Мігранты на беларуска-польскай мяжы: У Беларусі нас чакае расправа
У памежнай паласе некалькі дзён знаходзіцца група мігрантаў — 30 чалавек, у тым ліку дзеці. Яны распавялі, што іх чакае ў выпадку вяртання ў Беларусь.

Ілюстрацыйны здымак
Польскі бок не пускае мігрантаў, а беларускі пры вяртанні пагражае расправай. Пра гэта паведаміла агенцтва «Associated Press» са спасылкай на польскіх праваабаронцаў і афіцыйных асоб.
Як заяўляюць актывісты праваабарончай арганізацыі «Grupa Granica», група мігрантаў хоць і знаходзіцца ў памежнай паласе, але ўсё ж юрыдычна яны ўжо на тэрыторыі Польшчы, таму могуць падавацца на міжнародную абарону і маюць права трапіць у краіну.
Але для гэтага неабходна згода польскай Памежнай службы, якая ў выпадку адмовы будзе вымушана выгнаць людзей на беларускую тэрыторыю, дзе, па словах мігрантаў, іх чакае расправа.
«У Беларусі ім небяспечна. У іх групе ёсць хворыя дзеці, а беларускія спецслужбы, па сведчаннях мігрантаў, прама пагражаюць ім збіццём і нават забойствам. Таму людзей трэба тэрмінова пускаць, бо яны на польскай тэрыторыі і згодны на падачу дакументаў на міжнародную абарону», — расказалі актывісты «Grupa Granica» агенцтву «Associated Press».
На гэты момант група мігрантаў усё яшчэ застаецца паміж дзяржавамі і чакае рашэння польскага боку.

Нагадаем, што рэжым Лукашэнкі ў адплату за падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці з боку краін Захаду ў 2021 годзе справакаваў міграцыйны крызіс на ўсходняй мяжы Еўрасаюза.
Мігрантаў з Блізкага Усходу, Азіі і Афрыкі падманам заваблівалі ў Беларусь нібыта для больш лёгкага і даступнага маршруту ў Еўропу, аднак людзі ў выніку аказваліся ў пастцы між двух агнёў: краіны Еўрасаюза пачалі будаваць сцены і не пускалі мігрантаў, а рэжым Лукашэнкі ў той жа час спецыяльна гнаў людзей на пераход мяжы ЕС, не дазваляючы вяртацца і пагражаючы ім рэпрэсіямі.
Гэтыя спробы дэстабілізаваць мяжу хоць і зменшыліся па маштабе, але працягваюцца да гэтага часу. У лясах і балотах на захадзе Беларусі працягваюць знаходзіць трупы мігрантаў, а самі бежанцы часам адкрыта атакуюць заходніх памежнікаў.