Гомельскаму журналісту і краязнаўцу Яўгену Меркісу прысудзілі чатыры гады калоніі
30 траўня Гомельскі абласны суд агучыў прысуд журналісту, гісторыку і краязнаўцу Яўгену Меркісу — чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Суддзя Аляксей Хлышчанкоў прызнаў Меркіса вінаватым на падставе ч. 1 і ч. 2 артыкула 361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), а таксама паводле ч. 3 артыкула 361-1 КК («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні») Крымінальнага кодэксу. Пра гэта паведамляе Б*Ж.
Суд праходзіў у
закрытым рэжыме. Агулам адбылося сем судовых пасяджэнняў. Закрытым быў і апошні
выступ Яўгена Меркіса, які суд заслухаў сёння а 14:15. Невядома, ці прызнаў ён
сваю віну. З адваката ўзята падпіска пра невыдаванне сутнасці справы. Адкрытым зрабілі
толькі агалошванне выраку. Яўген трымаўся бадзёра, вонкава выглядаў няблага:
сваю інтэлегентную бародку ён пагаліў, хутчэй за ўсё на патрабаванне
адміністрацыі СІЗА.
Паводле
праваабаронцаў і сяброў журналіста, абвінавачанне звязаны хіба што з перадачай
фотаінфармацыі інтэрнэт-рэсурсам, аднесеным да «экстрэмісцкіх», наконт
знаходжання і перамяшчэння ў рэгіёне расійскай вайсковай тэхнікі.
За кратамі ў
следчым ізалятары Яўген Меркіс знаходзіцца ўжо дзявяты месяц. Адзін дзень у
СІЗА судом залічаны як паўтара дня ў калоніі. Сілавікі затрымалі яго 13 верасня
2022 года. Тады па месцы жыхарства журналіста правялі ператрус з выняткам
носьбітаў інфармацыі. Вобшукі адбыліся ў жыллі яго бацькі, а таксама ў сяброў.
Праваабарончая
супольнасць прызнала Яўгена Меркіса палітвязнем.
Сёлета ў сакавіку
пасля заканчэння следства Яўген меў кароткатэрміновую сустрэчу з роднымі. На
здароўе не скардзіўся, хоць прастудных захворванняў не мінаваў. У снежні правёў
чацьвёра сутак у карцары. Больш жорсткімі ўмовамі ўтрымання яго пакаралі за
тое, што ён нібыта не пагаліўся.
Яшчэ да арышту
Яўген Меркіс пакінуў журналісцкую дзейнасць з прычыны таго, што шэраг
незалежных СМІ, з якімі супрацоўнічаў, улады аднеслі да «экстрэмісцкіх
фармаванняў».
Паводле адукацыі Меркіс гісторык, скончыў гістфак Белдзяржуніверсітэта. Таму засяродзіўся на
краязнаўстве, атрымаў сертыфікат экскурсавода, у тым ліку і для працы з
замежнікамі на нямецкай мове. Добра валодае беларускай мовай. Засвоіў і
ангельскую. У СІЗА спрабаваў вывучыць яшчэ і французскую, але, наколькі вядома,
меў цяжкасці з атрыманнем падручнікаў.
Папулярызаваць
гісторыю, мову і культуру роднага краю ды этнаграфічныя вандроўкі Яўген пачаў
яшчэ ў студэнцкія гады. Пазней заснаваў сайт «Краязнаўства Гомеля і
Гомельшчыны», ачольваў гомельскае моладзевае грамадскае краязнаўчае аб'яднанне
«Талака», быў таксама рэгіянальным каардынатарам грамадска-культурнай кампаніі
«Будзьма!».
Калі ў Гомелі ды
іншых гарадах Беларусі ў 2017 годзе праходзілі пратэсты так званых «дармаедаў»,
Меркіс вёў стрымы з масавых акцый і стаў адным з самых пазнавальных
рэгіянальных журналістаў-вядоўцаў.
Да затрымання Яўген характарызаваў сябе гэтак:
«Праваслаўны, прыхільнік заходніх каштоўнасцяў і патрыярхальнасці ў сям’і,
люблю панк, рок і рэтра 1950-х – 1970-х, творчасць «трушных паэтаў» — Анатоля
Сыса і Васіля Стуса. Люблю Гомель. У людзях цаню сапраўднасць. Але ідэя —
галоўнае і першаснае. Дэпрэсіўны аптыміст. Выклікаюць захапленне персоны
кшталту кіраўніка «Тэсла Мотарс» Ілана Маска, якія сягаюць сваімі ідэямі і
дзейнасцю ў далячынь, змяняюць свет».