Польшча ўвяла новыя санкцыі супраць Беларусі — з-за палітычных рэпрэсій
Цяпер у санкцыйным польскім спісе «ўсе дэпутаты беларускага парламента». У спіс унеслі асобаў, адказных за палітычныя рэпрэсіі, у тым ліку супраць палякаў, якія жывуць у Беларусі, паведаміў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Каміньскі.

Андрэй Пачобут. Польскі плакат. Фота bialoruska24.org
У сувязі з прысудам журналісту Андрэю Пачобуту Польшча ўвяла санкцыі супраць 365 беларускіх чыноўнікаў, сілавікоў і супрацоўнікаў дзяржмедыя, што адказныя за палітычныя рэпрэсіі. Пра гэта гаворыцца ў заяве МУС Польшчы.
У санкцыйны спіс трапілі 159 дэпутатаў, у заяве МУС Польшчы сказана, што цяпер «санкцыі ўжо распаўсюджваюцца на ўсіх дэпутатаў беларускага парламента». Акрамя таго ў спіс уключаны 76 суддзяў, сем пракурораў, 32 прадстаўнікі мясцовых адміністрацый, 28 сілавікоў.
Таксама ў спіс увайшлі прадпрымальнікі, звязаныя з расійскім капіталам. Гэта 15 грамадзян РФ і адзін беларус. Пад санкцыі таксама патрапілі 20 суб'ектаў гаспадарання (19 звязаных з Расіяй і адзін звязаны з Беларуссю).
«Гэтыя людзі прасоўвалі беларускі рэжым, а таксама займаліся легітымацыяй і падтрымкай рэпрэсіўнай палітыкі ўладаў у Мінску. Яны таксама нясуць адказнасць за палітычна матываваны прысуд Анджэю Пачобуту, вынесены па ілжывых абвінавачаннях», — гаворыцца ў заяве польскага ведамства.

Алесь Зарэмбюк — польскім СМІ: Лукашэнка разумее выключна мову сілы
Старшыня Фонду «Беларускі дом» Алесь Зарэмбюкпераконвае, што Аляксандр Лукашэнка разумее толькі мову сілы. У інтэрв’ю Трэцяй праграме Польскага радыё Алесь Зарэмбюк адзначыў, што хоць сам не з'яўляецца прыхільнікам санкцый, то калі беларускі рэжым арыштоўвае, катуе і затрымлівае кожны дзень дзясяткі людзей, санкцыі неабходныя:
— Санкцыі абавязкова павінны быць уведзеныя. Яны павінны быць настолькі жорсткімі, як санкцыі супраць Расіі, бо Лукашэнка дапамагае Расіі ў вайне супраць Украіны. Па гэтай справе неабходная згода і адзінства, паколькі Лукашэнка разумее выключна мову сілы. Ён застаецца пры ўладзе ўжо амаль 29 гадоў, і да гэтай пары іншыя спосабы на яго не паўплывалі, — перадае яго словы «П*льскае радыё».

Нагадаем, у канцы сакавіка Каміньскі сказаў, што «калі Андрэя Пачобута заўтра адпусцяць, то пераход у Баброўніках будзе адкрыты паслязаўтра».
А 26 траўня Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыю і пакінуў у сіле прысуд журналісту, сябру «Саюза палякаў Беларусі» Андрэю Пачобуту — 8 гадоў калоніі. Яшчэ ў лютым суд у Гродне прысудзіў журналіста і ўдзельніка Саюза палякаў Андрэя Пачобута да васьмі гадоў калоніі. Яго прызналі вінаватым у распальванні варожасці (частка 3 артыкула 130 КК) і закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацбяспецы (артыкул 361-3 КК). Пасяджэнне па справе прайшло ў закрытым рэжыме.
Паводле "Медыязоны", "П*льскага Радыё"