Жонка палітвязня: «Кожная перадача каштуе прыкладна 1200 рублёў»
Збіраць перадачы дапамагаюць сваякі і сябры. Жонка аднаго з палітвязняў, якога пакаралі за «ўдзел у масавых беспарадках», падрабязна расказала «Св*бодзе», што яна купляе для мужа ў калонію і колькі гэта каштуе.
Па стане на 26 траўня палітвязьнямі ў Беларусі прызналі 1516 чалавек. Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага габінэту Вольга Гарбунова заяўляе, што ў Беларусі больш за 5 тысяч палітвязьняў.
Кожны зь іх мае блізкіх людзей, якія гадамі возяць ім перадачы, езьдзяць на спатканьні. Пагутарылі на ўмовах ананімнасьці з жонкай аднаго палітзьняволенага пра выдаткі.
«У калёнію трэба купіць усё сваё — вопратку, абутак, пасьцельную бялізну»
Муж Вікторыі (імя зьмененае з мэтай бясьпекі. — Рэд.) адбывае пакараньне за «ўдзел у масавых беспарадках». Яго затрымалі ў жніўні 2020 году. Вікторыя адразу сутыкнулася зь вялікімі выдаткамі. Паводле яе, у 2020 годзе адвакаты бралі ў сярэднім 150-270 рублёў за адно наведваньне вязьня ў СІЗА ці адзін паход у суд. Такіх паходаў можа быць шмат.
У СІЗА можна перадаваць да 30 кіляграмаў на месяц. «Калі ён быў у СІЗА, адна перадача каштавала мне прыкладна 400 рублёў», — кажа жанчына.
Пасьля суду мужа адправілі ў калёнію. У Вікторыі стаяла задача купіць яму: спэцыяльную вопратку (чорную робу), абутак, пасьцельную бялізну, сродкі гігіены, спартовыя касьцюм і абутак.
«Так, у калёніі выдаюць і робу, і абутак, і пасьцельную бялізну. Але гэта ўсе вельмі нізкай якасьці і яно было раней у карыстаньні. Таму сваякі часта набываюць сваё — ці ў крамах спэцвопраткі, ці на заказ шыюць. Бо купіш чорную робу, у якой будзе лішняя кішэня, і яе ня прымуць», — тлумачыць Вікторыя.
«Перадаю ад 5 да 7 блёкаў цыгарэтаў, хоць мой муж ня курыць»
Муж Вікторыі адбывае пакараньне ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Ён мае права на чатыры перадачы на год па 50 кіляграмаў. Іх можна ці завезьці самой у калёнію, ці адправіць па пошце.
Вікторыя кажа, што яе заробак складае каля 800 рублёў. На 50-кіляграмовую перадачу яна выдаткоўвае каля 1200 рублёў. Гэта прадукты, сродкі гігіены, ніжняя бялізна, «вопратка па сэзоне».
Жанчына кажа, што ў калёніі кормяць ня надта добра, палітвязьні занятыя на цяжкай фізычнай працы, таму яна стараецца рабіць добрыя харчовыя перадачы. Тым больш што ў калёніі вязьні дзеляцца сваімі перадачамі адзін з адным.
Вікторыя купляе для перадачы:
- 10 кіляграмаў салёнага сала (150-180 рублёў).
- Некалькі вэнджаных каўбасаў і вэнджанае мяса; сырое мяса, зь якога Вікторыя робіць хатнія мясныя чыпсы (каля 200 рублёў).
- Сыр, па палове галоўкі розных гатункаў (каля 100 рублёў).
- Гарбата, кава, шмат відаў (каля 250 рублёў).
- Цыгарэты, 5-7 блёкаў (рублёў на 200).
- Кашы хуткага прыгатаваньня (каля 100 рублёў).
- Шакаляд, цукеркі, печыва, сушаная гародніна, арэхі (каля 150 рублёў).
- Мыла, шампунь, зубная паста, шчотка, майткі, футболкі, шкарпэткі, сродкі для мыцьця посуду, сшыткі, алоўкі, асадкі (каля 300 рублёў).
- Спэцыяльны абутак для калёніі (80 рублёў), бушлат на зіму (100 рублёў).
«Мой муж ня курыць, але цыгарэты там ідуць як валюта. Напрыклад, іх прымушаюць мыць прыбіральні, але асуджаным не рэкамэндуецца гэта рабіць, таму яны наймаюць «людзей зь нізкім сацыяльным статусам» і плацяць ім цыгарэтамі. Таксама цыгарэты можна абмяняць на што-небудзь патрэбнае», — тлумачыць Вікторыя.
«Да шасьці тысяч на год»
Большасьць палітвязьняў ставяць на «прафіляктычны ўлік», яны могуць «атаварвацца» толькі на 2 базавыя велічыні за месяц. Цяпер гэта 74 рублі. Гэтыя грошы сваякі кладуць ім штомесяц на рахунак.
«Яшчэ з выдаткаў бываюць кнігі, якія можна паслаць па пошце. І наручны гадзіньнік. Гэта важная рэч у калёніі. Бо гадзіньнік, бадай, адзіная рэч, якой вязьні могуць адрозьнівацца ў такой масе, калі ўсе ў аднолькавай вопратцы, аднолькавым абутку», — зазначае Вікторыя.
Апроч «рэжымнай», ёсьць рэчавая перадача. Вікторыя кажа, што, па ейных падліках, на ўтрыманьне мужа (улічваючы паездкі на спатканьні, рэжымныя і рэчавыя перадачы, грошы на рахунак) ёй трэба каля шасьці тысячаў на год.
«Бо яшчэ ж мы вязём шмат прадуктаў (яны не ўваходзяць у лік перадач) на спатканьні. Муж, ды і многія зьняволеныя, сумуюць па хатняй ежы, просяць дранікаў у першую чаргу. Таксама вязу фастфуд, сушы, іншыя такія звычайныя для волі стравы», — дадала Вікторыя.
«Фонды, пры ўсім іх жаданьні, ня могуць дапамагчы ўсім»
Вікторыя кажа, што фонды дапамагаюць блізкім палітвязьняў. Але зазначае, што ўсім дапамагчы ўва ўсіх патрэбах «проста немагчыма».
«Палітвязьняў у нас вельмі шмат. Іх тысячы. Таму я разумею, што ніякі фонд ня можа «закрыць» патрэбы сваякоў. Часта дапамога ад фондаў аднаразовая. І гэта кропля ў моры. Але мы ўдзячныя і за гэта. Зноў жа, ёсьць прапанова ад B*Sol адкрыць у іх збор. Але ж мы ў Беларусі, гэта небясьпечна. Можна адкрыць збор ананімна, безумоўна. Але ці будуць даваць людзі грошы на такі збор?» — кажа жанчына.
Яна працягвае, што зьбіраць перадачы ёй дапамагаюць сваякі і сябры. Нехта каву перадасьць, гарбату, печыва ці што іншае. «Я проста прашу людзей: калі побач з вамі ёсьць блізкія палітвязьняў, калі вы бачыце зборы на іх ці проста можаце глянуць сьпісы палітвязьняў на розных сайтах, не праходзьце міма, дапамажыце. Нам самім выцягнуць усё гэта вельмі цяжка», — кажа Вікторыя.