«Найлепшыя тыдні ў маім жыцці». Былы палітвязень расказаў, як сядзеў з Эдуардам Бабарыкам
Былы камерцыйны дырэктар сеткі мінскіх кінатэатраў і экс-палітзняволены Аляксандр Дземідовіч летась правёў больш за два месяцы ў адной камеры з Эдуардам Бабарыкам у СІЗА на Валадарскага. «І, як бы ні гучала дзіка, але гэта былі найлепшыя тыдні ў маім жыцці», — напісаў ён. Аляксандр Дземідовіч расказаў «Н*шай Ніве», як на яго паўплывала знаёмства з Эдуардам і што з Бабарыкам-малодшым адбываецца за кратамі.
![Фота прэс-службы Віктара Бабарыкі Фота прэс-службы Віктара Бабарыкі](/img/v1/images/photo_2020_11_11_17_38_27.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота прэс-службы Віктара Бабарыкі
Калі Аляксандра адправілі ў СІЗА на Валадарскага, ён
падумаў, што было б класна трапіць у камеру да Эдуарда. Неймаверна, але так і
атрымалася.
«Знаёмства з ім на мяне вельмі моцна паўплывала: на мой
характар і стаўленне да ўсіх турэмных прыгод. Яно мне дапамагло ўсё гэта
перажыць.
Эдзік адразу ўзяў шэфства нада мной, як трэба ставіцца да
часу, які праводзіш у зняволенні. Нельга настройвацца суперпазітыўна, трэба
ацэньваць тое, што адбываецца, рэальна і максімальна эфектыўна выкарыстоўваць
час. Сам ён актыўна займаецца самаадукацыяй, шмат чытае, надае ўвагу духоўнаму
развіццю. Ініцыюе дыскусіі на нейкія тэмы. Гэта моцна дапамагае настроіцца,
спакойна перанесці гэта», — расказвае ён.
Калі Аляксандр знаходзіўся ў СІЗА, справу на Эдуарда
Бабарыку яшчэ не склалі.
«Таму і знаёміцца яму не было з чым. Проста перыядычна
прыязджалі да яго следчыя», — кажа ён.
Месяцы, якія Аляксандр правеў у СІЗА, па словах мужчыны,
былі самымі лепшымі ў яго жыцці.
«І такімі іх зрабіў Эдуард. Многія бізнесмены гатовыя
плаціць за такі інтэнсіў. Узнікае ж інфармацыйны дэтокс, ты цалкам
сканцэтраваны на самаразвіцці, абмене досведам, ведамі», — кажа ён.
З Эдуардам Бабарыкам Аляксандр шмат гаварыў пра будучыню
Беларусі.
«Яго цікавіла тэма развіцця тэлебачання. Абмяркоўвалі тэму
стаўлення да жанчын і іх ролю ў грамадстве, адукацыю, практыкавалі англійскую
мову. Кожны вечар гадзіну разважалі на англійскай.
![Эдуард Бабарыка «настроены выжыць» «Настроены выжыць». Валерыя Чарнаморцава расказала пра сустрэчу з сынам Бабарыкі на Валадарцы](/img/v1/images/2022_07_21_194256_min_1024x683_1m3hz_6lfxw.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Для Эдуарда важныя сацыяльныя праекты. Яшчэ да выбараў іх было шмат, ён паказваў, што нават на сацыяльных праектах можна зарабляць грошы, быць паспяховым. І вось калі мы абмяркоўвалі тэму будучага тэлебачання альбо тэму размеркаванага даходу, ты атрымліваеш адказ канструктыўнага крытыка, які добра бачыць гэта з боку», — расказвае ён.
У зняволенні Эдуард шмат надае часу ментальнаму здароўю.
Часта робіць адпаведныя практыкі.
«Напрыклад, у адзін з дзён ён ішоў у маўчанне, не размаўляў
ні з кім, — згадвае Аляксандр. — Усе астатнія да гэтага прыстасоўваліся,
таксама сыходзілі ў такое паўмаўчанне, каб не парушыць спакой Эдзіка. Так
выяўлялася эмпатыя.
Людзі, якія ўпадаюць там у дэпрэсію, засмучэнне, як правіла,
дрэнна заканчваюць. Могуць пачацца псіхічныя расстройствы, праблемы са
здароўем. Калі аб'ектыўна разумееш сітуацыю, настроены на развіццё, то няма
гэтай маркоты».
Таксама Эдуард шмат займаецца спортам.
«Зрабілі ў камеры з падручных матэрыялаў трэнажорную залу.
Бутэлькі напаўняюць вадой, кладуць у вялікія пакеты і паднімаюць, займаюцца
такім чынам.
Калі я туды прыйшоў, сталі рабіць «вакуум»: гэта дыхальная
практыка, якую выконваюць раніцай на галодны страўнік. Фактычна ўнутраны масаж
органаў.
У дворыку Валадаркі мы пачалі бегаць, перад вячэрай стаялі ў
планцы. Эдзік у ідэальнай фізічнай форме дзякуючы імправізаванай трэнажорнай
зале ў камеры, бегу ў дворыках, ёзе», — кажа ён.
Паводле слоў Аляксандра, у Эдуарда Бабарыкі няма азлобленасці на
ўладу, наглядчыкаў.
«Глядзіць на гэта ўсё з боку. У яго няма ніякай агрэсіі ў
дачыненні да рэжыму, да наглядчыкаў. Проста разумее, што ён закладнік гэтай
сітуацыі, і максімальна эфектыўна імкнецца выкарыстаць гэты час», — тлумачыць
Аляксандр.
Спачатку Эдуарду прыходзіла шмат лістоў, пасля
палітзняволенаму сталі адразаць карэспандэнцыю.
«У яго ёсць вялікая сумка, у якой захоўваецца ўся перапіска.
Помню, як цудам да яго дабраўся ліст ад нейкай дзяўчыны, які быў пазначаны
нумарам 21. То-бок яна адпраўляла лісты 20 разоў, іх усе не прапускалі, а вось
на 21-шы дайшоў. Для яго гэта быў кранальны момант.
У яго былі цёплыя адносіны з яго дзяўчынай, Сашай Зверавай,
я бачыў, што ад яе да яго прыходзілі лісты. Кожны раз, калі ён іх атрымліваў,
было бачна, што яму не проста цікава іх чытаць, а ён вельмі трапятліва ставіцца
да гэтых лістоў».
За два месяцы ў СІЗА Аляксандр прачытаў 14 кніг. Некаторыя з
іх — па рэкамендацыі Эдуарда.
«Здаецца, у мяне ніколі не было такой высокай
прадукцыйнасці, — гаворыць ён. — Ён раіў «Шантарам» Грэгары Дэвіда Робінса,
«Скажы жыццю «Так» Віктара Франкла, «Найлепшае ў нас. Чаму гвалту ў свеце стала
менш» Стывена Пінкера».
Суд над сынам Віктара Бабарыкі пачнецца 22 мая. За кратамі
ён знаходзіцца амаль тры гады — з 18 чэрвеня 2020 года.
Эдуарда Бабарыку будуць судзіць за ўхіленне ад выплаты
падаткаў, легалізацыю сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, дапамогу ў
арганізацыі масавых беспарадкаў і распальванні варожасці. Праваабаронцы
адмятаюць гэтыя абвінавачанні як палітычна матываваныя, лічаць, што
Бабарыку-сына арыштавалі для ціску на Бабарыку-бацьку.