. Калі знойдуцца спосабы і рэсурсы выйграць вайну, то доказаў і юрыдычных падстаў, каб прыцягнуць злачынцаў да адказнасці, дастаткова ўжо зараз.
Для цяжкіх злачынстваў, якія пацягнулі за сабой смерць чалавека, поўнае апраўданне не прадугледжана законам
— Ці не згубяцца «пасля вайны» шараговыя выканаўцы, дзясяткі вінцікаў рэпрэсіўнай сістэмы Лукашэнкі, да якіх проста не зможа дабрацца рука правасуддзя?
— Мае сціплыя назіранні за жыццём падказваюць, што ні ў адной краіне ні ў адной эпосе не здаралася так, каб усе злачынцы былі пакараны на 100 адсоткаў; відавочна, ёсць людзі, якія пазбягаюць адказнасці.
І другое статыстычнае назіранне: чым больш чалавек здзяйсняе злачынстваў, тым большая верагоднасць прыцягнення яго да адказнасці. Бо шырыцца спіс людзей, якім ён прычыніў шкоду, адпаведна, шырыцца спіс людзей, кроўна зацікаўленых у тым, каб пакласці сваё жыццё (гады, нервы, грошы, сілы), каб прыцягнуць вінаватага да адказнасці. Таму чым больш мы, пацярпелыя беларусы, будзем дабівацца справядлівасці, тым большая верагоднасць, што гэта ўдасца.

Я не выключаю, што родныя некаторых пацярпелых захочуць дараваць злачынствы сваім «крыўдзіцелям». У такім выпадку юрыдычна магчымае змякчэнне пакарання, але не поўнае вызваленне ад адказнасці: пацярпелы можа дараваць маральна, а пракурор павінен выконваць закон. Для цяжкіх злачынстваў, якія пацягнулі за сабой смерць чалавека, поўнае апраўданне не прадугледжана законам.
Для таго, каб у будучай Беларусі існавала прававая сістэма і была пабудавана прававая дзяржава, мы ўсе зацікаўлены ў тым, каб людзі, якія прымалі ўдзел у такіх злачынствах, былі знойдзены і максімальна пакараны.