Вадзім Мажэйка: Перамовы з рэжымам трэба весці з дапамогай пернікаў і пугі

Ці гісторыя са збіццём і знікненнем Віктара Бабарыкі ёсць сігналам рэжыму да гатоўнасці гандляваць палітвязнямі? Што трэба рабіць, каб вызваліць цяперашніх палітвязняў і не дапусціць з’яўлення новых? Пагутарылі з Вадзімам Мажэйкам, каардынатарам беларускай экспертнай сеткі «Наша меркаванне».

Валадарка. Ілюстрацыйная выява

Валадарка. Ілюстрацыйная выява


— Збіццё і знікненне з Наваполацкай бальніцы Віктара Бабарыкі чарговы раз прыцягнула ўвагу ўсяго свету да катаванняў беларускіх палітвязняў. Гэта надзвычайнае здарэнне ці будзённая беларуская рэальнасць?
— Па шчырасці, я не ведаю, што адбылося з Бабарыкам: ці то нейкі канфлікт у калоніі паміж вязнямі, ці то ініцыятыва адміністрацыі калоніі, або загад зверху. Аднак варта падкрэсліць, што дагэтуль мы не бачылі выпадкаў, каб палітвязняў моцна збівалі ці калечылі ў беларускіх турмах.


Паглядзім, чым закончыцца гісторыя з Бабарыкам, можа, усё ж з’явяцца нейкія падрабязнасці, будзем адсочваць, ці нешта падобнае не адбываецца з іншымі палітвязнямі.


— Больш за два месяцы ў інфармацыйным вакууме знаходзяцца Мікола Статкевіч, Ігар Лосік, Максім Знак, менш вядомыя палітвязні: ніхто не ведае, што з імі адбываецца. Адзін выпадак — выпадковасць, два — тэндэнцыя. Лукашэнка падае знак Захаду пра гатоўнасць гандляваць палітвязнямі?

— Сапраўды, ад іншых палітвязняў няма навінаў, але яны і раней выходзілі з-за кратаў са скрыпам. Пасля 2021 года мы бачым, як усё часцей блакуюцца лісты ў турмы, з турмаў; таму, магчыма, адсутнасць навінаў — гэта проста хібы камунікацыі.
Мы таксама бачым, што істотна скарацілася колькасць адвакатаў у Беларусі — амаль на чвэрць, таму гатоўнасць адвакатаў працаваць з палітвязнямі моцна зніжаецца. Адвакатаў вельмі мала, яны дарагія, а колькасць палітвязняў — найвышэйшая за ўсю гісторыю. Ведаю, што многім сваякам палітвязняў вельмі складана ўтрымліваць адваката як паштальёна — і гэты фактар можа ўплываць на адсутнасць навінаў ці іх змяншэнне.
Прынамсі, сігнала Лукашэнкі да гатоўнасці гандлем палітвязнямі я не бачу.
— Захад выказвае занепакоенасць лёсам беларускіх палітвязняў, патрабуе іхняга вызвалення. Але ці гатовы Захад зноў пачаць гандаль з беларускім рэжымам?
— Мне здаецца, вызваленне палітвязняў — гэта важна, пытанне мусіць быць на парадку дня. Я не бачу асаблівай праблемы ў камунікацыі з рэжымам Лукашэнкі, калі гаворка ідзе пра вызваленне палітвязняў.Тут важныя два моманты. Першае — на якіх умовах вызваляюцца палітвязні. Адна справа — плаціць за кожнага палітвязня грошы, гэта, як мне здаецца, вельмі хібная практыка, бо ператворыць палітвязняў у даходны рэсурс для рэжыму, стварыўшы эканамічную матывацыю для набору новых палітвязняў. І зусім іншая справа — калі за вызваленне палітвязняў будуць гатовыя зняць санкцыі з «Белавіі», дык гэта як па мне і няблага. Які ўдар па рэжыме наносіць тое, што беларусы ў Еўропу лятаюць не самалётамі, а ездзяць аўтобусамі? На маю думку, ніякага. Эканамічныя страты «Белавіі», іміджавыя страты — гэта ўсё зразумела, але, магчыма, ад больш лёгкіх кантактаў на чалавечым узроўні карысці было б больш. Адмена сімвалічных санкцый у абмен на вызваленне палітвязняў — так, гэта магчыма. Але, мне здаецца, галоўнае ва ўсёй гэтай гісторыі — разуменне рызыкі таго, што, выпусціўшы адных палітвязняў, рэжым проста набярэ іншых.


Мы бачым, што рэпрэсіі з 2020 года не памяншаюцца, а наадварот, толькі павялічваюцца; статыстыка «Вясны» паказвае, што затрыманні ў 2023 годзе ідуць нават хутчэй, чым у 2022-м. У такой сітуацыі, як мне здаецца, вельмі важна любыя пернікі для рэжыма, якія будуць даваць у абмен на вызваленне палітвязняў, абумоўліваць тым, што з’яўленне новых палітвязняў адмяняе ўсе папярэднія пернікі. Умоўна кажучы, калі рэжым вызваляе 100 палітвязняў — санкцыі супраць «Белавіі» адмяняюцца, а калі з’яўляюцца новыя 100 палітвязняў — санкцыі ўводзяцца наноў. Мне здаецца, вельмі важна — і фармальна, і нефармальна — гэта казаць у любых размовах з рэжымам, то-бок стратэгічна ствараць сітуацыю, пры якой набор новых палітвязняў будзе для рэжыма шкодным. Каб зрабіць абмен не карысным (у выпадку абмену палітвязняў на грошы), а каб набор палітвязняў быў шкодны. Галоўнае — не толькі вызваліць тых, хто цяпер сядзіць, а каб увогуле не было палітвязняў — ні з гэтымі імёнамі, ні з іншымі. Зрэшты, імкненне да таго, каб у краіне не з’яўляліся палітвязні, — адно з патрабаванняў беларусаў у 2020 годзе.  


— Як тады рэалізаваць ідэю Паўла Мацукевіча: правесці перамовы з беларускім рэжымам і вызваліць палітвязняў?
— Мой калега Павел Мацукевіч слушна кажа, што ніхто не можа даць гарантый, што не з’явяцца новыя палітвязні. Але гэта пытанне не гарантыяў, не даверу да рэжыму, а пытанні таго, што мусяць быць канкрэтныя прапісаныя пагрозы — што рэжым атрымае, калі працягне набіраць новых палітвязняў.


Вельмі важна, каб гэтыя пагрозы былі моцнымі, каб сапраўды ўздзейнічалі на рэжым; не сімвалічнымі, кшталту забароны нейкаму чыноўніку ездзіць у Еўропу, куды ён раней не ездзіў. А важна, каб пагрозы былі рэальна непрыемнымі для рэжыму. Гэта, мне здаецца, павінна быць правільнай перамоўнай стратэгіяй: перамовы вядуцца заўсёды, нават на вайне. Спалучэннем пернікаў і пугі толькі і можна весці падобныя размовы.