«Вырвала карту побыту з рук і паклала на сканер». Што адбываецца на мяжы?

Беларусы здзіўленыя праверкай замежных відаў на жыхарства на мяжы. У чым справа, высвятляла «Люстэрка».

_belarus_ekanomika_czorny_kot_zyccjo_2023_fota_novy_czas_logo.jpg

Беларусы ў сацсетках і чатах пішуць пра тое, што на мяжы з Літвой і Польшчай перыядычна скануюць віды на жыхарства ў іншых краінах. Гэта датычыць тых, хто едзе ў Беларусь.

Прычым раней з такім, мяркуючы з усяго, сутыкаліся рэдка. «Люстэрка» даведалася ў чытачоў падрабязнасці і патэлефанавала ў Дзяржпамежкамітэт з пытаннем пра новаўвядзенне.

Імёны суразмоўцаў змененыя з меркаванняў бяспекі, звесткі ёсць у рэдакцыі.

«Ніхто не патлумачыў, для чаго спатрэбіўся ВНЖ»

Аляксандра жыве ў Польшчы больш за пяць гадоў, але рэгулярна бывае дома. Апошні раз яна ехала ў Беларусь у канцы красавіка і тады ж сутыкнулася з новаўвядзеннем ад айчынных памежнікаў.

— Раней пра ВНЖ ніколі не пыталі. Часам удакладнялі, чаму няма пячатак у пашпарце (іх у пашпарт не ставяць, калі ёсць від на жыхарства). Але ні разу не прасілі паказаць яго, — адзначае суразмоўніца. — А цяпер не толькі паглядзелі, але яшчэ і адсканавалі. Асобнага допыту не было, проста стандартныя пытанні ад памежнікаў: чым займаюся ў Польшчы, з якой мэтай еду ў Беларусь, на колькі.

Падобную гісторыю расказвае і Віктар. Каля трох гадоў таму малады чалавек аформіў сталае пражыванне за межамі Беларусі і з таго часу жыве ў Польшчы. Кажа, што заўсёды перасякаў мяжу спакойна і нікога не цікавіў яго ВНЖ, але ў пачатку траўня сітуацыя змянілася:

— На пашпартным кантролі з боку Беларусі строга папрасілі паказаць «карту побыту» (ВНЖ у Польшчы. — Заўв. рэд.). Я пачаў паказваць са сваіх рук, але работніца пашпартнага кантролю рэзка вырвала яе і паклала на сканер. Пасля гэтага ВНЖ мне вярнулі і паклікалі наступнага. Але мне так ніхто і не патлумачыў, для чаго ім спатрэбіўся дакумент. На пытанне, навошта гэта, адказалі маўчаннем.


Пры гэтым, як удакладняе Віктар, павышанай цікавасці на мяжы да яго не было, на допыт яго не адводзілі.

— Цяпер знаходжуся ў Польшчы і зусім не разумею, што яны будуць рабіць з гэтай інфармацыяй, — кажа ён. — Суцяшаю сябе тым, што дзяржава афіцыйна дазволіла мне пастаянна пражываць па-за Беларуссю. Спадзяюся, гэтая працэдура з ВНЖ ніяк на мяне не паўплывае.

У пачатку траўня ў Беларусь з Польшчы ехала і чытачка Караліна. Як і для астатніх суразмоўцаў, паездкі туды-назад для дзяўчыны звычайныя, таму паводзіны памежніцы яе здзівілі.

— Упершыню за ўсе гады маіх паездак яна ўважліва перагартала пашпарт, прагледзела візы. Не ўбачыўшы дзейнай, удакладніла: «Ёсць „карта побыту“?» Я адказала сцвярджальна, — успамінае Караліна. — Яна: «А можна зірнуць?» Я без задняй думкі даю ВНЖ. Яна яго на сканер. Я спытала, для чаго гэта. На што мне адказалі: «Не хвалюйцеся, такі цяпер парадак». Далей не ўдакладняла, каб не затрымліваць чаргу і не мець праблем.

Дадатковых пытанняў да чытачкі не было таксама, на допыты яе не выклікалі. Але дзяўчына адзначае, што ў пратэстах не ўдзельнічала.

А вось у мужа нашай чытачкі Інгі, які на мінулым тыдні ехаў у Беларусь з Польшчы, мясцовы ВНЖ не прасілі і не сканавалі. Затое задавалі вельмі шмат пытанняў.

— Яго дапытвалі хвілін 30−40. Маўляў, чаму з’ехаў, ці назаўжды, ці плануе вяртацца. Чаму прыехаў і чаму за апошні год не прыязджаў, — успамінае суразмоўніца. — Пыталі, кім працуе і кім працуюць сваякі, калі быў ва Украіне апошні раз. Памежнік некалькі разоў выходзіў з тэлефонам і пашпартам, каб параіцца з кімсьці. На допыт у асобнае памяшканне мужа не адводзілі, проста была доўгая «гутарка» ўбаку. Правяралі тэлефон, усе мэсэнджары, акаўнты, фатаграфіі.

Пры гэтым некаторыя ўладальнікі ВНЖ іншых краін Еўрасаюза з такім сутыкаліся і раней. Напрыклад, Кацярына ўжо шмат гадоў жыве ў адной са скандынаўскіх краін і перыядычна ездзіць у Беларусь.

— З нагоды сканавання ВНЖ пры перасячэнні мяжы. Гэта назіраецца апошнія два гады, не толькі цяпер. Дзесьці пасля выбараў гэта стала звычайнай з’явай, — расказала яна пра свой досвед. — Прычым у маім выпадку ВНЖ прасілі кожны раз. Хоць я не ўдзельнічала ў пратэстах і не прыцягвалася, бо знаходзілася не ў Беларусі.

 

Што кажуць у Дзяржпамежкамітэце?

З пытаннем пра тое, чаму на мяжы пачалі правяраць і сканаваць замежныя віды на жыхарства, журналістка “Люстэрка” патэлефанавала на гарачую лінію ДПК як звычайная грамадзянка. Але выразнага адказу так і не атрымала.

— Падкажыце, калі ласка, сяброўка нядаўна ехала ў Беларусь з Польшчы, кажа, на мяжы цяпер скануюць «карту побыту». Але раней такога ніколі не было. Хацела даведацца, для чаго гэта?

— Што «для чаго»? Гэты нумар тэлефона — гарачая лінія па пытаннях, якія неабходныя дакументы для перасячэння дзяржаўнай мяжы. У вас ёсць гэтае пытанне?

— Дык у мяне пытанне ў цэлым пра перасячэнне мяжы. Ніколі не прасілі паглядзець ВНЖ, а цяпер просяць. І незразумела, куды ідуць звесткі. Вось я і хацела ўдакладніць.

— Гэта не пытанне па перасячэнні мяжы. Гэта зусім іншае пытанне. «Якія дакументы неабходныя для перасячэння мяжы?» — вам такое пытанне цікавае?

— Мне цікава, чаму раптам цяпер пачалі прасіць дакумент іншай краіны. І ці можна яго не паказваць.

— Вы грамадзянка якой краіны?

— Беларусь.

— Вы перасякаеце [мяжу] па пашпарце Рэспублікі Беларусь. Няма за што.

— Але навошта тады просяць ВНЖ іншай краіны і скануюць яго?

— Я не ведаю, дзе, хто і што ў вас там просіць.

— Мне расказвалі, што на мяжы сканавалі «карту побыту».

— Я вам адказваю на пытанне, які дакумент неабходны для перасячэння дзяржаўнай мяжы: пашпарт.

— Гэта я разумею. Але я пытала, чаму глядзяць ВНЖ. Мне не вельмі хочацца, каб мой дакумент сканавалі незразумела для чаго.

— Калі ў вас ёсць нейкія іншыя пытанні, можаце звярнуцца ў памежную службу праз сайт.

— А проста так цяпер вы адказаць не можаце?

— Не, гэта гарачая лінія па пытаннях перасячэння, якія для гэтага неабходныя дакументы.