«Прычыны не тлумачаць». Пасля праверкі на мяжы некаторых беларусаў не пусцілі ў краіну
Апошнім часам на беларускай мяжы ўсё больш старанна правяраюць людзей, якія ўязджаюць у краіну. У чалавека могуць папрасіць паказаць тэлефон, адсканаваць замежны від на жыхарства. Некаторых людзей затрымліваюць проста на мяжы. А ёсць і тыя, каго не ўпускаюць у краіну. Пра гэта «Л*стэрку» распавёў прэс-сакратар B*POL Аляксандр Кабанаў.
— Вядома як мінімум пра 20 такіх выпадкаў. Шмат сітуацый,
калі чалавеку прад'явіць і няма чаго, але нейкія да яго асобы падазрэнні
ўзнікаюць, і прымаецца рашэнне не пускаць яго ў Беларусь. Прычын не тлумачаць, — кажа Аляксандр Кабанаў, але канкрэтных прыкладаў з датамі і пунктамі пропуску
не прыводзіць. — Уся інфармацыя прыходзіць нам у чат-боты, калі, напрыклад,
хтосьці на мяжы назірае, як чалавека абшукваюць, адводзяць кудысьці, а праз час
яго машыну разварочваюць. Ёсць і тыя, хто сам нам пісаў, што праверылі пашпарт,
глядзелі нейкую базу звестак, а пасля апытання не пусцілі ў краіну.
Прычынай масавых праверак, затрыманняў і адмовы ва ўездзе
прэс-сакратар называе спробу памежнікаў і сілавікоў не дапусціць пранікнення ў
Беларусь «дыверсантаў», як гэта было ў Белгародскай вобласці. Кабанаў адзначае,
што сістэмы ў гэтых дзеянняў няма — праверкі праводзяць «рандомна».
— Ідзе папярэдняя падрыхтоўка да магчымага канфлікту на мяжы
з Украінай. Зараз памянялі начальніка Дзяржпагранкамітэта. Гэта звязана з тым,
як развіваюцца падзеі ва Украіне і што адбываецца ў Белгародскай вобласці.
Сілавікі спрабуюць рыхтавацца да таго ж сцэнару, што на тэрыторыю Беларусі
могуць заходзіць або ДРГ, або іншыя асобы, — адзначае ён. — Таму запусцілі
грабянец: правяраюць тэлефоны, вывучаюць, якія кантакты ў чалавека ёсць, што ён
глядзіць. Правяраюць па сваіх спісах «экстрэмістаў» сярод тых, хто
ўязджае і выязджае. Усё адбываецца рандомна, таму што нашы спецслужбы да такой
працы не вельмі прывыклі. Раней, напрыклад, як шукалі злачынцаў? Ёсць нейкія
прыкметы, хапалі ўсіх запар пад гэтыя прыкметы. Цяпер у іх няма выразнага
сцэнару, таму праводзяцца масавыя праверкі.
Між тым, дадае Кабанаў, ёсць выпадкі, калі людзі, якія
былі на пратэстах і нават адседзелі «суткі», спакойна вярталіся ў Беларусь. Але
гэта рэдкасць.
— Ці тое яны не патрапілі ў нейкія спісы, ці тое ёсць нейкія
дамоўленасці. Тут таксама няма сістэмы, але звычайна гэта людзі, якія не
свецяцца ў палітычных тусоўках, працуюць, напрыклад, будаўнікамі за мяжой,
спакойна прыязджаюць у Беларусь і з'язджаюць праз час. Думаю, гэта да пары да
часу. Я ў такіх выпадках раю не выпрабоўваць лёс, — кажа прадстаўнік B*POL.
Перад мяжой, як на ўезд так і на выезд з Беларусі, Кабанаў
раіць максімальна правяраць тэлефон і чысціць яго ад інфармацыі, якая можа
прыцягнуць увагу людзей у форме:
— Асабліва гэта тычыцца рэсурсаў, якія прызнаныя
«экстрэмісцкімі». Трэба прыбраць украінскую тэматыку — каб не сустракаліся
дзесьці пасты пра вайну. Таксама на сайце МУС можна зрабіць асабісты кабінет,
верыфікаваць ў ім па пашпарце, там ёсць база даных, па якой можна зразумець,
знаходзіцеся вы пад следствам, у вышуку, выязны ці не.
Вядома, што «К*берпартызаны» таксама раяць карыстацца
«партызанскім тэлеграмам», які можна спампаваць на афіцыйным канале аб'яднання.
Дадатак выглядае як звычайна, але ў ім можна наладжваць ілжывыя код-паролі.
— Пры іх увядзенні будуць выкананы некалькі функцый, якія вы
загадзя выбралі і адзначылі. Напрыклад, выдаленне чатаў і адпіска ад каналаў,
Адпраўка паведамлення «мяне затрымалі», ачыстка кэша і медыя. Пры гэтым мы раім
не наладжваць прыкладанне так, каб выдалялася наогул усё, — казала ў інтэрв'ю
«Л*стэрку» афіцыйны прадстаўнік «К*берпартызан» Юльяна Шаметавец.
Нагадаем, апошнім часам узмоцненыя праверкі аднавіліся на
мяжы Беларусі з Літвой і Польшчай. А 5 траўня Беларусь увяла памежны кантроль
на сухапутнай мяжы з Расіяй. Ва ўязджаючых у краіну на аўтамабілях пачалі
правяраць дакументы і багажнікі машын.
1 чэрвеня кіраўнік КДБ Іван Церцель пракаментаваў
гэтыя ўзмоцненыя праверкі. З ягоных слоў, гэта дадатковыя захады для ўзмацнення
контрвыведніцкага рэжыму. Яны накіраваныя на «своечасовае выяўленне і
лакалізацыю дзейнасці асоб, якія выношваюць тэрарыстычныя, экстрэмісцкія
памкненні ў дачыненні да Беларусі».