Шрайбман: Людзі з сувязямі з замежжам — першыя падазраваныя, што іх завербавалі ў шпіёны
На мяжы пачалі цікавіцца відам на жыхарства ў беларусаў, якія доўгі час правялі ў іншай краіне. Дакументы з ВНЖ памежнікі масава скануюць. Што ўлады збіраюцца рабіць з гэтай інфармацыяй? Палітычны аналітык Арцём Шрайбман кажа пра ўзмацненне татальнага кантролю над грамадствам.
Арцём Шрайбманразважае на «Салідарнасці» пра змены ў законе аб грамадзянстве, якія хутка ўступяць у сілу.
Беларускі рэжым актыўна працягвае, па словах старшыні КДБ Церцеля, «фільтрацыю кантынгенту» з мэтай «выяўлення асоб, якія выношваюць тэрарыстычныя, экстрэмісцкія памкненні ў адносінах да Беларусі».
Менавіта гэтым тлумачаць узмацненне кантролю на мяжы, праверкі і сканаванне дакументаў людзей, якія маюць ВНЖ або грамадзянства іншых краін.
Яшчэ раней пачаліся разнастайныя дыскрымінацыйныя мерапрыемствы ў дачыненні да беларусаў, якія маюць карту паляка, і нават да тых, хто проста ходзіць на курсы па вывучэнні польскай мовы.
Не адзінкавыя выпадкі павышанай увагі з боку сілавых структур і да людзей, у тэлефонных кантактах якіх маюцца ўкраінскія і польскія нумары, а таксама да тых, у каго выяўляюць сім-карты іншых дзяржаў.
А ў ліпені, нагадаем, уступіць у сілу зменены закон аб грамадзянстве, згодна з якім грамадзяне Беларусі, якія атрымалі грамадзянства, ПМЖ, ВНЖ або іншы дакумент, які дае льготы ў замежнай дзяржаве, абавязаныя на працягу трох месяцаў праінфармаваць пра гэта міліцыю або дыпламатычную службу РБ.
Тыя ж, у каго ўжо ёсць такія дакументы, павінны будуць паведаміць пра гэта беларускім уладам на працягу трох месяцаў пасля змены закона.
— Людзі з замежным ВНЖ і тым больш картай паляка — патэнцыйны пул нелаяльных рэжыму. Таму зручна мець іх рэестр на выпадак, калі спатрэбіцца па ім прайсціся, — адзначыў у каментары «Салідарнасці» Арцём Шрайбман. — Паводле такога ж прынцыпу склалі базу «Беспарадкі», каб шчыльней кантраляваць тых, хто выходзіў на пратэсты.
Плюс фактар «шпіянаманіі»: людзі з сувязямі з замежжам — першыя падазраваныя ў тым, што іх маглі вербаваць ворагі.
Ці можна казаць пра ўзмацненне такіх захадаў у сувязі з падзеямі, якія адбываюцца апошнім часам (пагрозамі зрынання рэжыму Лукашэнкі, дыверсіямі і г. д.)? Я б не сказаў.
Змены ў закон аб грамадзянстве прымаліся да ўсіх гэтых падзей, у канцы мінулага года. Думаю, што і логіка тады была крыху іншая — не столькі выявіць тэрарыстаў, колькі ў цэлым пашырыць базу патэнцыйных «змагароў».
Усё адбывалася ў рамках чарговага ўзмацнення кантролю за грамадствам.
— Як вы думаеце, ці мае гэта ўзмацненне кантролю канчатковую мэту, або іх мэта — проста «кашмарыць» народ?
— «Кашмарыць» — гэта сродак, мэта — большы таталітарны кантроль над грамадствам, таму што ўладам так зручней.
— Што ў сувязі з прыняццем закона рабіць грамадзянам, якія маюць ВНЖ або грамадзянства іншых краін? Ці могуць іх пачаць прымушаць адмаўляцца ад гэтага статусу?
— Я не маю маральнага права даваць парады людзям унутры краіны з-за мяжы. Зразумела, што чалавек, які мае ВНЖ або грамадзянства, па ідэі можа з'ехаць. Але адмаўляцца ад іншага грамадзянства, вядома, могуць пачаць прымушаць, калі спатрэбіцца.