Валер Карбалевіч: Не ў інтарэсах рэжыму апускаць жалезную заслону канчаткова
16 траўня набылі моц папраўкі ў закон «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь», якія абмяжоўваюць пэўным катэгорыям грамадзян выезд за межы краіны. Навошта гэта трэба было рабіць — пагаварылі з палітолагам Валерыем Карбалевічам.
КДБ атрымаў права забараняць выезд тэрмінам на паўгода не толькі грамадзянам, якія стаяць на прафуліку ў органах дзяржбяспекі, але і грамадзянам, чый «выезд супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі». Пра якія катэгорыі грамадзян вядзецца гаворка — невядома.
Не змогуць пакідаць краіну і беларусы, якіх судзяць «за здзяйсненне адміністрацыйных правапарушэнняў супраць парадку ўпраўлення».
Вышэйшыя чыноўнікі змогуць выехаць за мяжу толькі па ўзгадненні з Лукашэнкам, урад будзе вызначаць парадак выезду «кіраўнікоў дзяржаўных органаў, а таксама кіраўнікоў дзяржаўных арганізацый і работнікаў… якія маюць доступ да дзяржаўных сакрэтаў».
А выезд за мяжу сілавікоў будзе «вызначацца лакальным прававым актам» адпаведных ведамстваў.
— Мы назіраем працэс пераходу аўтарытарнага рэжыму ў таталітарны, — кажа Валер Карбалевіч. — Гэты працэс складаецца з шэрагу невялікіх зменаў, якія ўсё больш і больш закрываюць краіну, усталёўваюць усё большы кантроль дзяржавы над грамадствам. Змены ў закон аб парадку ўезду і выезду з Беларусі — з гэтага шэрагу, прычым, трэба звярнуць увагу, ён тычыцца як апанентаў рэжыму, так і самых надзейных яго прыхільнікаў — як мы бачым, над імі таксама ўстанаўліваецца кантроль.
Рэжым імкнецца зрабіць сістэму яшчэ больш закрытай, бо права на свабоднае перамяшчэнне — адно з галоўных правоў чалавека. Дарэчы, узмацненне кантролю на мяжы, як на заходняй, так і на мяжы з Расіяй, — сведчыць пра тое ж.
— Рэзюмуючы: жалезная заслона паволі, але няўмольна апускаецца?
— Жалезная заслона доўга апускаецца, але да канца можа і не апусціцца. Свабодная эміграцыя — гэта своеасаблівае выпусканне пары, якое ўмацоўвае рэжым. Таму, каго не задавальняюць новыя беларускія парадкі, можа збіраць заплечнік — і ў дарогу. Не ў інтарэсах рэжыма апускаць жалезную заслону канчаткова.
— Дарэчы, раней рэжым калі не стымуляваў, дык яўна не забараняў палітычным апанентам пакідаць краіну. У новым законе, як мы бачым, КДБ атрымаў права выдаваць дазвол на выезд не толькі тым беларусам, якія стаяць у ведамстве на прафуліку, але і іншым грамадзянам, чый ад’езд КДБ можа палічыць «пагрозай нацыянальнай бяспецы». Навошта?
— Магчыма, улады і прытарможваюць эміграцыю палітычных праціўнікаў, а магчыма, хочуць устанавіць над ёй яшчэ большы кантроль. Дзейнічае агульны трэнд — узмацненне кантролю над усімі сферамі жыццядзейнасці, праяўленне якога мы бачым у гэтым законе, шукаць нейкую асобную логіку ў гэтым законе я б не стаў.
— Для ўсіх беларусаў закон уступае ў дзеяння з моманту публікацыі, для чыноўнікаў і сілавікоў — праз паўгода пасля яго публікацыі. Чаму прыбліжаныя атрымалі паўгадавы лаг?
— Няма ніякай спешкі, няма надзвычайнай сітуацыі, таму ўлады і не спяшаюцца. Трэба падрыхтаваць базу, уключыць у яе ўсіх, хто ўяўляе «пагрозу нацыянальнай бяспецы», урад таксама мусіць вызначыцца, якім чыноўнікам даваць дазвол на выезд, якім не даваць, прыняць адпаведныя нарматыўныя акты і інструкцыі.Мне здаецца, гэта тлумачыцца чыста бюракратычнымі прычынамі.