«Яго пазнавалі на вуліцах». Пяць фактаў пра палітзняволенага журналіста і краязнаўцу Яўгена Меркіса

8 лістапада вядомаму гомельскаму краязнаўцу, журналісту і гісторыку Яўгену Меркісу спаўняецца 37 год. Гэта другі дзень народзінаў, які ён сустракае за кратамі — гэтым разам у шклоўскай калоніі.

Фота «Штодзень»

Фота «Штодзень»

Яўгена Меркіса асудзілі на 4 гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму па абвінавачанні ў стварэнні экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзеле ў ім (ч.3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса), а таксама ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч.1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса).

Гомельскі краязнаўца і журналіст быў затрыманы 13 верасня 2022 года. У Яўгена, яго сяброў і пажылога бацькі правялі ператрусы і канфіскавалі тэхніку.

Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем. «Штодзень» распавядае, якія людзі ў цяперашняй Беларусі лічацца злачынцамі.

Факт 1.Яўген Меркіс — менеджар культурніцкіх праектаў, стваральнік сайта «Краязнаўства Гомеля і Гомельшчыны», экс-старшыня ГМКГА «Талака», рэгіянальны каардынатар «Будзьмы» ў мінулым

Меркіс заўсёды актыўна займаўся папулярызацыяй гісторыі, мовы і культуры роднага краю, этнаграфічнымі вандроўкамі і шмат чым іншым. Да прыкладу, на сайце «Краязнаўства Гомеля і Гомельшчыны» размяшчаецца шмат унікальнай інфармацыі па краязнаўстве. На гэтым сайце можна было даведацца і пра кніжную культуру Веткі, і пра грамадзянскую вайну 1648-1651 гадоў на Гомельшчыне, і пра назвы посуду, і пра дыялекты Лоеўшчыны, і шмат яшчэ чаго цікавага.

Факт 2. Яўген Меркіс — самы пазнавальны журналіст-вядоўца стрымаў у Гомелі

Як расказваюць калегі і сябры журналіста, Яўген прыйшоў у журналiстыку з грамадскага сектара і, будучы высокаадукаваным інтэлігентным чалавекам з шырокім кругаглядам і глыбокім разуменнем бягучай сітуацыі, прынёс у рэгіянальную журналістыку самае лепшае.

«Ягоныя стрымы глядзелі сотні тысяч чалавек, яго пазнавалі на вуліцах, гледачы пісалі, што хочуць толькі яго бачыць на стрымах як вядоўцу», — распавядаюць яго калегі.

Але Яўген вёў стрымы не толькі ў Гомелі, але і ў іншых гарадах, за што міліцыя на яго часцяком «палявала».

Факт 3. Яўген Меркіс — урбаніст, гісторык і патрыёт

У дзяцінстве будучы журналіст марыў быць кіроўцам тралейбуса, палеантолагам, археолагам і нават прэзідэнтам. Аднак пошукі сябе ўсе роўна прывялі да гісторыі і беларушчыны.

У 1990-я гады маці Яўгена з'ехала з ім у Германію. Там яны пражылі чатыры гады. А калі хлопчыку споўнілася 12 гадоў і маці запыталася ў яго, ці хоча ён далей жыць у Германіі, той адказаў, што хоча жыць у Беларусі. Вярнуўшыся на радзіму, Яўген скончыў гістфак БДУ.

Факт 4. Яўген Меркіс — вядоўца «Мова нанова» ў Гомелі

Ён быў адным з пачынальнікаў папулярных курсаў у Гомелi. Яўген — вельмі харызматычны, жывы і вясёлы чалавек. Наведвальнікі курса вельмі любілі яго слухаць і з ахвотай вучылі родную мову.

Факт 5. Яўген Меркіс — паліглот

У студэнцкія гады Яўген спрабаваў вучыць літоўскую мову, але не склалася. Выдатна ведае нямецкую і добра англійскую. Лінгвістычныя здольнасці журналісту перадаліся ад маці-перакладчыцы. Вірус беларушчыны падхапіў на школьных алімпіядах па гісторыі. З тае пары заўсёды размаўляе па-беларуску. Сам паведамляў, што менавіта ў той перыяд пачаў сніць сны па-беларуску.

Паводле меркавання Меркіса, для папулярызацыі мовы трэба ствараць станоўчы вобраз беларускамоўнага чалавека, таму заклікаў быць на пазітыве, усміхацца, не чапляцца да людзей і не патрабаваць ад іх нечага нерэальнага.

А вось як сам сябе Меркіс характарызаваў да затрымання: «Праваслаўны, прыхільнік заходніх каштоўнасцей і патрыярхальнасці ў сям’і, люблю панк, рок і рэтра 1950-х — 1970-х, творчасць «трушных паэтаў» — Анатоля Сыса і Васіля Стуса. Люблю Гомель. У людзях цаню сапраўднасць. Але ідэя — галоўнае і першаснае. Дэпрэсіўны аптыміст. Выклікаюць захапленне персоны кшталту кіраўніка «Тэсла Мотарс» Ілана Маска, якія сягаюць сваімі ідэямі і дзейнасцю ў далячынь, змяняюць свет».

Што тычыцца асабістага жыцця Яўгена Меркіса, то вядома, што ён удавец — жонка журналіста Наталля Маркевіч была выдатным гісторыкам і краязнаўцай. Яна доўга і пакутліва змагалася з анкалогіяй, але не вытрывала — пайшла з жыцця ў 2012 годзе. Яшчэ праз пяць гадоў, калі ў Беларусі бушавалі пратэсты «недармаедаў» і Яўген вёў стрымы з розных гарадоў, ад хваробы сэрца памерла яго маці. Засталіся толькі тата-кардыёлаг і брат з цяжкім захворваннем.

Адрас для лістоў: ПК №17. 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8, Яўген Аляксандравіч Меркіс