Хронікі рэпрэсій за 16 траўня
Мікалай Статкевіч пяць разоў быў у ШІЗА, пазбаўлены пасылкі і спатканняў. У ШІЗА цяпер, відаць, і журналіст-расследавальнік НЧ Дзяніс Івашын. Гэтак жа катуюць і актывістку Паліну Шарэнду-Панасюк. А пра Віктара Бабарыку дагэтуль няма ніякіх вестак.
Былы кіраўнік БНФ Рыгор Кастусёў знаходзіцца ў бальніцы на абследаванні
Палітзняволены Рыгор Кастусёў цяпер у бальніцы на абследаванні. Пра гэта ў Facebook паведаміў зяць старшыні партыі БНФ Дзмітрый Антончык.
Нагадаем, Кастусёва асудзілі да 10 гадоў калоніі. У зняволенні ў палітвязня абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анкалагічнае захворванне.
Журналіст-расследавальнік, аўтар НЧ Дзяніс Івашын, верагодна, зноў у ШІЗА
Сваякі гродзенскага журналіста і палітвязня Дзяніса Івашына паведамілі праваабаронцам, што ён учора не патэлефанаваў ім, хоць меўся, паводле графіку званкоў 11-га атраду.
Пропуск можа быць абумоўлены рознымі прычынамі. Але родныя Івашына лічаць, што яго чарговы раз змясцілі ў ШІЗА і чакаюць на пацверджанне сваёй высновы. Папярэднія лісты ад журналіста, якія атрымалі яго сваякі, датаваныя 30 красавіка (айчыму), 3 і 8 траўня (маці і жонцы, адпаведна). На гэты момант дакладных звестак пра Івашына няма.
Паліну Шарэнду-Панасюк працягваюць утрымліваць у ШІЗА
Пра гэта паведаміў муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда: «З Палінай зноў знікла сувязь, яна зноў у ШІЗА жаночай калоніі №24 (Зарэчча). Паліну кінулі ў карцар яшчэ 2 траўня, і па стане на 15 траўня яна яшчэ знаходзілася там. Адміністрацыя калоніі на развітанне вырашыла дадаткова паздзеквацца і давесці лік катавальных содняў у нечалавечых умовах да круглага ліку. За няпоўныя 11 месяцаў знаходжаньня ў калоніі Паліна 20 разоў каралася штрафным ізалятарам і агулам правяла там 200 содняў.
Бліжэйшымі тыднямі Паліна будзе этапавана у ІЧУ г. Рэчыцы, дзе яе чакае ўжо новы суд і тэрмін. Але дакладная дата суду пакуль не вядома».
Нагадаем, у мінулым годзе яе асудзілі па арт. 411 КК да яшчэ аднаго года калоніі. Нядаўна супраць яе ўзбудзілі ўжо новую справу за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі».
Палітзняволенаму Яну Папковічу прысудзілі 4 гады калоніі
Былому інкасатару «Белгазпрамбанка» і экс-спецназаўцу ў Мінскім гарадскім судзе 16 траўня агучылі прысуд — 4 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Суддзя Вера Галаўкова прызнала Яна вінаватым паводле арт. 342 КК (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 361-3 КК (Падрыхтоўка да ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні).
Суд над палітвязнем распачаўся 10 траўня ў Мінгарсудзе. Вядома, што на судзе Ян сваю віну не прызнаў. Адзін са сведкаў на судзе заявіў, што «на яго аказвалі ціск, і ён падпісваў усё, што скажуць». У якасці доказаў віны Яна агучваліся ягоныя прыватныя перапіскі з жонкай, а таксама сябрамі якія, паводле следства, служаць ва Украіне ў палку Каліноўскага.
Дакладнае месцазнаходжанне і стан Віктара Бабарыкі дагэтуль не вядомыя
Ні адна ўстанова сістэмы Дэпартамента выканання пакаранняў МУС, у тым ліку падведамасныя бальніцы, не можа ўзяць на сябе адказнасць і пацвердзіць, што Віктар знаходзіцца ў іх.
Сваякі працягваюць дабівацца асабістага прыёму ў начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў МУС.
Нагадаем, два тыдні таму стала вядома, што Віктар Бабарыка быў шпіталізаваны ў бальніцу ў ноч з 24 на 25 красавіка — далейшае месцазнаходжанне палітвязня невядома.
Бацьку і дачку пакаралі «хатняй хіміяй» за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе
У судзе Савецкага раёна Мінска 5 красавіка асудзілі 60-гадовага Юрыя Машка і ягоную 24-гадовую дачку Валерыю Машок. Іх абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 КК). Справу разглядаў суддзя Аляксандр Якунчыхін.
Паводле матэрыялаў справы, бацька разам з дачкой, восенню 2020 года «прынялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, парушалі працу транспарту і прадпрыемстваў, блакавалі шлях транспартным сродкам». Іх вылічылі па фатаздымках з месца падзей.
Суд прызнаў іх вінаватымі і пакараў абмежаваннем волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін два гады кожнага.
У Горках схапілі аднаго з найлепшых барбераў Паўла Шакоўскага
Паўла Шакоўскага вінавацяць ва ўдзеле ў мітынгах і «зняважлівых каментарах» на адрас міліцыі і Лукашэнкі. Сілавікі змусілі зняволенага распрануцца на відэа — сярод мноства татуіровак дэманструюць бела-чырвона-белыя.
Калі Паўла затрымалі і што яму інкрымінуюць, не вядома.
Палітвязня Яўгена Петрачэнку будуць судзіць за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоні»
Яўген — футбольны фанат з Барысава. Да затрымання працаваў зваршчыкам на мясцовым жалезабетонным заводзе. Падчас пратэстаў у Барысаве ён нібыта штурхануў турнікет на міліцыянера, чым пашкодзіў яму нагу і твар. Пры затрыманні хлопца ўдарылі дубінкай па галаве так, што ён страціў прытомнасць.
У кастрычніку 2020-га Яўгена асудзілі паводле арт. 364 КК (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў адносінах супрацоўніка ўнутраных спраў) на 3,5 года калоніі. Пазней яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у магілёўскую турму.
У судзе Ленінскага раёна Магілёва 26 траўня над хлопцам распачнецца суд паводле ч. 1 арт. 411 КК за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». Справу будзе разглядаць суддзя Вікторыя Палякова.
У Гродне затрымалі кіраўніцу аднаго з аддзелаў «Прыёрбанка» Людмілу Саковіч
Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, жанчына — жонка намесніка дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства горада.
Паводле сілавікоў, Людміла займалася распаўсюдам экстрэмісцкіх матэрыялаў, далучылася да «Плана Перамога», даслала інфармацыю ў чат-бот «Чорнай кнігі Беларусі», а таксама ў жніўні 2020-га года ахвяравала грошы ў фонд салідарнасці BYSOL.
На судзе па справе Сяргея Франчука абвешчаны перапынак
У Мінскім гарадскім судзе 28 красавіка палітвязня Сяргея Франчука асудзілі на тры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яго абвінавацілі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
Але ўжо 13 траўня ў судзе Бабруйскага раёна і горада Бабруйска распачаўся разгляд новай справы супраць Франчука паводле арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі). Працэс у закрытым рэжыме вядзе суддзя Вольга Серакова.
Па інфармацыі праваабаронцаў, разгляд справы быў прыпынены да разгляду апеляцыйнай скаргі ў Вярхоўным судзе. Цягам гэтага часу Сяргей будзе знаходзіцца ў бабруйскім СІЗА.
Сяргей — стрыечны брат прадстаўніка штабу палка Каліноўскага Вадзіма Кабанчука.