Палітзняволеная Марыя Несцерава цалкам адбыла пакаранне і выйшла на волю

Яе вызвалілі з гомельскай жаночай калоніі №4.

Марыя Несцерава. Фота з сацсетак

Марыя Несцерава. Фота з сацсетак


Марыя Несцерава скончыла факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Потым амаль усё жыццё працавала дзяржаўнай служачай: каля васьмі гадоў прапрацавала ў Мінскай рэгіянальнай і цэнтральнай мытні старэйшай інспектаркай. Звольнілася з мытні каля дзесяці гадоў да 2020 года.

У 2020 годзе Марыя была незалежнай назіральніцай на выбарчым участку №4 у СШ №183 у Мінску. Менавіта ў гэтай школе яна сама і вучылася на працягу 11 класаў — выпусцілася ў 1983 годзе. Па гэтым участку ў платформу «Голас» паведамілі аб сваім выбарчым волевыяўленні 524 чалавекі, з іх — 406 галасоў за Святлану Ціханоўскую, за Аляксандра Лукашэнку — 0. У тэлеграм-канале «Вячэрняя Сцяпянка» пра затрыманне Марыі паведамлялася менавіта як пра пераслед незалежнай назіральніцы.

Марыю Несцераву затрымалі 23 кастрычніка 2020 года каля пад'езда свайго дома. На судзе Несцерава заявіла, што падчас затрымання сілавікі яе збілі, вынікам чаго стала ЧМТ.

Тры дні яе трымалі ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна, а 26 кастрычніка яна была пераведзеная ў СІЗА №1, дзе прад'явілі абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — удзел у масавых беспарадках.


Але ў выніку асудзілі па ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага Кодэкса РБ, прызнаўшы вінаватай «у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Усё — за тэлеграм-каналы і чаты, у якіх яна ўдзельнічала. Перапіскі з іх ляглі ў аснову 47-старонкавага абвінавачання. Прысуд у тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму вынесла 4 чэрвеня 2021 года суддзя суда Заводскага раёна горада Мінска Алена Капцэвіч. У тэрмін зняволення Марыі Несцеравай залічылі тэрмін яе ўтрымання пад вартай — з 24 кастрычніка 2020 года.

5 лістапада 2020 года беларускія праваабаронцы прызналі Марыю Несцераву палітычнай зняволенай.