Польшча спыняе праезд праз мяжу зарэгістраваных у Беларусі і Расіі фур

Беларусь сёння, 26 траўня, пакінула без змянення прысуд Андрэю Пачобуту. А Польшча закрыла праезд для ўсіх расійскіх і беларускіх фур.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы мае намер спыніць рух праз польска-беларускую мяжу зарэгістраваных у Беларусі і Расіі фур з таварамі. Праект распараджэння ўрада размясціў цэнтр урадавага заканадаўства, піша «Люстэрка».

Тлумачыцца гэтаямера пытаннямі «забеспячэння грамадскай бяспекі».

«Прыпыняецца да асаблівага распараджэння грузавы рух праз мяжу з Рэспублікай Беларусь для грузавых аўтамабіляў, цягачоў, прычэпаў, у тым ліку паўпрычэпаў і аўтацягнікоў, зарэгістраваных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь або Расійскай Федэрацыі», — пазначана ў тэксце дакумента.

У дакуменце гаворыцца, што ён уступіць у сілу праз суткі пасля афіцыйнай публікацыі. Пакуль жа, у адпаведнасці з данымі ўрадавага заканадаўчага цэнтра, гэту пастанову яшчэ не падпісаў міністр унутраных спраў і адміністрацыі.

Адзначым, што чарговае абмежаванне з боку Польшчы наўрад ці нешта кардынальна зменіць для беларускіх грузаперавозчыкаў. Еўрасаюз забараніў аўтамабільныя грузаперавозкі, уключаючы транзітныя, для беларускіх і расійскіх кампаній.

Беларускія фуры праязджаць у ЕС пасля гэтай забароны маглі па спецыяльных пропусках. Іх маглі атрымаць, да прыкладу, фармацэўтычныя, медыцынскія, сельскагаспадарчыя кампаніі. Усім астатнім грузавікам з Беларусі і Расіі ўезд у Еўропу забаранілі яшчэ 9 красавіка мінулага года.


Адметна, што рашэнне ў Польшчы прынялі ў той дзень, калі Вярхоўны суд Беларусі пакінуў без задавальнення апеляцыю журналіста міжнароднага канала грамадскага тэлебачання Польшчы «Polonia», актывіста Саюза палякаў Беларусі Андрэя Пачобута, асуджанага да васьмі гадоў калоніі. Суддзя Ігар Любавіцкі пакінуў скаргу Пачобута на прысуд без задавальнення. Палітвязня хутка перавядуць у калонію.

Нагадаем, Пачобута абвінавацілі паводле артыкула 361 Крымінальнага кодэкса («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь») і артыкула 130 КК («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці»). Працэс у Гродзенскім абласным судзе праходзіў у закрытым рэжыме. Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Бубенчык і ў лютым прысудзіў журналісту-палітвязню 8 гадоў калоніі.

У адказ на прысуд вядомаму журналісту і актывісту Саюза палякаў Беларусі Варшава закрыла аўтамабільны пераход «Баброўнікі» (на беларускім баку КПП «Бераставіца»). Такое рашэнне прыняў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы 10 лютага.

Два месяцы таму стала вядома, што міністр унутраных спраў Польшчы заявіў: адкрыццё памежнага перахода «Баброўнікі — Бераставіца» залежыць ад таго, ці вызваляць беларускія ўлады журналіста Андрэя Пачобута.

Паводле «Люстэрка», праваабаронцаў