Ад заўтра будзе заблакіраваны адзіны грузавы пункт пропуску на мяжы з Польшчай

Бліжэйшыя тыдні будуць вельмі складанымі для кіроўцаў фур.

Фота: «Rzeczpospolita»

Фота: «Rzeczpospolita»

Апоўдні 9 траўня будзе перакрыты тэрмінал у Карошчыне. Такім чынам перавозчыкі спыняць перавозкі ў Беларусь, — паведамляе «Rzeczpospolita».
Пункт пропуску «Карошчын — Казловічы» на беларуска-польскай мяжы чакаюць складаныя тыдні.
Польскія перавозчыкі з Лукава пры падтрымцы мясцовых прадпрыемстваў пратэстуюць супраць захопу беларускімі і расійскімі кампаніямі транспартнага рынку на ўсход. Яны патрабуюць забараніць уезд у Польшчу паўпрычэпаў з беларускай і расійскай рэгістрацыяй, прыпыніць дзейнасць беларускіх і расійскіх кампаній пад польскім прыкрыццём, а таксама аднавіць дазволы для ўкраінскіх транспартных кампаній.
Блакада пачнецца 9 траўня, ваявода даў дазвол на акцыю пратэсту да 9 чэрвеня.
— Чакаем удзелу каля ста грузавікоў, — кажа адзін з арганізатараў Каміль Амброзяк.
Працягваецца таксама блакада тэрмінала ў Дарагуску на мяжы з Украінай. Украінскія ўлады часова знялі з польскіх перавозчыкаў дазволы на перавозкі ва Украіну з трэціх краін. — Спачатку заяўлялі, што патрабавання няма, потым наклалі штрафы, цяпер зноў кажуць, што патрабавання няма. Хай вырашаюць, як гэта? У гэтай сітуацыі мы не здымаем блакады, — кажа адзін з лідараў пратэсту Лукаш Бялаш.

Фота: «Reuters»

Фота: «Reuters»

Ён дадае, што ў Мінінфраструктуры таксама нічога не кажуць пра прававую сітуацыю і пра тое, на што пагадзіўся ЕС у падпісанай з Украінай дамове. Украінскія ўлады заявілі, што аштрафавалі чатырох польскіх перавозчыкаў за тое, што яны не прапусцілі транспарт з трэціх краін. Лукаш сам ведае не менш за 20 такіх выпадкаў. Гэтыя штрафы, упэўнены суразмоўца, трэба адмяніць.
Адзначым, што на мяжы з Украінай польскія фуры заблакіравалі рух і

прапускаюць па адной фуры за гадзіну.

Гэта прывяло да значнага павелічэння чаргі і часу прастою.
Паводле звестак Дзяржпагранкамітэта на 16.00 8 мая, у пункце пропуску «Казловічы» выезду ў Польшчу чакаюць 120 велікагрузаў.