«Трэба было заплаціць гэтую цану, каб разумець, чаго варта свабода»

Беларуска з мужам і дзецьмі збегла з «хатняй хіміі» і цяпер знаходзіцца ў бяспецы. Але па-ранейшаму мае зносіны з прэсай на ўмовах ананімнасці і распавядае, як ім удалося выехаць з краіны, пра інтаксікацыю гвалтам, пра даносы і будучыню, у якой краіна будзе ведаць сваіх «герояў».

em7igihxuaar_sw.jpg

Малюнак Вольгі Якубоўскай

Беларуску Паліну (імя зменена з мэтай бяспекі) і яе мужа сілавікі затрымалі ў канцы 2022 года — паводле «народнага» артыкула 342-1 Крымінальнага кодэкса аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Тры месяцы да суда муж і жонка правялі ў СІЗА, а іх непаўналетнія дзеці і старэйшыя сваякі з’язджалі з глузду ад невядомасці, піша «Салідарнасць».

Сям'і ўдалося выехаць з краіны, і цяпер яны ў бяспецы.


«Чаго табе не хапала» — гэта іх любімае пытанне

Іх «узялі» за падзеі 2020 года: удзел у пратэсных маршах, выхад на дарогу і, як заведзена, «перакрыццё руху», што нанесла шкоду Мінсктрансу. Чаму цягнулі столькі часу? Паліна ведае дакладны адказ: на іх з мужам даслалі ананімку ў ГУБАЗіК.

— Такіх на Валадарцы на сённяшні дзень адсоткаў 60 — тых, за кім прыйшлі па ананімках, — кажа Паліна. — Велізарная колькасць. Як я зразумела, гэта такі спосаб звесці рахункі для людзей, якім ты па той ці іншай прычыне непажаданы: калі націснуць на цябе па-іншаму не атрымліваецца, паведамляюць сілавікам, што вось гэты — экстрэміст, гэты — БЧБ-шнік, і ніхто не разбіраецца — цябе закрываюць.

Доўгі час Паліне здавалася, што ўладзе ўжо не трэба «знайсці і пакараць» усіх пратэстоўцаў у 2020 годзе, і пытанне ад'езду сям'я не разглядала.

— Хоць якраз у той дзень, калі было затрыманне, мы з мужам абмяркоўвалі, што ў краіне пачалася нейкая ўсеагульная дэпрэсія. Мне здаецца, у 2021-м яшчэ былі нейкія пробліскі аптымізму, надзеі на перамены, а вось праз год сітуацыя проста ў разы пагоршылася. Напрыклад, тое, што адбываецца цяпер у бізнесе — гэта нават не выжыванне, гэта спроба зрабіць глыток паветра, каб хаця б ляжаць, а не памерці канчаткова. Муж кажа: «Давай збяром грошай і да Новага года з'едзем». А праз паўгадзіны нас затрымалі.

«Візіт» няпрошаныя госці абставілі, як спецаперацыю па злове асабліва небяспечных злачынцаў. З усімі атрыбутамі: аўтобус з дзясяткам сілавікоў у амуніцыі, з электрашокерамі, з летанінай па пад'ездзе і ўкладваннем тварам у падлогу. Дзеці часткова бачылі затрыманне, і гэты страх яшчэ доўга даваў пра сябе знаць.

Заіканне, якое пачалося ад нервовага ўзрушэння ў малодшага дзіцяці, не прайшло да гэтага часу.

Сілавікоў гэта, вядома, не хвалявала. «Дзеці, бацькі — твае праблемы. Не трэба было хадзіць! Дахадзілася? Колькі ты зарабляла? У цябе ж і кватэра, і машына, чаго табе не хапала?» — казалі «людзі ў чорным».

— Мы тры месяцы правялі на Валадарцы па «палітыцы», у выніку выйшлі на «хатнюю хімію» — нам далі тры гады. Адразу, вядома, была такая эйфарыя ад таго, што ты нарэшце дома, з дзецьмі. А потым накрывае, разумееш, што і ты, і дзеці разам з табой будуць працягваць сядзець у турме, толькі дома.

Мы паглядзелі, як усіх, хто сядзеў з намі і каго адправілі таксама на хатнюю хімію, прэсуюць, правяраюць бясконца — і ноччу, і днём. Я ведаю, што некаторых маіх знаёмых на «хатняй хіміі» ловяць на выдуманых парушэннях, шукаюць прычыны, каб зрабіць больш жорсткім рэжым.

Паліна з мужам зразумелі, што такая ж узмоцненая ўвага з боку сілавікоў і вымотвальная гульня ў «злых і добрых паліцэйскіх» чакае і іх. А калі асуджаны на хатнюю хімію атрымлівае тры і больш спагнанні, яму могуць змяніць рэжым адбыцця пакарання і адправіць у калонію, што ў беларускай практыцы здаралася ўжо не раз.

Сітуацыя пагаршалася тым, што ГУБАЗіК, праводзячы затрыманне, забірае пашпарты і не выдае іх людзям назад нават пасля рашэння суда.

— Нам удалося аднавіць папяровыя дакументы (а ў іх былі шэнгенскія візы) літаральна цудам, — кажа Паліна, — таму што звычайна выдаюць ID-карты, каб чалавек нікуды не з'ехаў. Але нам пашанцавала і атрымаць пашпарты, і нават хутка аднавіць візы ў пасольстве. Хоць не было мэты з'ехаць з Беларусі — рабілі на ўсялякі выпадак, хай будзе, як план Б.

А яшчэ рэгулярна праглядалі базу МУС — на абодвух сужэнцах былі абмежаванні на выезд з краіны. У нейкі момант Паліна даведалася, што яна, нарэшце, выязная — і рашэнне з'ехаць прынялі ў рэкордныя тэрміны, літаральна за некалькі дзён вырашыўшы самыя неадкладныя справы.

— Я разумела, што заставацца мы ўжо проста не можам, хоць усё кінуць і ехаць у невядомасць было вельмі страшна, — прызнаецца Паліна. — Муж настаяў: з'язджаем, кропка. І мы ўсёй сям'ёй адважыліся. Са школай прайшло на здзіўленне лёгка: апавясцілі аб ад'ездзе, здалі падручнікі і атрымалі даведку.


«Нават у кватэры баялася размаўляць»

Муж і жонка разумелі, што праз Мінск і Маскву ляцець небяспечна, у аэрапортах ёсць спісы «палітычных», і могуць не выпусціць. Таму шлях сям'я выбрала не самы просты — праз невялікія гарады Расіі, каб не прыцягваць непатрэбнай увагі. А пасля, праз трэцюю краіну, у Літву.

— Калі ехалі па Расіі, мяне ўразіла ўбачанае, — з сумным смяшком прызнаецца Паліна. — Як гэта краіна каго хоча захапіць, калі ў іх унутры такая разруха і развал, якіх я не бачыла ніколі ў жыцці?

Спачатку памежнікі не хацелі прапускаць нас як уцекачоў з візай С. Балазе, з сабой былі ўсе дакументы аб затрыманні і судзе, таму нас дапыталі, адсканавалі паперы і ўрэшце сказалі, маўляў, welcome to Europe.

Зрэшты, нават праз месяц жыцця па-за Беларуссю перажыты страх не адпускае, усюды мроіцца КДБ, і спаць спакойна не атрымліваецца.

— Я з'язджала з дзікай паранояй: здавалася, што за кожнай сцяной праслухоўка, што ў пад'ездзе выскачыць які-небудзь чалавек у масцы з-пад лесвіцы або з іншага паверха. Нават у кватэры, здаецца, баялася размаўляць. Людзям, якія не пабылі ў гэтай сітуацыі, складана зразумець узровень страху, і я, калі размаўляю з сябрамі, якія там засталіся, гэта адчуваю.

Гэта як быццам у страшнай казцы: ты жывеш, побач быццам бы звычайныя людзі, а ўначы яны ператвараюцца ў нейкіх монстраў, і гэта бачаць не ўсе. Але ўбачыўшы сапраўдны твар сістэмы, яе звярыны ашчэр, разбачыць ужо немагчыма. І ты разумееш, што сапраўды шмат дзе сочаць, і ў Тэлеграм сядзяць, і камеры, і жучкі — гэта не трызненне запалёнага ўяўлення.

Паліна прыкмеціла яшчэ адну асаблівасць жыцця ў цяперашняй Беларусі. З аднаго боку — вельмі вялікая падтрымка і салідарнасць з палітвязнямі. А з іншага — большасць тых, хто жыве звычайным жыццём, нібы нічога не здарылася, не разумеюць таго, што адбываецца з беларусамі ў няволі і, магчыма, таму абясцэньваюць гэтую траўму. Маўляў, ну адседзеў, што тут такога — а «такое» ламае многім экс-зняволеным жыццё.

— Мне падаецца, такое бытавое абясцэньванне адбываецца таму, што ўсе жывуць у страху і з часам прымаюць яго як норму. І хоць многія лічаць гэту ўладу нелегітымнай, яна ўсё роўна ўплывае на розумы людзей, атручвае іх, гэтая інтаксікацыя працягваецца гадамі.

Малюнак Вольгі Якубоўскай

Малюнак Вольгі Якубоўскай


«Куды падзенуцца ўсе тыя людзі, хто працаваў у сістэме?»

— Пакуль плануем застацца ў Літве. Мне тут камфортна, шмат сяброў, часам здаецца, што палова Мінска ў Вільні жыве. Да таго ж, каб рухацца кудысьці далей, яшчэ не ўсе пытанні вырашаны — у Беларусі засталася нерухомасць, якую трэба прадаць. Хацелася б тут адаптавацца, пачаць уласны бізнес, каб дзеці раслі ў зусім іншай атмасферы, каб у іх была магчымасць вучыцца і развівацца ў Еўропе.

У Беларусь, шчыра скажу, вяртацца не хачу. Проста не бачу сэнсу. Тое, што адбываецца там цяпер, засела ў грамадстве настолькі глыбока і маштабна, што становіцца страшна. Нават у самым аптымістычным выпадку, калі не стане цяперашняй улады, каб выкараніць яе ўплыў, спатрэбяцца гады, калі не дзесяцігоддзі. Куды падзенуцца ўсе тыя людзі, хто працаваў у сістэме, у судах, турмах, у ІЧУ — пачнуць усміхацца і дапамагаць?

Я ў гэта не веру, таму што знутры ўбачыла зусім бесчалавечнае стаўленне. ІЧУ запомніўся як катаванні, пра існаванне якіх многія нават не падазраюць.

За ўсё сваё жыццё я раней нідзе не бачыла настолькі злых людзей, якія літаральна ненавідзяць усіх, хто трапляе за краты, і мэтанакіравана здзекуюцца, так, каб кожны, хто сядзіць у ІЧУ, сапраўды пакутаваў з першых крокаў.

У нашай першай жаночай камеры — двухмеснай — у нейкі момант быў 21 чалавек. Ратавала толькі тое, што ў самой камеры былі адэкватныя людзі. Але вакол поўная невядомасць, і табе, як толькі могуць, ускладняюць жыццё нават бытавымі момантамі: не перадаюць ні лекаў, ні перадач ад родных, у цябе няма зубной шчоткі, змены бялізны — наогул нічога.

Маю перадачу з медыкаментамі прынялі, але да мяне яна не дайшла. Куды ўсё гэта дзяецца, і як з гэтым жывуць тыя, хто глядзіць у вочы сваякам і прымае гэтыя пакеты?

Акрамя гэтага, дадае Паліна, у ІЧУ не прабіваецца ніякая карэспандэнцыя. Лісты, дакладней, іх частку перадаюць ужо ў СІЗА.

— Я атрымала, можа быць, адсоткаў 35-40 — ад сям'і і ад дзвюх блізкіх сябровак, больш нічога не даходзіла.


«У нас быў вельмі цяжкі шлях. Але пазітыўных момантаў больш»

Азіраючыся на тое, што адбылося ў 2020-м, і разумеючы, якую цану давялося заплаціць за сваю грамадзянскую пазіцыю, Паліна, як многія беларусы, задаецца пытаннем, ці не дарма ўсё гэта было. Прызнаецца — часам шкадавала ў турме, калі накрывала ўсё разам: фізічныя пакуты, уласнае бяссілле нешта змяніць, перажыванні за дзяцей, невядомасць, што будзе далей.

— Цяпер я разумею, што гэта, напэўна, быў такі цяжкі шлях, які нам трэба было прайсці. Таму што, застаючыся ў Беларусі, ты ўсё роўна застаешся ў турме — проста пераходзіш з маленькай у вялікую.

Тут за месяц я толькі двойчы бачыла паліцыю. У Мінску, толькі выходзячы з пад'езда, я сустракала міліцыянтаў ледзь не адразу.

Але, ведаеце, як бы гэта горка не гучала — напэўна, трэба было заплаціць гэтую цану, каб разумець, чаго варта свабода.

У нас быў вельмі цяжкі шлях, наша сям'я фактычна страціла ў Беларусі ўсё. Але пазітыўных момантаў больш, і я пераканана, што жыццё змянілася да лепшага.

Цяпер, знаходзячыся ў бяспецы, можам распавядаць пра тое, што адбываецца ўнутры. Каб у будучыні адказалі за свае ўчынкі тыя, хто застаўся ў сістэме, хто ператварыў суды ў пасмешышча, хто даносіў. Краіна павінна ведаць сваіх «герояў».