«Цяпер прыгонная сістэма ўзаконена». Эксперт — пра новыя правілы выезду за межы Беларусі

Згодна з новым законам, КДБ зможа абмежаваць выезд з краіны грамадзянам, чый выезд «супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі Беларусі». Таксама выезд забароняць асобам, у дачыненні да якіх «вядзецца адміністрацыйны працэс за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў супраць парадку кіравання», — іншымі словамі грамадзянам, якіх чакае суд па «палітычных» артыкулах КаАП.

Ілюстрацыя thinktanks.by

Ілюстрацыя thinktanks.by


Акрамя гэтага, вышэйшыя чыноўнікі змогуць выехаць за мяжу, толькі ўзгадніўшы гэта з Лукашэнкам. Урадам таксама будзе вызначацца выезд з Беларусі «кіраўнікоў дзяржаўных органаў, а таксама кіраўнікоў дзяржаўных арганізацый і работнікаў, якія ажыццяўляюць забеспячэнне дзейнасці і тэхнічнае абслугоўванне дзяржаўных органаў, якім прадастаўлены допуск да дзяржаўных сакрэтаў».

Выязджаць за межы РБ па ўзгадненні з кіраўніцтвам будуць таксама вайскоўцы, супрацоўнікі, работнікі і асобы грамадзянскага персаналу воінскіх фарміраванняў і ваенізаваных арганізацый Беларусі.

Новая рэдакцыя закона «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь» апублікавана 16 траўня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

— У закон сабралі ўсе меры, якія так ці інакш дзейнічалі раней, але былі раскіданы па розных указах, законах, унутраных палажэннях. Негалосныя практыкі таксама ўзаконілі. Фактычна права на свабоду перасоўвання магло быць абмежавана толькі законам. Цяпер фармальна ўсё ў парадку. Хоць гэта не што іншае, як апранутае ў форму права беззаконне, — каментуе ўнесеныя папраўкі ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» палітолаг Анатоль Котаў. — Гэта ўзаконьваюць, каб не было занадта разумных, якія маглі б сказаць: а вось пакажыце мне законную падставу.

Іншая справа, што такіх «разумных» ужо няма. Усе разумеюць, што рушыць за самім пытаннем. Час, каб задаваць такія пытанні і атрымаць адказы, а не штрафы і тэрміны, прайшоў.

У любым выпадку цяпер сама прыгонная сістэма ўзаконена. Пытанне яшчэ тэхнічнае: ці будзе нейкі асаблівы дакумент або адзнака аб тым, што выезд канкрэтнага чыноўніка, дапусцім, дазволены. Хутчэй за ўсё, такі механізм кантролю будзе створаны.

Бо раней ніхто на мяжы ніякія дазвольныя надпісы не правяраў: узгадніў ты з начальствам ці не свой выезд, ніхто не ведаў.

Зразумела, што за вышэйшымі чыноўнікамі сачылі і наўрад ці яны маглі кудысьці з'ехаць. Але далей ніхто нікога не кантраляваў. Бывалі праверкі выканання правіл, але яны здзяйсняліся ўжо постфактум.


— У законе з'явіўся пункт, які забараняе выезд з РБ людзей, чый выезд можа «супярэчыць інтарэсам нацбяспекі Беларусі». Пры гэтым не пазначана, хто адносіцца да катэгорыі такіх грамадзян. Ці значыць гэта, што сілавікі самастойна змогуць вызначаць, хто трапляе пад гэту катэгорыю грамадзян?

— Так, гэта фактычна вяртанне да дазвольнай сістэмы выезду, якая існавала ў СССР, толькі ў горшым варыянце. Максімальная шырыня аднамерных паўнамоцтваў у супрацоўнікаў дзяржбяспекі. І ніхто нічога не зможа праверыць.

Калі затрымліваюць людзей за «думказлачынства», то чаму ў выпадку выезду могуць быць нейкія іншыя падыходы.

— Таксама зменены закон «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе»: навучанне за мяжой падставай для адтэрміноўкі больш не з'яўляецца. Для чаго ўладам такая мера?

— Каб мець яшчэ адзін рычаг уздзеяння на маладое пакаленне. Да гэтага часу ёсць маса «ружовых поні», якія не зразумелі, у якой рэальнасці жывуць.

Пазіцыя «мы нічога не парушалі тым, што вучымся за мяжой, а таму спакойна можам катацца ў Беларусь» больш неактуальная.

Сам па сабе факт наяўнасці візы, вучобы, віду на жыхарства ці яшчэ якога дакумента разглядаецца як здрада дзяржаве. І гэта не фігура маўлення, а новая сумная рэальнасць, у якой вучоба за мяжой роўная крыміналцы за ўхіленне ад прызыву.

А гэта падстава для ціску, вярбоўкі, чаго заўгодна. Гэта таксама і мера, каб утрымаць студэнтаў у краіне. Жудасны недабор. Моладзь з'язджае. Гэта абсалютны нонсэнс у сучасным свеце. Але іншай Беларусі ў рэжыму для вас няма.