Перад увядзеннем санкцый Польшча тройчы прапаноўвала Лукашэнку пагадненне — той адмовіўся
29 траўня Польшча ўвяла чарговыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі — пасьля таго як Вярхоўны суд Беларусі пакінуў у сіле прысуд журналісту і дзеячу польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі Анджэю Пачобуту. Як стала вядома, да гэтага Варшава тройчы прапаноўвала Лукашэнку пагадненьне.
Пра тое, што Польшча яшчэ раней рабіла захады дзеля
вызваленьня Пачобута, прапануючы Лукашэнку пагадненьне, яшчэ ў красавіку ў
агульных словах казаў міністар замежных спраў Польшчы Зьбігнеў Раў, паведамляе
«Св*бода» са спасылкай на польскія медыя.
Цяпер у Міністэрстве замежных спраў Польшчы на пытаньне
журналістаў DGP
падкрэсьлілі, што кіраўніцтва МЗС краіны тройчы прапаноўвала Менску сустрэчу на
ўзроўні міністраў. Гэтая сустрэча магла б дапамагчы беларускаму рэжыму ў пэўным
паляпшэньні вобразу на міжнароднай арэне. Для яе была толькі адна ўмова:
кіраўнік беларускай дыпляматыі павінен быў «прывезьці Пачобута на той жа
машыне» на сустрэчу.
Рэжым Лукашэнкі не скарыстаўся дзьвюма такімі прапановамі, а
трэцяя сустрэча не адбылася з прычыны таго, што незадоўга да яе памёр кіраўнік
беларускай дыпляматыі Ўладзімер Макей.
Выданьне адзначае, што ў перамовах зь Менскам Польшчы павінны былі дапамагчы некалькі краінаў, якія падтрымліваюць лепшыя адносіны з рэжымам: Казахстан, Азэрбайджан і Армэнія.
У выніку перамоваў былі вызваленыя трое актывістаў польскай
нацыянальнай меншасьці ў Беларусі, у тым ліку лідэрка непрызнаванага ўладамі
Саюзу палякаў Беларусі Анжаліка Борыс.
Польшча заўважае пэўныя дыпляматычныя жэсты з боку рэжыму
Лукашэнкі, але яны, паводле Варшавы, далёка не дастатковыя, паведамляе партал wp.pl.
Фігуранта «справы палякаў» Анджэя Пачобута 8 лютага сёлета
Горадзенскі абласны суд (судзьдзя Дзьмітры Бубенчык) прызнаў вінаватым па ч. 3
арт. 130 і ч. 3 арт. 361 («Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый),
накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы») КК і прыгаварыў да 8
гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Пасьля гэтага 10 лютага Польшча на нявызначаны тэрмін заблякавала адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі, што значна пагоршыла ўмовы транзыту вялікагрузных аўтамабіляў.
23 сакавіка міністар унутраных справаў Польшчы Каміньскі заявіў, што калі Пачобута «заўтра адпусьцяць, памежны пераход у Баброўніках будзе адкрыты пасьлязаўтра».
31 сакавіка, выступаючы са штогадовым пасланьнем народу і парлямэнту, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што не гатовы вызваліць Пачобута ў абмен на адкрыцьцё пераходу «Баброўнікі», але выказаў згоду абмяняць яго на палітыка Паўла Латушку і чальцоў кіраванага ім Н*роднага антыкрызіснага ўпраўленьня.