Цяпер афіцыйна: «Палітычным», сілавікам і чыноўнікам абмежавалі выезд з Беларусі
Набылі моц папраўкі ў закон «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь». Папраўкі прадугледжваюць абмежаванні для пэўных катэгорый грамадзян, якім для таго, каб выехаць за мяжу, спатрэбіцца дазвол Лукашэнкі альбо КДБ. Новая рэдакцыя закона апублікавана на Нацыянальным прававым партале.
Раней папраўкі прынялі абедзве палаты так званага беларускага парламента, пасля дакумент зацвердзіў Лукашэнка.
Каму будзе абмежаваны выезд?
Цяпер КДБ мае паўнамоцтвы забараніць выезд за мяжу тым, хто знаходзіцца «на прафілактычным уліку ў органах дзяржаўнай бяспекі», а таксама людзям, якім нельга пакідаць краіну з меркаванняў «нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь».
Выглядае, што КДБ будзе сам вызначаць крытэрыі пагрозы «нацыянальнай бяспецы», а забарона на выезд можа ўводзіцца тэрмінам на паўгода.
Таксама пад дзеянне закона падпадуць палітычныя «адміністратыўшчыкі», а менавіта людзі, у дачыннені да якіх «вядзецца адміністрацыйны працэс за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў супраць парадку кіравання — з мэтай забеспячэння выканання пастановы суддзі аб накладанні адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе штрафу».
Як удакладняе «Л*стэрка», у пералік «падзаконных» адміністрацыйных правапарушэнняў уваходзяць такія «народныя» артыкулы КаАП, як «парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў», «непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы» і іншыя.
Распаўсюджваецца дзеянне закона і на прадстаўнікоў сілавых структур, а таксама чыноўнікаў.
Толькі пасля ўзгаднення з Лукашэнкам за мяжу змогуць выехаць старшыні абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў, начальнік Службы бяспекі Лукашэнкі, начальнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра (ААЦ), старшыня КДБ, міністр унутраных спраў, міністр замежных спраў, міністр абароны, міністр па надзвычайных сітуацыях, старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэта, Дзяржаўнага мытнага камітэта, Следчага камітэта і Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, начальнік Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.
Выезд з Беларусі «кіраўнікоў дзяржаўных органаў, а таксама кіраўнікоў дзяржаўных арганізацый і работнікаў, якія ажыццяўляюць забеспячэнне дзейнасці і тэхнічнае абслугоўванне дзяржаўных органаў, якім прадастаўлены допуск да дзяржаўных сакрэтаў», будзе вызначацца ўрадам.
У законе
пазначана, што выезд за мяжу сілавікоў будзе «вызначацца лакальным прававым
актам» адпаведных ведамстваў. Верагодна, у іх будзе замацавана норма «па
ўзгадненні з кіраўніцтвам». Гэта будзе тычыцца вайскоўцаў, супрацоўнікаў,
работнікаў і асоб грамадзянскага персаналу воінскіх фарміраванняў і
ваенізаваных арганізацый Беларусі, а менавіта:
Узброеных сіл
Рэспублікі Беларусь;
органаў памежнай службы;
унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў;
органаў дзяржаўнай бяспекі;
транспартных войскаў;
Службы бяспекі Лукашэнкі;
Аператыўна-аналітычнага цэнтра;
органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю;
Следчага камітэта;
Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз;
органаў унутраных спраў;
органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях;
Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету;
Дзяржаўнай фельд'егерскай службы пры Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі.
У законе таксама адзначана, што ім можа быць адмоўлена ў выездзе з краіны «з мэтай забеспячэння інтарэсаў нацыянальнай бяспекі да спынення абставін, якія перашкаджаюць іх выезду».
Забарона для «палітычных адміністратыўшчыкаў» пачне дзейнічаць праз шэсць месяцаў пасля афіцыйнага апублікавання закона. Іншыя палажэнні — пасля афіцыйнага апублікавання гэтага закона.