Першы затрыманы па «справе Ціханоўскага» распавёў пра акалічнасці справы і зняволенне

Праваабаронцы здолелі паразмаўляць з Вяргіліем Ушаком пасля яго вызвалення.

Фота: праваабаронцы

Фота: праваабаронцы

Вяргілійздымаў на відэа пікет, які вёў кіраўнік ініцыятыўнай групы тады кандыдаткі ў прэзідэнты, Святланы Ціханоўскай, блогер youtube-канала «Краіна для жыцця» Сяргей Ціханоўскі. Як распавёў Вяргілій, гэта быў яго дэбют і па відэаздымцы, і па затрыманні, і па арышце.

«У першыя хвіліны затрымання я думаў аб тым, як жа мне пашанцавала з месцам у бусе»

«На пікеце мяне затрымліваў адзін супрацоўнік АМАПа. Я адразу сказаў яму, што іду, таму што я раней бачыў на відэа, як АМАП можа жорстка затрымліваць людзей. Мяне першага пасадзілі ў мікрааўтобус, а потым ужо пачалі закідваць астатніх. У гэтым аўтобусе, бачыўшы, як затрымліваюць і абыходзяцца з астатнімі, я адразу ж падумаў, што добра, што мяне пасадзілі першым за сядзеннем кіроўцы. Як бы смешна гэта не гучала, але ў першыя хвіліны затрымання я думаў аб тым, як жа мне пашанцавала з месцам у бусе. Са мной у мікрааўтобусе ехалі яшчэ двое затрыманых на пікеце, я нават не ведаю іх. Адзінае, што запомніў, гэта тое, што ў аднаго хлопца быў толькі адзін чаравік і белыя шкарпэткі. Мабыць, зляцеў пры затрыманні.
Калі нас прывезлі ў РУУС у Гродне, то адразу канфіскавалі ўсе рэчы. На металашукальніку запішчалі мае боты. Супрацоўнікі АМАПа пачалі ламаць іх. Я абурыўся, бо на той момант гэта быў мой адзіны нармальны абутак. Тады амапавец прапанаваў мне быць басанож, а боты проста забраць. Так да пяці раніцы ўсе следчыя дзеянні я праходзіў у адных шкарпэтках. У памяшканнях была вельмі халодная кафля, я потым захварэў.
У Гродне следчыя абыходзіліся вельмі ветліва. Але я першапачаткова не разумеў, што наогул адбываецца. Было адчуванне, што вось нешта напісалі, і ўсе чакалі нейкага загаду. Потым я ўжо даведаўся з «Камсамольскай праўды», хто даў сігнал і што было не так.

«Я ўспрымаў усё не так смела»

Пасля агляду нас ужо даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання ў Гродне. Мяне перавозілі ў «стакане» аўтазака. Калі нас везлі, я чуў, як жартавалі іншыя затрыманыя. Відаць было, што астатнія былі эмацыйна падкаваны мацней. Я ж успрымаў усё гэта не так смела.
Па прыездзе ў ІЧУ мяне адмаўляліся прымаць, бо ў мяне аказалася тэмпература 38 градусаў. Правяраючы ў ізалятары сказаў, што прымаць мяне не будзе, хай хуткая прыязджае. Чалавек у касцюме, які мяне прывёз, сказаў, што яму няма калі. Пасля такіх арэляў усё ж такі мяне прынялі ў ізалятар. Але потым гэты чалавек, які прывёз мяне, убачыў, што ў дакументах не хапае маіх подпісаў. Але я сказаў, што падпішу толькі пасля таго, як дадуць патэлефанаваць маёй нявесце Надзеі. Той пагадзіўся, дастаў тэлефон з маіх рэчаў. І як толькі ўключылі, убачылі адразу Надзін уваходны выклік. У той момант я зразумеў, што ўжо баішся за ўсё, ты не можаш нават націснуць зялёную кнопку на тэлефоне, крыкнуць нешта. Дарэчы, потым я даведаўся, што Надзі так ніхто і не патэлефанаваў, хоць і абяцалі, з ёй звязаліся толькі праз пару дзён. Да гэтага ніхто не ведаў, дзе я.

uszak4.jpg

У Мінск нас перавезлі толькі ў абед наступнага дня. На мікрааўтобусе мяне перавозілі з яшчэ адным хлопцам, якога я не ведаю. Гэты хлопец спакойна ўсё пераносіў. З намі былі яшчэ тры чалавекі ў цывільным. Нам не казалі, куды нас вязуць, забаранілі размаўляць. Мы былі ў кайданках увесь шлях з Гродна ў Мінск, праз нейкі час здымалі, але потым зноў надзявалі. Я ўсё думаў, што нас павінны адпусціць, таму што я чуў фразу «праз гадзіну па адным». Самае страшнае было, калі збочвалі з трасы ў лес. Вельмі змрочныя думкі былі».

«Я адразу ж аб'явіў галадоўку ў знак пратэсту»

У ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна Вяргілій Ушак прабыў некалькі дзён. Там ён трымаў галадоўку.
«Калі нас прывезлі ў ІЧУ ў Мінск, я чуў, як Сяргей Ціханоўскі казаў там "Стоп таракан!" Гэта падбадзёрвала. Мы чамусьці доўга чакалі ў аўтобусе нашага засялення.
У ІЧУ на Акрэсціна ў камерах я быў адзін. Я адразу ж аб'явіў галадоўку ў знак пратэсту. Мяне перапаўняла злосць ад таго, што адбываецца. Акрамя таго, я ўспомніў, як у сваіх роліках Сяргей Ціханоўскі казаў, што ежа ў месцах зняволення вельмі дарагая, і я не хацеў плаціць за яе. Заяву на адмову ад ежы доўга не прымалі, узялі толькі на другі дзень. На ІЧУ я яшчэ галадаць не ўмеў, таму я адразу і не еў, і не піў. Але мне ўсё роўна прыносілі ежу і ставілі, каб яна пахла. Лекар, які раніцай прыходзіў на агляд, мацаў мяне і казаў супрацоўнікам ІЧУ: "Яшчэ працягне".

uszak1.jpg

Пра тое, што мяне пераводзяць у следчы ізалятар на «Валадарку», мяне ніхто загадзя не папярэдзіў. Перад так званым этапам супрацоўнік АМАПа мяне звадзіў у душ. Я хутка памыўся, пасціраўся. Амапавец вельмі здзівіўся маёй хуткасці. Я заўсёды быў у сваім паліто, на яго было шмат рэакцый там. Нават гэты амапавец пасля душа сказаў мне: "Інтэлігенцыя, як ты, такі божы дзьмухавец, апынуўся тут?"

«Я ехаў у ізалятар у гэтым «стакане» з паўспушчанымі штанамі, напаўголы»

Пра тое, што мяне пераводзяць, я даведаўся па факце. За гэтыя дні галадоўкі я вельмі схуднеў, у мяне спадалі штаны. Мяне перавозілі ў кайданках, якія былі вельмі моцна зацягнуты на правай руцэ, так, што я нават штаноў не мог падцягнуць. Перавозілі на «Валадарку» нас у «стаканах» аўтазака, але і там я быў у кайданках. У дадатак да ўсяго тады было вельмі холадна. І як на зло ў душы перад выездам я пасціраў ніжнюю бялізну. І памятаю, як я ехаў у ізалятар у гэтым «стакане» з паўспушчанымі штанамі, напаўголы. На мае просьбы аслабіць мне кайданкі канвой адмаўляў мне, спасылаючыся на адсутнасць ключа. На «Валадарцы» чалавек, які прымаў, паглядзеўшы на мяне, спытаў у канвоя: "Што гэта?" На даглядзе ў даўрачэбным кабінеце ўсе перашэптваліся і смяяліся з мяне.

«Парашкі ад прастуды проста не распускаліся ў вадзе»

На «Валадарцы» я адразу патрапіў у «бальнічку» з тэмпературай. І, як я ведаў, усе камеры былі запоўнены. Як мяне прывезлі ў ІЧУ на Акрэсціна з тэмпературай, так нічога і не змянілася. У ІЧУ я засынаў на некаторы час у дрыжыках. Такі я прыехаў на «Валадарку». «Бальнічка» — гэта вялікая прасторная камера з 12 ложкамі. Акрамя мяне, там ляжаў яшчэ адзін чалавек. Мне мералі тэмпературу і выдавалі парашкі ад прастуды. Але там была толькі халодная вада, а ў мяне яшчэ не было кіпяцільніка. Таму гэтыя парашкі проста не распускаліся ў вадзе.
У «бальнічцы» я таксама напісаў заяву на галадоўку, у якой пазначыў, што адмаўляюся ад харчавання і па якой прычыне. Калі я абвясціў новую галадоўку ў знак пратэсту, мяне адразу перавялі ў звычайную камеру. Але я ўжо ведаў, што ваду піць можна, толькі нельга дадаваць туды цукру. Мяне выклікалі да псіхолага, каб пагаварыць аб матывах майго ўчынку. Калі я ёй тлумачыў, што гэта ў знак пратэсту супраць незаконнага затрымання, то яна толькі адказала: "Выбар твой, але гэта не дапаможа". Ва ўсіх была задача адгаварыць мяне ад галадоўкі. Пры засяленні ў камеру выхавальнік прывёў мяне і кажа: "Вось гарбату пі з цукрам". Калі я сказаў, што пры галадоўцы нельга, бо пакажа глюкозу, ён здзівіўся, што "мяне ўжо навучылі". У камеры я трымаў галадоўку дзесьці тры дні, але яна была дарэмная».

uszak3.jpg

Вяргілій Ушак распавядае, што шмат нязручнасцей прынесла яму менавіта няведанне сваіх правоў, прывёўшы ў прыклад гісторыю пра прагулкі.
«Я не ведаў, прагулкі — гэта маё права або абавязак. Ці магу я ад іх адмовіцца — адразу таксама не ведаў. Наогул, як высветлілася, проста так адмовіцца ад гэтых двухгадзінных прагулак нельга. Ці ідзе на шпацыр уся камера, ці не ідзе ніхто. Але можна ўзяць даведку аб вызваленні ад прагулак, каб не падстаўляць усю камеру. У мяне была такая даведка, таму што я алергік. Але наогул было шмат праблем менавіта праз няведанне сваіх правоў».

«Самая каштоўная рэч у камеры — гэта берушы»

Вяргілій Ушак распавядае, што сукамернікі ставіліся да яго адэкватна, ніхто не спрабаваў падбухторваць іх супраць яго і падзяліць камеру на «палітычных» і «звычайных».
«У камеры нас было 12 чалавек: і тыя, хто ўжо даўно атрымалі паводле прысудаў тэрміны, і тыя, у дачыненні да каго вядзецца следства. У нас у камеры быў тэлевізар — «3% TV». Але пры гэтым самай каштоўнай рэччу ў камеры ў мяне былі берушы. Яны перадаюцца праз медыцынскія пасылкі па панядзелках. Я толькі некалькі разоў клаўся спаць без беруш, калі ў Мінску былі акцыі салідарнасці і сігналілі машыны. Я чуў гэтую падтрымку, але сукамернікі мяне не зразумелі.
Да 17 ліпеня ў нас быў так званы каранцін. Гэта быў самы лёгкі перыяд там. Было менш праверак, чым звычайна, а палільшчыкі палілі на акне. Усе супрацоўнікі былі ў пластыкавых шчытках. І на допыты да следчага нас вадзілі ў гэтых ахоўных шчытках. Але ў саміх камерах як такіх мер па супрацьдзеянні COVID-19 не прадпрымалася.

«Святар, які прыходзіць у ізалятар, усіх «здае»

Апошнія мае заявы на святара і стаматолага проста праігнаравалі. Раней на ўсе заявы, нават на якія не прадугледжваўся адказ, мне адказвалі. Я пісаў заяву на святара яшчэ 5 ліпеня. Пра такую магчымасць мне распавялі сукамернікі, якія па паўтара года ўжо там сядзяць. Таму мне было цікава скарыстацца такой магчымасцю. Праўда, як мне распавялі сукамернікі, святар, які прыходзіць у ізалятар, усіх «здае».

«У любы момант мяне могуць забраць на Акрэсціна адбываць «суткі»

2 ліпеня ў Гродне па Skype Вяргілія Ушака асудзілі на сем сутак адміністрацыйнага арышту за інцыдэнт 29 траўня на пікеце па двух артыкулах КаАП: 17.1 («Дробнае хуліганства») і 23.4 («Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў»).
«Той судовы пратакол, які мне потым давалі для азнаямлення, мала падобны на тое, што на самой справе адбывалася на судовым працэсе. Усе мае паказанні былі перакручаны. Напрыклад, калі запытваліся, у колькі я пачаў здымаць відэа, я адказваў, што не ведаю, але дзесьці каля шасці. А потым чытаю ў пратаколе, што я нібыта сказаў, што прыйшоў на плошчу ў 18:00. Я думаю, што наогул гэты працэс трэба быў, каб абцяжарыць крымінальную справу супраць мяне. Я падаў скаргу на гэту пастанову суда, але безвынікова. Майму адвакату было адмоўлена ў каля дзясятка хадайніцтваў. Суддзя адмаўляла ў іх задавальненні, нават не даслухаўшы іх».

uszak5.jpg

Следчы — пра статус палітвязня

Вяргілій Ушак, як і яшчэ шэсць затрыманых на пікеце 29 траўня ў Гародні, быў прызнаны 9 чэрвеня праваабарончай супольнасцю Беларусі палітычным зняволеным. Пазней ён таксама быў прызнаны міжнароднай праваабарончай арганізацыяй «Amnesty International» вязнем сумлення. Вяргілій распавёў, як ён даведаўся пра гэта.

«Пра тое, што мяне прызналі вязнем сумлення, я даведаўся толькі пасля вызвалення.

Пра статус палітвязня я даведаўся на «Валадарцы» дзесьці ў канцы чэрвеня. У газеце «Новы Час», якую выпісалі мне, я прачытаў пра палітычных зняволеных.

На допыце я спытаў у следчага, ці прызналі мяне палітвязнем, ён сказаў, што так. Потым адбыўся цікавы дыялог з ім з гэтай нагоды:
— А што дае статус палітвязня?
— Я не ведаю, — кажа следчы.
—  А кім палітвязні прызнаюцца?
— Праваабаронцамі.
— А хто гэта?
— Ну вось ты праваабаронца».

«Калі прыходзіла шмат лістоў, гэта надавала важнасці»

Вяргілій Ушак распавёў, што ён адчуваў пастаянную падтрымку праз лісты і паштоўкі, якія дасылалі яму людзі.
«Наогул за ўвесь час я атрымаў больш за сотню паштовак і лістоў. Доўгі час мне нічога не прыходзіла. Я думаю, што адразу на іх быў пастаўлены «блок». Там адбываецца вельмі вялікая затрымка лістоў: калі сукамернікам прыходзяць лісты, адпраўленыя 3-4 дні таму, то мне — мінімум два тыдні таму.
Калі я вызваляўся, то папрасіў, каб схадзілі і паглядзелі, ці не прыйшлі мне яшчэ лісты. У камеры казалі, што няма, але тут прынеслі яшчэ цэлы пакет. Але я не паспеў іх прачытаць.
Шмат было цікавых паштовак і лістоў. Напрыклад, вельмі творчыя паштоўкі прыходзілі ад Дар'і Рублеўскай. Многія малюнкі мяне натхнялі там. Я стараўся адказваць на лісты. Праўда, шмат прыходзіла без зваротных адрасоў. Калі мне пісалі на беларускай мове, то і я стараўся адказваць таксама на беларускай. Аднойчы нават на англійскай атрымаў паштоўку. Я напісаў адказ, праўда, з кучай памылак, хоць кажуць, што цэнзары не прапускаюць на іншай мове лісты з СІЗА.
Запомніўся ліст ад 14-гадовай дзяўчынкі. Яна напісала: "Так, мне 14 гадоў, магчыма, вам будзе смешна...". І мяне сапраўды гэта насмяшыла і павесяліла. Прыходзілі незразумелыя паштоўкі, калі нібы цябе падтрымліваюць, а нібы і не. Напрыклад, на паштоўцы намаляваны каласкі з сэрцайкамі, а з другога боку подпіс "Выпадковасці не выпадковыя" — я не ведаў, як гэта разумець. Цікава, што мне аднойчы прыйшоў ліст з падрабязным апісаннем затрымання людзей каля крамы Symbal.by.
Калі мне прыходзіла шмат лістоў, то гэта надавала важнасці нейкай ці што. Прыходзіць супрацоўнік у камеру і пачынае: "Гэта яму ліст, і гэта, і гэта, і гэта". Сукамернікі злаваліся, што цэнзары заняты праверкай толькі нашых лістоў. Апошні раз мне прынеслі адразу стос з 37 лістоў.
Наогул, я пастаянна адчуваў там падтрымку. Надзя старалася мне перадаваць перадачы ледзь не кожны дзень. Прыходзілі лісты, перадачы ад іншых людзей. Потым яшчэ выпісалі мне газету «Новы Час». Сукамернікі, былыя пракуроры, вельмі дзівіліся, што такую газету прапусцілі да нас. Там было тое, чаго не паказваюць па «3% TV».

«На «Валадарцы» засталося літаральна некалькі чалавек, якіх затрымалі тады разам са мной»

«Цяпер я планую падтрымліваць у сілу сваіх магчымасцей тых, хто застаўся на «Валадарцы». Я чалавек больш справы, чым слова. Я адразу ж даведаўся, ці магу я перадаваць перадачы тым, каго затрымалі разам са мной 29 траўня ў Гродне. Мне сказалі, што магу, вядома. Сёння [1 жніўня — заўв. рэд.] перадалі з Надзяй перадачы Арцёму Сакаву і Аляксандру Арановічу. Хацелі перадаць яшчэ Уладзіміру Кнігу, але даведаліся, што 28 ліпеня яго перавезлі ў жодзінскае СІЗА. На «Валадарцы»мзасталося літаральна некалькі чалавек, якіх затрымалі тады разам са мной. Таму хочацца падтрымаць тых, хто там застаўся».