Беларускія ўлады пільнуюць межы з РФ. Няўжо пачалі нешта разумець пра старэйшага брата?

Відаць, нават і беларускія ўлады на вышэйшым дзяржаўным узроўні пачалі ўсведамляць, што з тэзісам «Расія не можа прайграць», сёй-той, магчыма, трошкі паспяшаўся, — разважае аўтар «Лістоў да дачкі» ў сваім тэлеграм-канале.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__26__logo.jpg

У пятніцу беларускія ўлады вельмі красамоўна прызналі, што Расія ім больш не надзея, апора і абарона, а патэнцыйны ачаг распаўсюджання нестабільнасці. Таму што тлумачэнне аб тым, што памежныя пасты на беларуска-расійскай мяжы ўсталёўваюцца з мэтай барацьбы з нелегальнымі мігрантамі ва ўмовах узаемнага прызнання віз, гучыць, вядома, міленька. Гэта значыць, яны нават не сталі абцяжарваць сябе пошукам пераканаўчых тлумачэнняў.

Ну а што рабіць? Стабільнасць у Расіі стабілізавалася да такой ступені, што яе літаральна ў любы момант можа прарваць на сумежную тэрыторыю. Нават без спецыяльнага злога намеру, а проста ў сілу выпадковага супадзення неспрыяльных абставінаў.

Вось, напрыклад, вырашыць які-небудзь гурт пасля ўдалага канцэрту ў Расіі адступіць на тэрыторыю Беларусі. І хто яго тут спыніць?

Вядома, у такіх умовах беларускім уладам становіцца не да захавання прыстойнасцяў пра бязмежную саюзную дзяржаву і ўзаемны братэрскі давер. Які ўжо там давер, калі саюзнік не ў стане абараніць сябе?


І глядзі, як цікава атрымліваецца. НАТА ляскае гусеніцамі. На заходніх межах падступны вораг сціскае ўдарны кулак. Праз пагрозу з Захаду беларускія ўлады ўжо сабралі ў сваім тэлевізары паўтара мільёна віртуальных войскаў.

Але абараняцца беларускім уладам чамусьці даводзіцца ад Усходу. Таму што пагроза з Захаду так і засталася пагрозай толькі ў віртуальнай рэальнасці беларускага тэлевізара. І нават тэрарысты, пра затрыманне якіх даў справаздачу беларускі КДБ, паводле афіцыйнай версіі абодва мелі расійскія пашпарты.

І ўжо раптам высвятляецца, што нягледзячы на ўсе сакрэтныя карты, ніхто на Беларусь, аказваецца, не збіраецца нападаць. Ні Украіна, ні Польшча. Ні НАТА. І што характэрна, за некалькі дзён у беларускіх уладаў неяк не знайшлося свабоднай хвілінкі, каб выказаць афіцыйнае спачуванне з нагоды пацярпелых купалоў Крамля. Ну вось хоць бы беларускае МЗС магло б спадобіцца на глыбокія заклапочанасці, якія яго ўсё роўна ні да чаго не абавязваюць.


Увогуле, ёсць у мяне смутнае адчуванне, што ўжо і беларускія ўлады на вышэйшым дзяржаўным узроўні пачалі нешта такое разумець пра старэйшага брата. Што з тэзісам «Расія не можа прайграць», сёй-той, магчыма, трошкі паспяшаўся. Што ў крытычных абставінах дапамогі ад саюзніка чакаць не даводзіцца. А калі дапамога ўсё ж такі прыйдзе, то, улічваючы альтэрнатыўныя поспехі ўсіх саюзніцкіх планаў, лепш бы гэтай дапамогі і не было.

Іншая справа, што зрабіць практычныя высновы з новага разумення аб'ектыўнай рэальнасці беларускім уладам цяжка. Занадта ўжо яны шмат уклалі ў рэпутацыю «другой арміі свету». Цяпер гэта ўсё назад не дастанеш.

P.S. Дый сокалаў, якія скінулі пацука на прыступкі Дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы, таксама не адмяніць.