Святлана Ціханоўская: Я не ведаю, ці жывы мой муж

Ціханоўская выпусціла відэазварот наконт затрымання свайго мужа Сяргея Ціханоўскага тры гады таму.

Святлана Ціханоўская

Святлана Ціханоўская

У звароце яна расказвае, што марыць вярнуцца ў свабодную Беларусь — і бавіць час разам з мужам і дзецьмі. І дзякуе беларусам за падтрымку.
«Ведаеце, я заўсёды нашу з сабой тэчку з фатаграфіяй Сяргея. І калі прэзідэнты, палітыкі, дыпламаты бачаць яе, яны пытаюцца: як там ваш муж? Але я не ведаю, што ім адказваць. Я не ведаю, ці жывы ён. Бо ўжо амаль тры месяцы аб Сяргею няма ніякай інфармацыі. Яшчэ ў лютым прапагандысты пускалі чуткі ў сваіх каналах аб тым, што ён памёр у турме. І, вядома, бачачы такое, маё сэрца проста раздзіралася ад турботы за яго і яго жыццё. Зараз у турмах з палітвязнямі робяцца сапраўдныя жахі. Нядаўна праз праблемы з сэрцам памёр Мікалай Клімовіч. Уладзімір Гундар аглух у карцары, а Вікторыю Кульшу душыў наглядчык. Я чытаю жудасныя навіны кожны дзень. І таму кожны дзень я думаю пра Сяргея, думаю, як ён там», — сказала Ціханоўская.
Яна ўпэўнена, што ён кожны дзень думае аб сваёй сям'і.
«За нашу з ім трохгадовую разлуку я пабывала ў такой колькасці краін, якой раней нават не магла сабе ўявіць. Хаця насамрэч я мару вярнуцца дадому і жыць з Сяргеем і дзецьмі ў свабоднай Беларусі. Мы маглі б паехаць кудысьці разам — на Браслаўскія азёры ці Нарач, пабываць у Белавежскай пушчы, паплаваць у Прыпяці. Або проста паехаць з Сяргеем і дзецьмі на дачу. Смажыць шашлыкі, глядзець, як іграюць Агнія і Карней на дзіцячай пляцоўцы, якую мы самі, сваімі рукамі, пабудавалі. Бо менавіта так я магла б адпачыць душой побач з усёй сваёй сям'ёй», — кажа жонка Ціханоўскага.

Сяргей Ціханоўскі

Сяргей Ціханоўскі

Яна прызналася, што імкнецца трымаць сябе ў руках усе гэтыя тры гады. І шмат у чым у яе гэта атрымліваецца, бо ёсць беларусы, якія падтрымліваюць яе.
«Бо калі Сяргей патэлефанаваў мне з турмы, я сказала яму: я трымаюся дзякуючы беларусам. Так было тады — так ёсць і цяпер. Таму сёння я яшчэ раз хачу сказаць дзякуй усім вам. Тым, хто верыць і падтрымлівае Сяргея. Тым, хто верыць і падтрымлівае мяне. Тым, хто падтрымлівае саміх сябе, сваіх блізкіх ці нават незнаёмых людзей, якія аказаліся ў цяжкай сітуацыі. Пагадзіцеся, што падтрымка і клопат здольны саграваць сэрца нават у самыя цяжкія моманты. Таму я прашу вас берагчы адзін аднаго, часцей дапамагаць і дзякаваць адзін аднаму. І ні ў якім разе не даваць абставінам пазбавіць вас эмоцый і пачуццяў», — падагульніла Ціханоўская.
Хто такі Ціханоўскі?Сяргей Ціханоўскі — блогер, муж кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2020 года Святланы Ціханоўскай. Сяргей неаднаразова заяўляў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі, аднак перад самым пачаткам выбарчай кампаніі яго арыштавалі нібыта за арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства. Гэта перашкодзіла яму асабіста падаць дакументы ў Цэнтрвыбаркам. Па даверанасці гэта зрабіла яго жонка Святлана Ціханоўская, але ЦВК не зарэгістравала яе мужа ў якасці прэтэндэнта ў кандыдаты, бо папера не была ім падпісана асабіста. Тады дакументы на рэгістрацыю падала сама Святлана, і яе зарэгістравалі.
Вызваліўшыся пасля сутак, Сяргей Ціханоўскі стаў даверанай асобай сваёй жонкі і актыўна ўключыўся ў кампанію па зборы подпісаў у яе падтрымку. Аднак ужо 29 траўня 2020-га ён быў затрыманы ў Гродне падчас чарговага пікету па зборы подпісаў. На пікеце з'явіліся жанчыны, якія задавалі Сяргею Ціханоўскаму правакацыйныя пытанні і хапалі яго за адзенне. Затым падышлі міліцыянеры, але прысутныя не падпускалі іх да блогера. У нейкі момант адзін з міліцыянтаў упаў на зямлю. Пасля чаго супрацоўнікі АМАП брутальна затрымалі Сяргея Ціханоўскага і некаторых яго паплечнікаў. З таго часу Ціханоўскі знаходзіцца ў зняволенні.


24 чэрвеня 2021 года пачаўся суд, які праходзіў у закрытым рэжыме. Працэс заняў амаль паўгода. Прыгавор фігурантам вынеслі 14 снежня, Ціханоўскага прыгаварылі да 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па ч.1 арт. 293 («Арганізацыя масавых беспарадкаў»), ч.3 арт. 130 («Распальванне сацыяльнай варожасці»), ч.2 арт. 191 (»Перашкода працы ЦВК»), ч.1 арт. 342 («Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).
18 лютага гэтага года Сяргея Ціханоўскага судзілі ізноў. Яго абвінавацілі ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы. Яму прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 1 год 6 месяцаў. Па сукупнасці прыгавораў яму вызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 15 гадоў 9 месяцаў 5 дзён з адбываннем 2 гадоў 5 месяцаў 18 дзён у турме, а астатняга тэрміну — у папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.
Сваёй віны Сяргей Ціханоўскі не прызнаў.