Умоўна адкрытыя межы: Як беларусаў правяраюць памежнікі

Ля мяжы з Расіяй перакапаныя сцежкі, а ў тых, хто выязджае ў Польшчу, пытаюцца «карту пабыту».

_daroha___bezljudz___szasza__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

5 траўня на мяжы з Расіяй увялі пашпартны кантроль для тых, хто ўязджае ў Беларусь. На мяжы з Літвой беларусаў правяраюць і апытваюць людзі ў цывільным. У тых, хто выязджае ў Польшчу, пытаюцца пра польскі ВНЖ. Вядома пра затрыманні на мяжы з Расіяй, Літвой і Польшчай. «М*дыязона» даведалася, як цяпер ідуць справы на памежных пунктах.

Мяжа з Расіяй: з'явіліся праверкі, перакапаныя сцежкі

5 траўня на ўездзе ў Беларусь з Расіі ўвялі часовы памежны кантроль, у тых, хто ўязджае, пачалі правяраць дакументы. Кантроль на мяжы ўвялі ў рамках ратыфікацыі пагаднення з Расіяй аб узаемным прызнанні віз (замежнікі, якія атрымалі беларускую або расійскую візу, змогуць наведваць абедзве краіны па адной візе).

На мяжы з Расіяй у дзень з'яўлення кантролю ўтварылася чарга. Паводле інфармацыі выдання «Фл*гшток», 8 і 9 траўня на адным з пераходаў на мяжы з Расіяй узмацнілі меры кантролю. Беларусаў, якія раней траплялі ў поле зроку «сілавікоў», выклікалі «на размову» і пад запіс на відэакамеру задавалі пытанні, звязаныя з пратэстамі. Таксама патрабавалі разблакаваць тэлефон для праверкі — глядзелі фота, падпіскі, лайкі.

Тэлеграм-канал «спісы затрыманых» паведамляў, што валанцёрам стала вядома пра затрыманні на мяжы з Расіяй.

У Магілёўскай вобласці пачалі перакрываць дробныя дарогі і перакопваць сцежкі, якія вядуць у Расію, пісаў «Магілёў. Media».

Удзельнікі чата «Мяжа РФ-РБ» пісалі, што на беларускім баку трасы M1 няма кантролю, на расійскім баку правяраюць пашпарты і просяць адкрыць багажнік, а ў прапускным пункце «Ляды» інфармацыю аб памежніках, якія праязджаюць, «запісваюць у сшытак».

Цяпер на мяжы Расіі і Беларусі чэргі зменшыліся. Карыстальнікі чата «мяжа РФ-РБ» пішуць, што праходжанне мяжы займае да гадзіны, а на трасе М1 сёння няма няма машын ні з боку Расіі, ні з боку Беларусі.


Мяжа з Літвой: «Пыталіся, ці ведаю я Паўла Лібера»

Крыніцы выдання Hr*dna Life паведамлялі, што на літоўска-беларускай мяжы працавалі супрацоўнікі КДБ: дапытвалі і правяралі тэлефоны.

Адзін з беларусаў распавёў выданню, што 8 траўня ехаў з Літвы ў Беларусь на аўтобусе. На пашпартным кантролі багаж пасажыра агледзеў мытнік, а пасля яго павялі ў актавую залу, дзе сядзелі двое ў цывільным.

«Сказалі, што яны памежнікі, і пачалі распытваць: куды ездзіў, навошта, з кім сустракаўся. Агледзелі тэлефон. Пыталіся, ці ведаю я Паўла Лібера і яшчэ аднаго чалавека (не запомніў прозвішча). Доўжылася гэта (яны назвалі гэта «гутарка») хвілін 40. Я нясмела спрабаваў спытаць, чаму ўсё гэта [адбываецца] (я не прыцягваўся), але яны нічога не патлумачылі», — напісаў ён у адным з чатаў, дзе абмяркоўваюць мяжу.

Пра праверкі паведамляюць і іншыя карыстальнікі чатаў, піша Hrodna L*fe. Адзін з іх напісаў, што ў «Каменным Логу» супрацоўнікі КДБ выбарачна дапытвалі і глядзелі тэлефоны. Іншыя карыстальнікі пацвердзілі, што напярэдадні 9 траўня «вельмі моцна» правяралі тых, хто ўязджаў у Беларусь. У прыватнасці, дбайныя праверкі былі ў «Лошы» і «Каменным Логу» на літоўска-беларускай мяжы, польска-беларускай і латвійска-беларускай.

Інфармацыю аб дадатковых праверках на мяжы пацвярджае і тэлеграм-канал «Сп*сы затрыманых». Аўтары канала зафіксавалі выпадкі, калі людзей пасля гутаркі затрымлівалі па адміністрацыйных артыкулах.

«Паводле даных з розных крыніц, пры ўездзе ў Беларусь з Польшчы і Літвы ажыццяўляецца дадатковы кантроль грамадзян, якія раней былі затрыманыя па «палітычных» артыкулах (магчыма, па базе «Беспарадкі»). Гэта тычыцца тых, хто ўязджаюць на асабістых аўто, на рэйсавых аўтобусах, а таксама кіроўцаў-дальнабойшчыкаў».

Акрамя гэтага, у некаторых беларускіх памежнікаў прасілі прад'явіць «карту пабыту», пішуць карыстальнікі чата пра мяжу.